17 кастрычніка ў Целяханскім цэнтры культуры і вольнага часу адбылося чарговае пасяджэнне літаратурна-мастацкага клуба «Целяханская гасцёўня». На гэты раз мерапрыемства наведалі госці з Івацэвіч, Косава і іншых населеных пунктаў. У складзе дэлегацыі – члены раённага Савета ветэранаў і яго старшыня Святлана Шупенік, члены жаночага клуба педагогаў-ветэранаў «Надзея» і старшыня Вольга Магіленка, былы начальнік аддзела культуры Івацэвіцкага райвыканкама Любоў Фосцікава.
Гасцей тут віталі шчыра – хлебам-соллю ды з букетамі кветак. Сустрэча была прымеркавана да свята Пакроваў Прасвятой Багародзіцы і Тыдня бацькоўскай любові.
Між іншым, сёлета клубу спаўняецца пяць гадоў. Нельга не адзначыць, што арганізатары свята дасканала падрыхтаваліся да такога мерапрыемства: урачыста выглядала ўпрыгожаная зала, аформлены выстаўкі, прысвечаныя творчасці землякоў, – паэтэсы Таццяны Цыркуновай, Пятра Хоміча, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, паэта Аляксандра Хоміча. Таксама работнікі Целяханскай бібліятэкі прадставілі выстаўку адпавядаючых тэматыцы мерапрыемства твораў. Святочную атмасферу дапаўнялі карціны жывапісца Віктара Сагановіча, які і сам прысутнічаў на свяце, а сваю выстаўку ён назваў «Жаночыя вобразы ў маёй творчасці». Віктар Мікалаевіч заўсёды імкнецца падтрымаць землякоў у арганізацыі мерапрыемстваў, у тым ліку і матэрыяльна, між іншым, і эмблема «Целяханскай гасцёўні», сувенірная прадукцыя на «Целяханскім бічаўніку» – яго ідэі і ўвасабленне, а сцены Целяханскага ЦКіВЧ упрыгожваюць карціны мастака.
Пранікнёна і ўзнёсла гучалі вершы як у выкананні саміх аўтараў – Аляксандра Хоміча, Марыі Купрыянчык, так і іншых дэкламатараў – Святланы Кавалевіч, Людмілы Малей, Наталлі Бінкевіч, Таццяны Фядковіч, Лідзіі Шчурко.
Віктар Сагановіч, Святлана Крэк, Рамуальда Пархута, Ніна Галаўко, Алена Мялік успаміналі пра сваіх бацькоў, іх нялёгкія лёсы і жыццёвыя дарогі.
Сапраўдным сюрпрызам ад Віктара Сагановіча стала адна з карцін, што падчас свята была закрыта палатном, а калі мастак яго зняў, то з напісанага ім партрэта «глядзела» Вера Паўлаўна Якуш, паважаны і знаёмы ўсім у Целяханах чалавек, яна некалі маладым урачом прыехала сюды працаваць і засталася на ўсё жыццё. Партрэт стаў цудоўным падарункам з нагоды нядаўняга юбілею Веры Паўлаўны.
Цёплую атмасферу свята дапаўнялі песні, рамансы ў выкананні Сафіі Горбач, Алены Мялік. Не забылі ў гэты дзень і пра іншых знакамітых ураджэнцаў Целяхан, і ў многім дзякуючы Іосіфу Галоўчыку – карпатліваму даследчыку гісторыі роднага пасёлка, які згадаў імёны і прозвішчы знакамітых вучоных, мастакоў, паэтаў, пісьменнікаў, якіх узгадавала целяханская зямля.
У завяршэнні мерапрыемства выступілі госці свята, яны дзякавалі за цёплы прыём і насычаную праграму, а яшчэ падтрымалі ініцыятыву часцей праводзіць такія сумесныя сустрэчы, калі клуб у гасцях у клуба. У знак удзячнасці яны падарылі «Целяханскай гасцёўні» абраз Прасвятой Багародзіцы «Неўвядальны цвет». Адлюстраваная на іконе беласнежная лілія сімвалізуе імкненне душы чалавека да ачышчэння і выратавання.
Падрыхтавала Надзея БЕРТАШ.
Фота з архіва клуба «Целяханская гасцёўня».