Актуальнае інтэрв’ю з першым намеснікам старшыні – начальнікам упраўлення па сельскай гаспадаркіі харчавання райвыканкама Сяргеем Шамярэем.

Працяглая, амаль у паўтара месяца, адсутнасць ападкаў прывяла да значных страт глебавай вільгаці. Пацярпелі найперш зерневыя каласавыя культуры. На многіх палях раёна, дзе яны пасеяны, мы бачылі пажоўклае, скручанае лісце, на высокіх участках – засохлыя сцёблы і расліны поўнасцю. Недахоп вільгаці неспрыяльны для фарміравання і наліцця коласа, ён можа выклікаць цераззерніцу і пустакалосіцу. Такая карціна пагражае значным недаборам ураджаю.

Аб тым, якім чакаецца жніво-2023 у нашым раёне, наколькі палепшаць сітуацыю дажджы апошніх дзён і якой будзе стратэгія ў выпадку недабору ўраджаю, мы пагаварылі з першым намеснікам старшыні – начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сяргеем Шамярэем.

– Сяргей Уладзіміравіч, нядаўна падрыхтоўка да жніва была галоўнай тэмай на пасяджэнні райвыканкама. Агучвалася, што тэхніка, зернесушыльныя комплексы гатовы да ўборкі новага ўраджаю. Якія сёлета разлікі на яго?
– Так, гаспадаркі раёна гатовы да ўборкі ўраджаю. Праведзены арганізацыйна-тэхналагічныя мерапрыемствы, у аптымальны тэрмін выкананы догляд за пасевамі і работы па падкормках азотнымі ўгнаеннямі і мікраэлементамі, па абароне раслін ад пустазелля, шкоднікаў, хвароб. Частка плошчаў зерневых культур засеяны насеннем элітных рэпрадукцый. Сёння гаспадаркі завяршаюць рамонт камбайнаў і зернеачышчальна-сушыльнага абсталявання. Паверана вагавое абсталяванне. Значная дзяржаўная падтрымка дазволіла ў апошнія гады сельгаспрадпрыемствам раёна тэхнічна пераўзброіцца і палепшыць умовы працы, а гэта ў сваю чаргу дазволіць правесці ўсе неабходныя віды работ і збожжавыя ўбраць за 20 дзён. Зерневых па бізнес-плане стаяла задача атрымаць 87 тыс. тон, але прырода ўнесла свае карэктывы. Болей трох тысяч гектараў у раёне пашкоджаны засухай ці загінулі. разлічваем на вал зерня не менш за 50 тыс. тон.

– У Брэсцкай вобласці сярод найбольш пацярпелых Івацэвіцкі раён. Ці змякчаць сітуацыю доўгачаканыя дажджы, якія прайшлі апошнімі днямі?
– Пацярпелі ад засухі ўсе раёны. Пінскі і Івацэвіцкі – найбольш. Сіноптыкі сцвяр-
джаюць, што такая засуха, каб паўтара месяца ў маі-чэрвені – ні кроплі, была каля 80-і гадоў назад. У нашым раёне гібель склала 1 239 гектараў зерневых. Пашкоджана болей за 2,5 тысячы гектараў. Выпаўшыя ападкі палепшаць сітуацыю на палях па кукурузе, цукровых бураках і па другім, трэцім укосах траў. На зерневыя і рапс гэта паўплывае, але не так як хацелася б, паколькі зараз ідзе завяршэнне фарміравання ўраджаю. Як кажуць, кропка незвароту пройдзена, асабліва гэта тычыцца азімых зерневых. Чакаць рэкордных лічбаў мінулага года не варта. Галоўнае цяпер – сабраць і захаваць без страт тое, што ёсць. Сёлета івацэвіцкім аграрыям трэба ўбраць амаль 17 тысяч гектараў зерневых і зернебабовых культур без уліку кукурузы. Акрамя таго, неабходна ўбраць 2 973 гектары азімага рапсу. Дзяржаве запланавана паставіць 8 510 тон збожжа, у тым ліку піваварнага ячменю, грэчкі і проса. ААТ «Косава» ўжо прыступіла да ўборкі збожжавых, масавую ўборку пры спрыяльных пагодных умовах плануецца распачаць у гаспадарках раёна 1 ліпеня.

– Якія тады спадзяванні?
– На зерне кукурузы. Надзея ёсць і ёсць стратэгія. Яна прапрацавана. Частку кампенсуем зернем кукурузы за кошт таго, што будзем пераводзіць кукурузныя палі з сіласнай у зерневую групу, плюс зерневыя будзем убіраць на зерне. Астатнюю частку будзем кампенсаваць закупам збожжа.

– У разрэзе раёна пацярпела найбольш Целяханшчына, Косаўшчына ці Быценшчына?
– Даманава, Пагор’е, Грыўда, Мілейкі… У Даманаве пацярпелі 60 працэнтаў плошчаў збожжавых. Глебы там пясчаныя, і вільгаць зыходзіла значна хутчэй. Частку, што можна было, перавялі, каб убраць на зернесянаж, а 260 гектараў каласавых зерневых загінула. Крыху лепш адчувае сябе бок Целяханшчыны, дзе палі тарфяныя. Усё ж тарфянікі затрымлівалі вільгаць, там крыху лепш.

