x
Close
Актуально все новости Новости

ЦУКЕРКІ АДНОЛЬКАВЫЯ  – ЦАНА РОЗНАЯ…

  • Опубликовано:17 декабря, 2024

Бадай, ніколі так не вабяць пакупнікоў цукеркі, як у пераднавагоднія дні, бо нават і не ўяўляеш сабе Новы год ці Каляды без салодкіх прысмакаў. А пакунак з цукеркамі ад Дзеда Мароза – адно з лепшых успамінаў дзяцінства.

Вядома ж, паклапаціцца аб салодкіх падарунках часцей за ўсё даводзіцца дарослым, і многія спяшаюцца гэта зрабіць загадзя, каб потым не трапіць у навагодні ажыятаж. Так вырашала і жыхарка г. Івацэвічы М. Н., у пошуку самых смачных цукерак яна пабывала ў розных магазінах сеткавікоў, што месцяцца ў райцэнтры. Падчас шопінгу жанчына заўважыла, што цэны на цукеркі беларускай вытворчасці, якім яна аддала перавагу, значна розняцца. Каб высветліць, чаму так адбываецца і ці няма ў гэтым парушэння з боку магазінаў, звярнулася ў аддзел эканомікі Івацэвіцкага райвыканкама.

Там спецыялісты грамадзянку выслухалі, пытанне ўзялі на кантроль і правялі маніторынг. А яго вынікамі начальнік аддзела эканомікі Тац-цяна Чыж падзялілася і з карэспандэнтамі раёнкі:

– Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 кастрычніка 2022 года № 713 «Аб сістэме рэгулявання цэн» уведзена рэгуляванне цэн на тавары, якія вырабля-юцца (увозяцца) і (або) рэалізуюцца юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі на ўнутраны рынак Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і на цукеркі. Названай пастановай вызначана гранічная максімальная гандлёвая (з улікам аптовай) надбаўка на цукеркі, якія вырабляюцца ў Рэспубліцы Беларусь, у памеры 50 працэнтаў. У выпадках з сеткавікамі гранічны памер гандлёвай надбаўкі не перавышаны. Рознічныя цэны на адзін і той жа тавар адрозніваюцца па прычыне розных адпускных коштаў вытворцы.  Аднаму з сеткавікоў вытворца дае зніжку з адпускной цаны за кошт водпуску вялікіх аб’ёмаў прадукцыі. А вось памер зніжкі, якая прадстаўляецца, вызначаецца непасрэдна вытворцам. Таму і атрымалася такая розніца ў цане на тавар. Парушэнняў з боку сеткавікоў па цэнаўтварэнні няма.

А калі і вам захочацца падсаладзіць навагоднія святы, то варта ўсё ж вывучыць прапановы некалькіх магазінаў, каб пакупкі прынеслі не толькі задавальненне, але і зэканомілі бюджэт.

Наш карэспандент