Жыхары і госці райцэнтра, пэўна, заўважылі, што зараз супрацоўнікамі ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» актыўна вядзецца санітарная абрэзка дрэў, якая з’яўляецца абавязковым мерапрыемствам па доглядзе за зялёнымі насаджэннямі. Пад бензапілы трапляюць загушчаныя кроны, сухія, пашкоджаныя хваробамі ці абламаныя галіны, або тыя, што маюць неахайны выгляд.
Так, у чат-бот мэсэнджара Тэлеграм «прыляцела» да нас з гэтай нагоды паведамленне ад жыхаркі дома нумар 13 па вул. 60 год Кастрычніка. Жанчына звярталася ад імя некалькіх жыхароў згаданага дома і прасіла аказаць садзейнічанне, каб супрацоўнікі ЖКГ зрэзалі або нават выдалілі таполі, што растуць паміж дамамі нумар 13 і 11.
15 лютага журналісты «ІВ» выехалі на месца, каб спачатку самім ацаніць сітуацыю і пагутарыць з жыхарамі дома. Што ж, знешні выгляд дрэў, на якія скардзяцца людзі, сапраўды пакідае жадаць лепшага: яны пашкоджаныя амялой, а галіны пры добрых парывах ветру і ўвогуле могуць не вытрымаць і зламацца.
Жыхары дома нумар 13 падчас гутаркі выказалі розныя меркаванні: адным таполі не даюць дыхаць улетку, калі тапаліны пух разлятаецца паўсюдна, трапляе ў кватэры праз адчыненыя вокны ці на балконы і прымушае пакутаваць ад алергіі, а другія ўпэўніваюць, што без таполяў дыхаць зусім не будзе чым. Зрэзаць гэтыя таполі і пасадзіць новыя дрэвы – агучвалі людзі думку і наконт такой радыкальнай меры. «Вы ўяўляеце, колькі павінна прайсці гадоў, каб новыя насаджэнні сталі вялікімі дрэвамі? Што нас будзе абараняць ад пылу і выхлапных газаў у такім выпадку?» – у процівагу выказаўся адзін з жыхароў дома, якому таполі нічым не перашкаджаюць.
Ва ўсякім разе, проста так дрэва ў горадзе ніхто не спілоўвае – для гэтай працэдуры неабходна заключэнне спецыяліста кампетэнтнай службы. Таму па каментарый мы звярнуліся ў ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» да намесніка дырэктара па эксплуатацыі жыллёвага фонду, аб’ектаў добраўпарадкавання і рабоце з насельніцтвам Васілія Германа.
– Работы ў двары дома нумар 13, што па вуліцы 60 год Кастрычніка, запланаваны згодна з графікам. Дрэвы, што там растуць, пашкоджаны амялой, і гэта яўны крытэрый для выдалення, бо яны з’яўляюцца крыніцай распаўсюджвання расліны-паразіта. У бліжэйшы час нашы спецыялісты выедуць на месца, складуць дэфектны акт, і на падставе яго брыгадай будуць выкананы пэўныя работы. Ці то будзе поўнае выдаленне дрэў, ці толькі санітарная абрэзка кроны, сказаць пакуль немагчыма. Тут патрэбны індывідуальны падыход да кожнага дрэва і заключэнне спецыяліста. Адразу пасля абрэзкі дрэвы выглядаюць не вельмі прэзентабельна, аб чым таксама гараджане парой выказваць сваю незадаволенасць. Аднак патрэбна разумець, што такая працэдура з’яўляецца неабходнай па аб’ектыўных прычынах. Што да таполяў, то за два-тры гады яны паспяваюць нарасціць зялёную масу і набыць акуратную форму кроны. Калі ж дрэва небяспечнае, даводзіцца яго выдаляць, – патлумачыў Васілій Іванавіч.
Што ж, спадзяёмся, пасля такой актыўнай работы камунальнікаў наш горад застанецца зялёным, пры гэтым дрэвы, якія дораць нам прахалоду ўлетку і ачышчаюць паветра, якім мы дыхаем, не будуць несці небяспеку.
Аксана Цярэшка.
Фота Валерыя Міскевіча.