Імя ветэрана з Быцені Паўла Гарбеліка і яго ваенны шлях упісаныя ў кнігу Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!»
Так, 8 ліпеня ў гісторыка-краязнаўчым музеі ДУА «Быценская СШ» адбылася незвычайная сустрэча вялікай сям’і Гарбелік з кіраўніком музея Алай Аляксандраўнай Мархель і школьнікамі – юнымі экскурсаводамі. Дзеці ветэрана, Мікалай Паўлавіч і Таццяна Паўлаўна, дарослыя ўнукі Алена Мікалаеўна і Кацярына Паўлаўна, а яшчэ праўнучка-студэнтка Лізавета ў той дзень перадалі ў фонд музея каштоўныя экспанаты: кнігу «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!», а яшчэ копіі ўзнагародных дакументаў таты і дзеда-ветэрана.
Школьны музей пачаў дзейнічаць у 1985 годзе дзякуючы мясцовым педагогам-энтузіястам і сапраўдным патрыётам, і ў 13 экспазіцыях тут захоўваецца на сёння 345 найменняў экспанатаў. У мінулую пятніцу фонд павялічыўся яшчэ на два найменні.
– Дзядулі не стала, калі мне было ўсяго пяць гадоў, пачала размову за круглым сталом унучка Алена Грынчык. – Я ведала, што ён ваяваў, быў у партызанах, а пасля ў 1944-м сам вызваўся на фронт… і ўсё, больш ніякай інфармацыі мы не мелі. Штуршком для ўсіх нас стаў выпадак. Гадоў сем таму мая цётка Таццяна Паўлаўна ўпершыню прыняла ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Бессмяротны полк» і прайшлася ў калоне з партрэтам дзеда. У той Дзень Перамогі ўсёй сям’ёй мы сабраліся ў радавым
гняздзе і ў размове задаліся пытаннямі наконт баявога шляху дзеда. Тады мы ўпершыню адкрылі і разгледзелі бацькоўскі скураны партфель з дакументамі і старымі фота. Нешта нам расказалі нашы мясцовыя быценскія гісторыкі. Нам захацелася неяк увекавечыць памяць пра яго.
І тут размову падхапіла дачка Таццяна Паўлаўна. Яшчэ ў 2020 годзе па цэнтральным тэлебачанні яна ўбачыла рэкламу праекта, прымеркаванага да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Творчая група Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі збірала матэрыялы ўжо для другой кнігі пад назвай «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!». Па сутнасці, гэта зборнік кароткіх эсэ пра беларусаў, якія набліжалі Перамогу. Таццяна Паўлаўна пазваніла дачцэ Кацярыне ў Мінск са словамі: мы проста павінны скарыстацца магчымасцю і напісаць пра нашага дзеда. На сямейным савеце было вырашана, што родныя ў Быцені збяруць неабходныя матэрыялы, а Кацярына напіша эсэ і будзе трымаць сувязь з аўтарамі. Прайшло паўтара гады ад моманту першага званка ў рэдакцыю да дня выхаду кнігі. Гэта быў час пошуку інфармацыі і напісання, скарачэння і перапісвання, узгаднення фота… Дарэчы, за дапамогу сям’я дзякуе земляку Анатолю Курлені, а таксама Дзмітрыю Кіенку, кіраўніку навукова-даследчага атрада «Рубан». І вось 30 мая бягучага года кніга ўбачыла свет, на 455 старонках – дзясяткі эсэ і гісторый, вартых увагі, на 208-209 старонках баявы шлях нашага Паўла Паўлавіча Гарбеліка.
Там запіс ад імя ўнучкі Кацярыны Гарбелік. Павел Паўлавіч нарадзіўся ў 1926 годзе і ўсё сваё жыццё пражыў у роднай Быцені. Ён скончыў да вайны 5 класаў школы і рана страціў маці. Аднак галоўны іспыт быў яшчэ наперадзе – у верасні 1943-га ён разам з бацькам і братам пайшоў у партызаны. Да чэрвеня 1944 года быў радавым байцом у партызанскім атрадзе, а пасля вызваўся на фронт. І ўжо ў лістападзе змагаўся з ворагам у якасці сапёра пры 65-м асобным мотаінжынерным батальёне 84-й брыгады. У сямейным архіве, які зараз захоўвае дачка Таццяна Паўлаўна, ёсць значныя ўзнагароды. Медаль «Партызану Вялікай Айчыннай вайны II ступені», адразу два медалі «За адвагу», медалі за «За ўзяцце Кёнігсберга» і «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.».
Ён не гаварыў пра вайну, мо таму дзеці і ўнукі так мала ведалі пра гераічны баявы шлях Паўла Паўлавіча. А медаль «За адвагу» атрымаў за размініраванне 12 мін на полі, каб даць ход нашай тэхніцы, але быў паранены. Амаль сляпым ён правёў на чыстым полі сем нашых танкаў. Яму, як і многім, у спадчыну дасталіся асколкі пасля ранення, якія дзеці – Коля і Таня – доўга намацвалі на целе ў таты. А перад боем пад Кёнігсбергам ён ледзьве сабраўся з думкамі, каб пайсці ў наступленне і не спасаваць, калі перад вачыма – тысячы памерлых.
Гэта толькі некалькі фактаў, якія трэба ведаць пра Паўла Гарбеліка, каб зразумець, які гэта быў чалавек. Яго не стала рана (у 51 год), але памяць пра мужа берагла жонка, бабуля вялікай сям’і Лідзія Міхайлаўна. Яна захавала ўсе дакументы, яна збірала сям’ю пад сваім дахам, яднала яе… Відаць, жанчына ўсё рабіла правільна, раз праз гады ў дзяцей, унукаў і праўнукаў прачнулася жаданне даведацца самім і перадаць іншым звесткі пра дзядулю-героя. Кніга «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!» выйшла ў свет 30 мая, у дату смерці Паўла Паўлавіча. І ў гэтым нашчадкі ўбачылі сімвалізм, значыць, яны ўсё зрабілі правільна…
Праект Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі працягваецца. Будуць яшчэ кнігі, і нашы героі шчыра раяць усім, хто мае жаданне, далучыцца да яго. Гісторыя кожнага ветэрана вартая аказацца на друкаваных старонках такога грунтоўнага выдання.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ,
фота Валерыя МІСКЕВІЧА.