x
Close
все новости Главная новость Образование

Творчы падыход да ўрокаў геаграфіі Марыны Іосіфаўны Грышчук

Творчы падыход да ўрокаў геаграфіі Марыны Іосіфаўны Грышчук
  • Опубликовано:2 октября, 2022

Геаграфія – вельмі цікавы, але інфармацыйна насычаны школьны прадмет. Для яго паспяховага засваення неабходна запамінаць шмат тэрмінаў, лічбаў, геаграфічных назваў і іншай вучэбнай інфармацыі. Пэўна, кожны настаўнік геаграфіі сутыкаецца з праблемай запамінання вучнямі патрэбнага матэрыялу. І кожны задаваў сабе пытанне: як дапамагчы ім, як зрабіць так, каб запаміналася лёгка і непасрэдна?

Адказ на гэтае пытанне ёсць у настаўніка геаграфіі ДУА «Дабромысленская сярэдняя школа» Марыны Іосіфаўны Грышчук. Яна прапануе свае прыёмы візуалізацыі інфармацыі, якія спрыяюць больш хуткаму і якаснаму запамінанню.

Марына Іосіфаўна працуе ў Дабромысленскай СШ 9 гадоў, а ў адукацыі – 36. Родам настаўніца з в. Волька. Скончыла школу на 4 і 5. Паступала ў Брэсцкі педагагічны, але не хапіла паўбала. Прыехала ў раённы аддзел па адукацыі, тады кіраўніком быў Васіль Мікалаевіч Басалай, і ўбачыла, што працаваць у школе жадаючых шмат. Але сабралі атэстаты, і па конкурсе яна прайшла – прапанавалі старшай піянерважатай у Югалінскую дапаможную школу. Гэта было ў 1986 годзе.

– Страшна было? – пытаюся.
– Не. Я з дзяцінства марыла стаць педагогам. Малымі мы любілі гуляць у школу, я заўсёды была ў ролі настаўніцы. І перад вачыма першая мая настаўніца Галіна Арсенцьеўна. Я яе і цяпер успамінаю. Яна вучыла нас уседлівасці, не проста выканаць заданне, а старанна, без памаркі. І чалавек яна была цудоўны. У школе мне спадабалася працаваць з дзецьмі з першых дзён. Мая работа старшай піянерважатай у Югалінскай школе была нават адзначана граматай абкама камсамола.

Маладую, актыўную і пазітыўную важатую заўважылі і прапанавалі перайсці выхавацелем. Яна паступіла завочна ў Мінскі педінстытут імя М. Горкага, а калі заканчвала яго, гэта быў ужо ўніверсітэт імя М. Танка. Марына Іосіфаўна засталася працаваць у Югалінскай школе географам і выхавацелем. Потым яна 9 гадоў працавала завучам па вучэбна-выхаваўчай рабоце. У 2013 годзе, калі Югалінскую дапаможную школу закрылі, настаўнікаў перавялі ў Дабромысленскую, і яна стала працаваць настаўнікам геаграфіі і біялогіі, а цяпер выкладае толькі геаграфію.

Механічнае зазубрыванне наўрад ці спрыяе павышэнню цікавасці вучняў да прадмета. Для любога настаўніка, неабыякавага да сваёй справы, вельмі важна, каб яго вучні любілі і ведалі прадмет. Кожны імкнецца знайсці такія педагагічныя прыёмы, якія дапамогуць складаны і аб’ёмны фактычны матэрыял ператварыць у даступны і лёгка запамінальны.

– Калі я прыйшла ў школу, разумела, што дзеці не любяць чытаць, не хочацца ім, але прадмет трэба ведаць. Параграфы ў шостым класе ўжо на чатыры-пяць старонак. Гэтыя дзеці, лічы, яшчэ ўчарашнія пяцікласнікі, прачыталі першую, другую старонку навуковага тэксту, а пакуль дачыталі пятую, то ўжо забылі, пра што там на першай. А гэта трэба ведаць. І арыентаванне, і план мясцовасці, і ўвесь свет. І не проста азнаямляльна, а канкрэтна. У мяне з’явілася ідэя, як даць дзецям веды. Я распрацавала картачкі і табліцы на кожную тэму ўрока для 6 класа. Гэтая мая работа атрымала грыф Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, і цяпер яна як вучэбны дапаможнік прапаноўваецца для работы ўсім настаўнікам геаграфіі, – расказвае настаўніца. – Гэта зручна мне, і дзецям лёгка запамінаецца – на адной табліцы змяшчаецца ўвесь матэрыял па параграфе праз схемы, графікі, малюнкі, сімвалы… Тэмы 7 і 8 класа таксама распрацаваны, але яшчэ не здадзены ў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

З табліцамі Марыны Іосіфаўны можна выконваць розныя прыёмы. І дзякуючы ім вучням цікава на ўроках геаграфіі.
– Дапусцім, прапаную дзецям фотакалаж: паўночнае ззянне, дождж, снег, міраж – што гэта такое? Так, прыродная з’ява. Дадайце, якія з’явы яшчэ ведаеце? Вясёлка, град, туман… Можа быць мен-
тальная карта. Я, напрыклад, пішу – Белавежская пушча: жывёлы, расліны, а дзеці дадаюць назвы жывёл і раслін – так ідзе вывучэнне. Быў у мяне хлопчык, якому цяжка давалася вучоба, але і ён, калі яго выклікала, кажа: «Пачакайце, я зараз успомню, гэта было ў той табліцы, у правым верхнім кутку…» Такім спосабам вялікі тэкст быў засвоены, – тлумачыць настаўніца. – Дзеці любяць творчую работу і, такім чынам, развіваецца творчая асоба. Вучымся мы і ў інтэрнэце карыстацца дакладнай, праверанай інфармацыяй. У падручніках сёння пасля параграфаў ёсць спасылкі на інтэрнэт, і мы гэта ўсё глядзім. У мяне ёсць вучні, якія ўзнагароджаны дыпломамі 1 і 2 ступені Івацэвіцкага аддзела па адукацыі за даследчыя работы, яны – лаўрэаты на вобласці.

Марына Іосіфаўна тлумачыла, як працуюць дзеці па індывідуальных картках, пра іншыя спосабы засваення матэрыялу, якія падабаюцца дзецям, і як яна зацікаўлівае дзяцей адзнакамі, калі пры адказе карыстаюцца дадатковай інфармацыяй па тэме. Любяць вучні Марыны Грышчук удзельнічаць у конкурсе «Глабусёнак». Гэта таксама дадатковы стымул і дадатковыя веды па прадмеце.
– