У жніўні каля палігона цвёрдых камунальных адходаў г. Івацэвічы ледзь не здарылася забойства, аб чым ужо паведамлялася ў раённай газеце. Грамадзянін Д. 1959 г. н. напаў на грамадзяніна Г. 1985 г. н. у пабудове, якую змайстраваў самавольна ў лесе каля палігона і ў якой пражываў гадамі.

Пацярпелы Г. на момант здзяйснення злачынства жыў у той жа пабудове, што і Д., – разам з яго дачкой. 6 жніўня 2022 года прыкладна ў 22.00 з-за непрыязных адносін да сужыцеля дачкі Д. узяўся за нож і нанёс Г. не менш за тры ўдары ў вобласць жыццёва важных органаў – галавы і верхніх канечнасцей, прычыніўшы яму цяжкія цялесныя пашкоджанні, небяспечныя для жыцця. Аднак не давёў свае дзеянні да канца, бо Г. своечасова аказалі медыцынскую дапамогу.

Д. усведамляў небяспечнасць сваіх дзеянняў, прадбачыў наступствы (смерць пацярпелага) і жадаў іх наступлення, наносіў удары наўмысна. Чэрапна-мазгавая траўма, адкрыты зрушаны пералом касцей чэрапа, рэзаныя раны – і гэта не поўны спіс калецтваў. Пацярпелы застаўся без вока.

Грамадзянін Д. абвінавачваўся ў замаху на забойства па ч. 1 арт. 14, ч. 1. арт. 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, яму пагражала зняволенне на тэрмін ад 6 да 15 гадоў. У выніку па рашэнні суда ён прыгавораны да 8 гадоў пазбаўлення волі.

Д. напаткала сур’ёзнае пакаранне, і гэта ўрок для кожнага, хто ахвочы хапацца за нож ці сякеру, каб высветліць адносіны. Жаданне правучыць крыўдзіцеля можа скончыцца трагічна для абодвух
удзельнікаў канфлікту, а злосны намер гарантавана прывядзе на лаву падсудных.

Вадзім ЛІШКО, начальнік Івацэвіцкага райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Поделиться