Калі ў 2011 годзе Наталля Аўрусевіч узначаліла аддзел ЗАГС Івацэвіцкага райвыканкама, амаль усе пары рэгістравалі шлюб у зале ўрачыстых рэгістрацый. За рэдкім выключэннем, найчасцей вельмі ўзроставыя пары, прасілі выдаць ім дакумент аб рэгістрацыі шлюбу ў кабінеце начальніка аддзела. Сёння ж тэндэнцыі зусім іншыя, прыкладна палова ідзе па хуткім шляху «кабінетных» рэгістрацый.
Усё часцей моладзь просіць «распісаць іх па-хуценькаму», а работнікі ЗАГСа раяць маладым парам не адмаўляцца ад прыгожай цырымоніі, якая запомніцца на ўсё жыццё.
– Вось як мяняецца час і мода, у мінулым годзе ў раёне зарэгістравана 287 шлюбаў, і амаль кожны другі прайшоў па скарочаным сцэнарыі, – адзначае Наталля Аўрусевіч. – Так, рэгістрацыі ў зале і ў кабінеце ў нас лічацца ўрачыстымі, аднак у скарочаным варыянце няма першага кроку на ручнік – сімвала жыццёвай сямейнай дарогі, няма першага танца і нават абмен пярсцёнкамі неабавязковы. Канечне, кожны выбірае свой варыянт, сітуацыі і перавагі ў маладых могуць быць самымі рознымі, але нам вельмі хацелася б, каб пары не адмаўлялі сабе ў магчымасці вытрымаць усе традыцыі, пачуць віншаванні родных і закружыцца ў танцы пад класічную музыку. Быць ці не быць святу пасля рэгістрацыі – гэта другое пытанне, а вось абмяняцца пярсцёнкамі ў зале ўрачыстых рэгістрацый мы шчыра раім усім закаханым.
Новы подых аказанню паслуг па рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану надала пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь № 826, згодна з якой у 2016 годзе значна пашырыўся пералік дадатковых платных паслуг органаў ЗАГСа, з’явіліся паняцці ўрачыстых рэгістрацый шлюбу і нараджэння. прыкладна да дзесяці выязных рэгістрацый па-за памяшканнем ЗАГСа нашы спецыялісты праводзяць штогод, шэраг такіх выездаў здзяйсняюць і кіраўнікі спраў сельвыканкамаў. Найчасцей маладыя жадаюць абмяняцца пярсцёнкамі каля Косаўскага замка, у гасціным двары «Няхачава» і ў сядзібе «Дабрыцына».
За гады работы супрацоўнікі ЗАГСа памятаюць і вялікія вяселлі, калі гасцей было пад сотню і цэлы натоўп людзей стаяў не толькі ў зале і фае, але і на вуліцы, і наадварот – цырымоніі, дзе толькі двое закаханых і абодва – у спартыўным. Так па-рознаму людзі адносяцца да вяселля, па-рознаму ставяцца да традыцый. Але шмат тых, хто не толькі чакае першага кроку на ручнік ці першага танца, але і верыць у магію лічбаў. У гэтым годзе дзве пары заключылі шлюб учора, 14 лютага, у Дзень закаханых. Ёсць пара, якая будзе заключаць шлюб у зале 03.03.2023 года і ў 13.00. А вось Андрэй і Дзіяна Леановічы, выбіраючы для вяселля першую суботу верасня, не адразу ўзважылі, што гэта 3 верасня, і нават не праспявалі радкі з вядомай песні…
– 3 верасня 2022-га ў раёне былі дзве значныя падзеі – абласныя «Дажынкі» і наша вяселле, – смяецца маладая жонка Дзіяна. – Насамрэч, пра перагорнуты каляндар і Шуфуцінскага мы не думалі, хацелася добрага вераснёўскага надвор’я. З Андрэем мы былі знаёмыя чатыры гады, таму рашэнне ажаніцца – узважанае. Пытання «гуляць ці не» не стаяла, абодва мы хацелі свята, а пасля ўспамінаў бацькоў, якія калісь гулялі вяселле па тры дні, натхніліся яшчэ больш. У нас была выязная рэгістрацыя каля Косаўскага замка і вяселле ў шатры з вядучым, жывым гукам, а ў спадчыну нам і нашым будучым дзецям з таго цудоўнага вечара засталіся каля 1 000 фота і відэа. Усё атрымалася так, як мы хацелі, і ні на хвілінку мы не шкадуем пра сваё рашэнне. Атрымалася свята для ўсіх. Мы памятаем і першы сямейны танец, і шчырыя словы работніка Косаўскага гарвыканкама, які праводзіў цырымонію. А як плакала я падчас віншаванняў ад бацькоў і сяброў. Нейкія традыцыі мы апусцілі, падарункаў родным жаніха ў нас не было, а вось каравай з соллю і бакалы бацькі нам выносілі. Лічу, кожная пара мае права ў такі дзень быць прыгожай і быць у цэнтры ўвагі. Маё пажаданне такое: правядзіце гэты дзень добра, так, як вы марылі, але ад урачыстасцей асабіста я б не адмаўлялася.
