x
Close
Главная новость Новости Общество

Тамара Фядорчык з Любішчыц вырасціла каля паўсотні гарбузоў, ёсць прыгажуны і пад 40 кг вагой

Тамара Фядорчык з Любішчыц вырасціла каля паўсотні гарбузоў, ёсць прыгажуны і пад 40 кг вагой
  • Опубликовано:9 сентября, 2022

Усхваляваная гаспадыня патэлефанавала ў рэдакцыю: «Як бы мне прыстроіць кармавыя гарбузы, аддам проста так, толькі каб не прапалі!» У размове высветлілася, што пенсіянерка сёлета ўжо сабрала добры ўраджай чырвонай цыбулі, памідораў, агуркоў, а нядаўна выкапала бульбу – любімыя гатункі «Скарб» і «Уладар» парадавалі, і сям’я будзе сытай увесь год.

Нешта быццам падказала аўтару радкоў, што на тым канцы проваду – выдатны чалавек і гаспадыня з душой. Калі пад’ехалі да дома па вул. Кавалевіча – ахнулі. Двор патанае ў петуніях, гартэнзіях, хостах, а колькі тут туй і іншых раслін і кветак. Вельмі дзейсны Стралец па гараскопе прызналася: з зямлёй трэба размаўляць, трэба яе любіць, тады ўсё і ўродзіць.

– Ніякага іншага сакрэту няма: насенне я заўсёды збіраю сваё, добра паліваю агарод і сачу за парадкам, працую на градках з пяці гадзін раніцы, калі вёска яшчэ спіць, – кажа Тамара Мікалаеўна.

– Мае 25 сотак, дзякуй Богу, кормяць нас з дачкой, яшчэ і сям’ю малодшай дачкі частую нарыхтоўкамі. Сёлета ў мяне слабая капуста, усё астатняе – урадзіла. Некалькі сотак засадзіла кармавымі гарбузамі, ратавалася так ад пустазелля. А яны вунь нараслі якія валуны. Нешта скармлю сваім курам, яшчэ пару гарбузоў забраў зяць. З радасцю падзялюся ўраджаем з добрымі людзьмі.
Так, калі вам патрэбныя кармавыя гарбузы, тэлефануйце, калі ласка, у рэдакцыю па тэл. 6-60-14, а мы падзелімся кантактамі нашай добрай гаспадыні.

Дарэчы, Тамара Мікалаеўна прызналася, гадоў з дзесяць таму да яе ўжо наведваліся журналісты з раёнкі, тады яна адна з першых у раёне вырасціла на ўчастку смачныя чырвоныя кавуны. У гэтым годзе абышліся без іх, бо па народных прыкметах лета павінна было быць прахалодным, і гаспадыня вырашыла не рызыкаваць.

Мы завіталі ў госці да жанчыны з няпростым лёсам, але з вялікай любоўю да жыцця. Больш за 40 гадоў Тамара Фядорчык працавала памочнікам выхавальніка ў Любішчыцкім дзіцячым садку, з асаблівым трапятаннем яна ўспамінала, якімі вялікімі калісь былі групы – пад 30 чалавек. Сотням дзяцей яна падарыла любоў, а зараз усю сваю ўвагу і клопат Тамара Мікалаеўна накіроўвае дачцэ-інваліду. Разам яны даглядаюць вялікі агарод і сваіх курачак. Таму летам і ў магазін ходзяць зрэдку: яечня, дранікі, сала, салата з памідораў і агуркоў – такія простыя і адначасова смачныя стравы заўсёды на стале ў вясковых жанчын.

Маёй суразмоўцы 64 гады, ёсць унукі, а бабуляй яе называць ніяк не хочацца. Яна добра выглядае, і бадзёрасці жанчыне не займаць. А зямля яе любіць, і склеп заўсёды поўны ўраджаю яшчэ і таму, што ў гаспадыні ёсць шчырае жаданне падзяліцца лішнім, аддаць у добрыя рукі тое, што даецца ёй так няпроста. Тэлефануйце, калі вам патрэбныя гарбузы ад Тамары Фядорчык!

Наталля ГЕРБЕДЗЬ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.