Цяпер і атэставаны экскурсавод
Аляксандр Фёдаравіч Велікаселец, якога многія ведаюць як начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і старшыню РА ГА «Беларускі Фонд міру», стаў і атэставаным экскурсаводам. Атрыманае пасведчанне дазваляе яму на працягу пяці гадоў праводзіць для турыстаў экскурсіі на тэму «По местам Первой мировой войны: 100 лет спустя». Атрыманню гэтага дакумента папярэднічала сур’ёзнае тэсціраванне і абарона экскурсіі перад камісіяй ад Міністэрства спорту і турызму, а таксама Нацыянальнага агенцтва па турызме.
Аляксандр Фёдаравіч мае безумоўны талент да вядзення экскурсій. І ў гэтым маглі пераканацца прадстаўнікі шматлікіх дэлегацый, якім пра наш раён расказваў менавіта ён – з уласцівай яму дасведчанасцю і ў гісторыі, і ў геаграфіі, а таксама ветлівасцю і ўважлівым стаўленнем да людзей. Да таго ж ён добра валодае беларускай мовай.
Аляксандр Велікаселец нарадзіўся ў в. Вялікая Гаць і з дзяцінства меў цягу да ведаў, быў самым цікаўным дзіцём у сям’і, слухаў і запамінаў расказы старэйшых. Помніць, якую цікавасць выклікаў у яго рукапісны дакумент – купчая на зямлю 1928 года, якую клапатліва захоўвала бабуля як сямейную рэліквію. Колькі зямлі набыў дзед, колькі грошай за яе аддаў – вочы хлапчука прагна бегалі па літарах і лічбах. Не дзіва, што калі ён падрос, стаў студэнтам геаграфічнага факультэта прэстыжнага ўніверсітэта – БДУ, куды паступіў пасля службы ў арміі.
Вучыўся добра. І пасля заканчэння ВНУ па волі лёсу і камуністычнай партыі адразу стаў дырэктарам школы ў в. Сялец, там жа выкладаў геаграфію. Праз два гады яго прызначылі лектарам райкама партыі, прарабіў на гэтай пасадзе да 1991 года. Работа абвязвала выступаць перад калектывамі і рыхтаваць тэксты лекцый на розныя тэмы. Аляксандр Фёдаравіч шмат часу праводзіў у бібліятэцы, а таксама ў архівах Беларусі і Расіі: поўным ходам ішла падрыхтоўка да выдання кнігі «Памяць. Івацэвіцкі раён», а Аляксандр Велікаселец – адзін з яе стваральнікаў. Адно да аднаго – і назапасіліся веды. Ужо тады згодна з планам ён чытаў лекцыі па краязнаўстве. Шмат дзе шукаў інфармацыю, занатоўваў для сябе, запамінаў.
Пасля перабудовы ажно на 16 гадоў ён затрымаўся ў СШ № 4 г. Івацэвічы ў якасці намесніка па выхаваўчай рабоце і зноў жа выкладаў геаграфію. З 2007 года – намеснік старшыні райвыканкама па ідэалагічнай рабоце, з 2019-га – начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Паспрабаваць атрымаць атэстацыю экскурсавода яму прапанавалі работнікі сектара спорту і турызму райвыканкама, ведаючы пра яго здольнасці і жывы інтарэс да гісторыі краю. Выдатна, калі ў раёне ёсць такі спецыяліст. Музейныя работнікі могуць аказваць экскурсійныя паслугі без атэстацыі, а прыватныя асобы павінны атрымаць дазвол. Проста так сустрэць групу турыстаў і вадзіць яе, напрыклад, вакол Косаўскага замка, расказваючы пра яго, незаконна. Любы жадаючы можа самастойна распрацаваць і абараніць экскурсію ці некалькі экскурсій па розных маршрутах (на кожную – асобнае пасведчанне аб атэстацыі). А можна звярнуцца ў сектар спорту і турызму, дзе пасадзейнічаюць па ўсіх пытаннях і дапамогуць як след падрыхтавацца да сустрэчы з камісіяй, прычым, бясплатна. Атэстацыя экскурсаводаў праводзіцца па лініі Міністэрства спорту і турызму і Нацыянальнага агенцтва па турызме.
