Восенню 2023 года ў г. Косава па вул. 3 Лютага быў праведзены бягучы рамонт асфальтавага пакрыцця. Здаецца, такой падзеі можна толькі радавацца. Але, як высветлілася, радасць асобных жыхароў гэтай вуліцы была толькі да пары, пакуль не пачаліся моцныя дажджы, якія і выявілі праблему.
На згаданай вуліцы пасля ўкладкі новага асфальту паверхня дарожнага пакрыцця аказалася вышэй старога бардзюра, у выніку чаго талыя і дажджавыя воды з праезнай часткі пачалі сцякаць на тратуар, размылі грунт пад пліткай і патокам сцякаюць у агарод і на падворак касаўчанкі Святланы Ш. Пасля непагадзі для выхаду ў двор гаспадарам патрэбны гумавыя боты, а ад празмернай вільгаці пашкоджваюцца клумбы і пабудовы. Трэба адзначыць, што дом гараджанкі размешчаны якраз у нізіне, побач з ім, літаральна праз пару метраў ад размытага месца, ёсць ліўневая каналізацыя, але да яе вада не даходзіць.
Са сваёй праблемай Святлана Ш. звярнулася ў Івацэвіцкі райвыканкам, там пытанне ўзялі на кантроль і даручылі яго вырашыць ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ», на ўтрыманні якога зна-
ходзіцца названая вуліца. Мы звярнуліся па каментарый у адказную службу, і вось што нам паясніла Алена Васількова, начальнік участка па бягучым утрыманні аб’ектаў добраўпарадкавання:
– З 25 верасня па 25 кастрычніка падраднай арганізацыяй ДРБУ-178 за кошт сродкаў абласнога бюджэту выкананы бягучы рамонт вуліцы 3 Лютага ў
г. Косава, які не прадугледжваў устаноўку бардзюрнага каменя. Талыя і дажджавыя воды ў такім выпадку павінны былі сходзіць на зялёную зону. Аднак у сувязі з тым, што маецца значны ўхіл участка вуліцы, вада сцякае хуткім патокам і не даходзіць да ліўневай каналізацыі, а зялёная зона ў праблемным месцы вузкая, няма і метра, вада не паспявае сыходзіць у зямлю. Зараз там ужо вядуц-
ца работы па ўкладванні бардзюрнага каменя, гэта дапаможа ў далейшым пазбегнуць такой непрыемнасці.
У сераду, 13 сакавіка, мы наведаліся ў Косава. На праблемным участку вуліцы 3 Лютага ў гэты дзень працавала брыгада Івацэвіцкай ЖКГ, работнікі свідравалі арматуру, устанаўлівалі каркас і апалубку. Як патлумачыў Андрэй Богуш, начальнік участка «Целяханы», пасля будзе залівацца бетон маркі 400, каб забяспечыць надзейную трываласць борта, да сярэдзіны наступнага тыдня работы плануюць завяршыць.
Гаспадыня дома Святлана Ш.
спадзяецца на станоўчае вырашэнне сваёй праблемы і адзначае, што раней, да рамонту вуліцы, падобных пытанняў ніколі не ўзнікала.
– Шкада кветак, што растуць ля плоту на вуліцы, яны заўсёды радавалі вока гараджан, шкада і саду, які так залівала ў перыяд моцных дажджоў, але ён, дзякуй Богу, вытрымаў. А пра гразевы паток на гаспадарчым двары наогул маўчу, – скардзіцца жанчына. – Хутка пачнецца агародны сезон, не хочацца застацца без сваёй гародніны ў гэтым годзе.
Зараз ад разгулу дажджавой вады засталіся толькі вымытыя ямы і каляіны, таксама пра яго напамінае разбураная тратуарная плітка і занесены водным патокам з тратуара пясок у агародзе, што належыць Святлане Ш. Двор і агарод падсушыла, і гаспадыня спадзяецца на пагодныя дзянькі і работнікаў Івацэвіцкай ЖКГ, якія паспеюць у хуткі тэрмін пакласці бардзюр і пазбавяць яе ўладанні ад чарговага падтаплення.
Аксана Цярэшка.
Фота Валерыя
Міскевіча.