– Там жа замаразкі былі?
– Замаразкі паўплывалі на кукурузу, на яравы рапс, але не крытычна.

– Жніво пачнецца з уборкі ячменю?
– Так, у раёне з улікам загінулых плошчаў трэба ўбраць 972 гектары азімага ячменю. Ячмень сеюць ва ўсіх гаспадарках, і яны гатовы прыступіць да ўборкі. Мы чакаем завяршэння фазы выспявання зерня. Пашкоджаныя палі перасейваюцца, каб паспець вырасціць на іх іншыя культуры для кармавой базы.

– Калі засушлівае надвор’е, падкормкі і іншыя агратэхнічныя мерапрыемствы маюць значэнне ў выратаванні ўраджаю?
– Калі няма вільгаці – нічога не ўратуе. Нашымі гаспадаркамі праведзены ўсе доглядныя мерапрыемствы, падкормкі, агратэхніка – усё было зроблена, каб атрымаць добры ўраджай. Прырода, паўтаруся, унесла свае карэктывы. Працяглую адсутнасць ападкаў нічым знівеліраваць немагчыма.

– Для далейшага, калі будуць засушлівыя гады і памяняецца клімат, штосьці прапрацоўваецца? Можа, трэба прадумваць сістэму арашэння?
– Сістэмы арашэння няма. Арашэннем займаюцца гаспадаркі, якія вырошчваюць вільгацелюбівую гародніну. Што тычыцца збожжавых, то мы падбіраем засухаўстойлівыя сарты, гібрыды, працуем над структурай пасяўных плошчаў, каб яна была аптымальнай. Улічваем розныя глебы, ландшафт палёў, купляем замежныя гібрыды кукурузы тыпу «Stay Green сістэмы», якія больш устойлівыя да прыродных анамалій. Словам, прымаем пэўныя захады па максімуме.

– Калі няма таго зерня, то і камбікармы будуць не той якасці…
– Чаму? Калі недабор зерня, то гэта не значыць, што мы будзем сядзець і чакаць, калі ў нас упадзе малако. Выпрацавана стратэгія. Вось яна ляжыць перада мной. Дэфіцыт зерня столькі, неабходна грошай столькі. Не толькі ў нас, у краіне выпрацавана стратэгія. Ад засухі пацярпела Беларусь ў цэлым, не толькі мы. Але ёсць крыніцы, крэдытныя сродкі, грошы ад перапрацоўшчыкаў, ёсць уласныя сродкі. Мы разумеем, што сёння нам, каб вытрымаць тэхналагічна кармленне ўсёй жывёлы ў раёне, не знізіць прываг і аб’ёмаў вытворчасці малака, трэба ўмоўна 14 тысяч тон зерня дадаткова да недабору. Таму на частку мы возьмем крэдыты, частку «малочка» і мясакамбінат дадуць за нашу прадукцыю, і частку перанакіруем з іншых крыніц. Дапусцім, у гаспадарцы сёння хацелі купіць новы агрэгат, то ў такой сітуацыі яго ўжо не будуць купляць, а грошы перанакіруюць на закуп збожжа. Ужо сёння мы выходзім на біржу і размяшчаем заяўку. Не чакаючы зімы, калі ўсе прыпасы скончацца, а ўжо зараз гэтым пытаннем займаемся. Дэфіцыт збожжа будзем папаўняць паступова. Кропкава падыходзім да кожнай гаспадаркі.

– Асцярога ёсць, што цана будзе высокая?
– У Івацэвічах магчыма, але ёсць раёны і вобласці, якія падсохлі менш. І ёсць бліжэйшыя краіны, якія не могуць рэалізаваць лішкі збожжа на знешнія рынкі па прычыне санкцыйнай палітыкі. На сённяшні момант праглядваецца вырашэнне пытання. Мы толькі што вярнуліся з абласной нарады, дзе абмяркоўвалася пытанне мэтанакіраванага закупу збожжа ў Расіі.

– Значыць, пытанне не стаіць, каб скараціць пагалоўе?
– Не. Пытанне стаіць не толькі, каб не скараціць пагалоўе, а нават не зменшыць прадукцыйнасці статка ні па мясе, ні па малаку. Ёсць планы, і мы павінны знайсці магчымасць накарміць жывёлу. У некаторых гаспадарках раёна ёсць рэзервы з мінулага года. У тых, дзе засуха падсадзіла, трэба перанакіроўваць сродкі, мяняць стратэгію. Другі, трэці ўкос трэба правесці максімальна эфектыўна. Ідзе работа з маладымі адналетнікамі, прамежкавыя культуры сеюцца, каб нарыхтаваць травяныя кармы. Кожная гаспадарка індывідуальна падыходзіць да сваёй структуры кармавой базы.

Гутарыла Валянціна БОБРЫК. Фота Таццяны ДЫЛЮК.

Поделиться