Алег і Анастасія Палуянчыкі не адмаўлялі ў свяце бацькам і родным, хоць самі адразу і не нацэльваліся ні на якія ўрачыстасці.
– У ЗАГС мы з Алегам пайшлі праз тры гады пасля знаёмства. Скажу шчыра, думалі зробім усё ціха, але бацькам вельмі хацелася святочнасці ў такі дзень. Спрачацца мы не сталі, тым больш, што Алег – адзіны сын у сям’і, і яго бацька і маці ўпершыню прымералі на сябе ролю бацькоў жаніха. Гасцей было нямнога, але марш Мендэльсона ў наш дзень гучаў, гучалі і самыя шчырыя пажаданні ад родных, з асаблівым трапятаннем мы сталі і на ручнік з поўнай верай у тое, што гэта крок у нашу светлую будучыню. Пасля быў абед у рэстаране Косаўскага замка. На другі дзень – маладзёжнае вяселле ў аграсядзібе. Вось як мы ў выніку «ціха» ажаніліся (смяецца). Але мы дзякуем бацькам за іх просьбу згуляць вяселле, адмотваеш час назад, амаль два гады прайшло, і разумееш, што гэта быў самы неверагодны і шчаслівы дзень…
Насамрэч, канешне, не важна, калі вы бераце шлюб: будзе гэта ў панядзелак ці ў суботу, у зале рэгістрацый ці ў кабінеце, у вясельнай сукенцы вы ці ў паўсядзённым адзенні, з фуршэтам ці ў рэстаране, – галоўнае тое, што ў сэрцы і ў галаве. Аднак калі светлыя і чыстыя пачуцці аздобіць прыгожай музыкай, шчырымі словамі і самымі цёплымі пажаданнямі ад самых родных, то і настрой у такі знакавы дзень будзе асаблівым, мяркуем…
Даведка «ІВ»
Па сённяшнім заканадаўстве ваш шлюб могуць зарэгістраваць ужо праз тры дні з дня падачы заявы, максімальны тэрмін здзяйснення працэдуры – тры месяцы. У дзень падачы заявы на заключэнне шлюбу вы павінны будзеце аплаціць дзяржпошліну ў памеры 1 базавай велічыні. А пасля яшчэ заплаціць за дадатковую платную паслугу аддзела ЗАГС Івацэвіцкага райвыканкама за рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану 10 рублёў, калі гэта рэгістрацыя па скарочаным сцэнарыі, і 25 – калі па поўным сцэнарыі і ў зале ўрачыстых рэгістрацый. За выязную рэгістрацыю з выездам спецыяліста аддзела ЗАГС на 1 гадзіну вы заплаціце 80 рублёў. Тарыфы ў сельвыканкамах будуць іншыя, у кожным – свой.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ. Фота з архіва сям’і Леановіч.