Аляксандр Фёдаравіч адгукнуўся на просьбу, ды і ў самога былі думкі аб тым, як рэалізаваць свой талент у будучыні, калі рабочыя будні застануцца за спінай (як-ніяк яму 64). Для атрымання пасведчання спачатку прайшоў тэсціраванне – адказаў на 70 пытанняў па гісторыі, геаграфіі, рускай мове і методыцы правядзення экскурсій (пытанні па прадметах былі, як на ЦТ для абітурыентаў, – няпростыя для таго, хто даўно развітаўся са школай), а затым прадставіў сваю экскурсію і адказаў на пытанні членаў камісіі.
Тэма яго амаль чатырохгадзіннай аўтамабільна-пешаходнай экскурсіі – Першая сусветная вайна. Зацікавіла яна тым, што ваенныя падзеі непарыўна звязаны з гісторыяй раёна. Лінія фронту праходзіла ўздоўж Агінскага канала, на яго заходнім беразе захаваліся абарончыя збудаванні тых часоў, якія лічацца ўнікальнымі не толькі для Беларусі, але і для ўсёй Усходняй Еўропы. У раёне праводзіўся фестываль «Выганашчанская фартэцыя» з рэканструкцыяй баявых дзеянняў. І пры ўсім гэтым тэма гэтая малавывучаная. Асобны пласт – жыццё нашых землякоў у бежанстве (бежанцамі былі і дзяды, і бабулі Аляксандра Велікасельца). Падчас падрыхтоўкі маршрута, а ён пачынаецца ў Івацэвічах і вядзе да самых выганашчаў з прыпынкамі ў Святой Волі, Целяханах, яго найбольш уразілі знойдзеныя фотаматэрыялы – на іх падзеі ваенных часоў з прывязкай да нашай мясцовасці. Надта дапамагла ў падрыхтоўцы экскурсіі кніга Віктара Дзямянчыка «Выганашчы ў Вялікай вайне 1914–1918», якая адзначана ўзнагародамі і стала штуршком для правядзення вышэйзгаданага фестывалю.
На мінулым тыдні Аляксандр Фёдаравіч правёў сваю першую экскурсію ў якасці атэставанага экскурсавода. І ўжо плануе абараняць перад камісіяй наступную – на гэты раз аглядную, па Івацэвічах. Цікавяць яго і іншыя маршруты. Напрыклад, Івацэвічы – Быцень – Жыровічы – Сынкавічы – Ружаны – Косава. Ці Брэст – Баранавічы – Пінск: па словах субяседніка, добрай назвай для яе была б «Берасцейскі трохкутнік». Можа, хтосьці зацікавіцца і возьмецца за распрацоўку маршрута (атэставанага экскурсавода турысты могуць наймаць для правядзення экскурсіі, таму хобі можа стаць даходным).
– Калі я вучыўся ў Акадэміі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, напісаў і абараніў дыпломную работу пра турыстычныя рэсурсы Івацэвіцкага раёна, – расказвае Аляксандр Фёдаравіч. – Сёння многія едуць па ўражанні ў далёкія далі. Але што нам тыя далі: трэба ведаць, любіць і шанаваць сваё. У раёне таксама ёсць што паглядзець, і ў суправаджэнні дасведчанага экскурсавода такая паездка стане карыснай і запамінальнай. Кіраўнікі, бярыце на заметку.
У Аляксандра Фёдаравіча ёсць мара: калі пойдзе на пенсію, пачне пісаць кнігу і занатуе ў ёй усё, што ведае пра сваіх продкаў, пра сваю сям’ю. «Ад прадзедаў да праўнукаў» – гэта пакуль рабочая назва. Каб ведалі нашчадкі пра свой род і штосьці пра гісторыю краю, якой многія цікавяцца на аматарскім узроўні, ды, на жаль, на прафесіянальным – толькі адзінкі.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.