Больш за трыццаць гадоў мінула з таго часу, як у біяграфіі ўраджэнца вёскі Манцюты, а цяпер жыхара райцэнтра Сяргея Віктаравіча Страковіча асобным радком з’явілася афганская старонка. Памяць не-не ды гартае яе ў галаве мужчыны, бо такое не забываецца ніколі, асабліва калі ты адчуў цяжар вайны «зялёным» васямнаццацігадовым юнаком, які яшчэ не спазнаў смак і сэнс жыцця.

На вайну ў Афганістан трапіў у 18 гадоў. Прызвалі ў армію ў 1987 годзе, спачатку быў паўгода ў вучэбцы пад Ташкентам, у горадзе Чырчык, у лістападзе 1987 года трапіў у Афганістан, дзе паўгода прымаў удзел у ваенных дзеяннях і ў вывадзе войскаў з Афганістана, пасля яшчэ год служыў у Казахстане.

«Канешне, было жудасна, але мне, такому маладому хлопцу, спачатку было нават цікава – новая краіна, мясцовасць, ды і ў дэсантных войсках мне падабалася служыць, – успамінае Сяргей Страковіч. – У Афганістане мы хадзілі па гарах, рабілі засады ў цяснінах, закладвалі міны, лавілі банды душманаў. Былі з намі салдаты з чыгуначных войскаў, яны спецыялізаваліся на населеных пунктах, а мы больш прачэсвалі горы, закінутыя кішлакі… Часцей у горы мы выходзілі на тыдзень, пасля мяняў нас другі ўзвод.

Горы – гэта таксама выпрабаванне. Трэба было несці і зброю на сабе, і патроны, недзе пад 20-25 кг паклажа была. Але ўсе трывалі, толькі, помню, адзін салдат не вытрымаў, скуліў усю дарогу, што цяжка, – яго больш не бралі ў горы, толькі па роце дзяжурыў… Цяжка, не спрачаюся. Я быў аўтаматчыкам спачатку, пасля стаў снайперам і дапамагаў несці патроны кулямётчыку. На адзін кулямёт трэба было браць з сабой 1 500 патронаў: 1 000 нёс кулямётчык, а 500 разам са сваёй снайперскай вінтоўкай – я. У цяснінах мы займаліся мініраваннем, міны мы не самі ўстанаўлівалі, гэта рабілі мінёры і сапёры, але рызыка была. Міна «Охота» складалася з трох элементаў, была на батарэйцы і рэагавала на рух. Было такое, што толькі паставілі, ледзь адбеглі, а праляцеў самалёт, і механізм адрэагаваў – усё пачало ўзрывацца. Аднаго разу ноччу каза трапіла на міннае поле. Раз падчас пабудовы ўмацавання з каменю, бо акопаў там не вырыеш, наш саслужывец з Магілёўшчыны падарваўся, шкада хлопца…

Неяк дапамагалі пагранічнікам на мяжы Афганістана і Пакістана і трапілі пад абстрэл. Тады малады надта быў, не асабліва задумваўся, а зараз жудасна ўспамінаць свіст куляў над галавой…

Здараліся і кур’ёзныя выпадкі, мы ж усе маладыя былі, толькі ад бацькоў сваіх адарваліся. Неяк прапаў адзін з саслужыўцаў. Шукалі яго два дні, думалі, стаў здраднікам, перайшоў на бок душманаў. А ён забраўся ў склад каля сталовай, разлічваючы, што там ежа, а той склад быў з інвентаром розным – рыдлёўкамі, вёдрамі і іншым. І загадчык склада яго закрыў, не падазраючы ні аб чым. Згаладаўся, бедны, за гэтыя дні… Сяргей Віктаравіч падкрэслівае, што першыя паўгода ў арміі, калі іх навучалі вайсковай справе, былі цяжкія, затое пасля гэта спатрэбілася. Іх рыхтавалі ж не ў піянерскі лагер, на вайну. Таму шматлікія гадзіны на стрэльбішчах і трэніроўкі ў гарыстай мясцовасці ой як спатрэбіліся. Апошні год пасля службы, калі перавялі ў Казахстан, гэтых цяжкасцей не хапала.

У армію Сяргея Страковіча забралі ў маі, ён тады якраз вучыўся ў Баранавіцкім вучылішчы на токара. Паехаў у Баранавічы вучыцца, бо быў малодшым з траіх дзяцей у бацькоў. Бацькі – людзі простыя: маці даяркай працавала, а бацька – на цагляным заводзе. У Баранавічах тады жыла старэйшая сястра. То бацька і падказаў Сярожы, каб ехаў да яе ў горад, маўляў, мо грошай калі не будзе, то пакорміць хоць. А любоў да тэхнікі ў Страковіча з дзяцінства, быў аматарам пакруціць бацькаў мапед, нават нерабочы транспарт так перабраў, што той стаў ездзіць.

Калі прыйшла павестка, да канца вучобы заставалася яшчэ пару месяцаў. Давялося начамі пісаць дыпломную работу, каб здаць экзамены датэрмінова і пайсці ў армію ўжо з прафесіяй.

Успамінае Сяргей Віктаравіч, як апынуўся сярод дэсантнікаў. Спачатку «купцы» былі ад падводнікаў, ад танкістаў, туды не надта хацелася. Як сталі адбіраць у дэсантныя войскі, дык адразу згадзіўся, не спужала, што служба будзе далёка ад малой радзімы. Толькі ў цягніку Сяргей даведаўся, што паўгода ў вучэбцы будзе ва Узбекістане, а далей яго чакае Афганістан, ніяк інакш. На першай станцыі, дзе доўга стаялі, у Куйбышаве, выбег адправіць ліст матулі, каб не хвалявалася і чакала яго, ён абавязкова вернецца. Стрымаў сваё абяцанне Сярожа. Толькі лёс распарадзіўся інакш, цяжкая хвароба забрала маці праз пару гадоў.

Вярнуўся на сваю малую радзіму ўжо маладым хлопцам, загартаваным цяжкасцямі службы, і асабліва цэнным стала для яго магчымасць проста жыць і працаваць на сваёй роднай зямлі. «Тое, што прайшоў выпрабаванні такім яшчэ юнаком, пасля надало мне такой упэўненасці ў сабе, здавалася, што мора па калена», – расказвае Сяргей Віктаравіч.

Успамінаецца час ад часу Сяргею Страковічу афганская «школа жыцця» і заняткі, і выхады ў горы, і мініраванне ў цяснінах, ды і краіна экзатычная ўспамінаецца. Чуў на свае вушы, як выюць шакалы, быццам немаўлятка плача. І тое, што пры баявым паходзе ў горы цэлы дзень нельга было піць ваду, толькі ўвечары, хоць біклажка з чаем з вярблюджай калючкі заўсёды была на поясе. Такі асаблівы клімат: калі не вытрымаеш і пап’еш таго чаю, можаш і не дайсці, скруціць жывот. Таксама своеасаблівая загартоўка на вытрымку.

Сяргей Віктаравіч за сваю службу ўзнагароджаны шасцю медалямі, асабліва цэнны для яго – «За баявыя заслугі». Медаль «Выдатніку воінскай службы II ступені», на жаль, не даехаў да адрасата. Машына БТР, якая везла дакументы на ўзнагароды ў брыгаду ў горад Джалал-абад, узарвалася па дарозе, а паперы не ўдалося ўзнавіць. Хай гэта будзе адзіным шкадаваннем для токара з афганскай загартоўкай Сяргея Страковіча, бо для сваіх дзяўчат – жонкі і дачкі – ён і так герой.

Пасля арміі Сяргей Страковіч працаваў і працуе да гэтага часу токарам па спецыяльнасці, якую атрымаў. Больш за 15 гадоў – на прыборабудаўнічым заводзе ў Івацэвічах, пасля быў токарам у «Прамбудэнерга», зараз шчыруе ў прыватнай арганізацыі «Прайдэнерга» ў Галенчыцах (фірма абслугоўвае цеплавузлы, але сваёй прафесіі ён застаўся верным). Прафесія токара не такая распаўсюджаная цяпер, добры токар на вагу золата, а Сяргей Віктаравіч – токар пятага разраду. Заўсёды імпануюць людзі, якія ўсё жыццё прысвяцілі адной справе і з гонарам аб гэтым расказваюць.

Сяргей Страковіч з жонкай Наталіяй выгадавалі дачку, падрастае і ўнучак. Дачка жыве ў Мінску, адвучылася на педагога.

15 лютага – Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў – памятная дата для сям’і Страковічаў. Яны кожны год удзельнічаюць ва ўрачыстых мерапрыемствах, аддаючы даніну памяці тым, хто не вярнуўся з той вайны, і дзякуючы Богу за жыццё.

Марыя Сазонава, фота аўтара і з архіва сям’і Страковічаў.

Поделиться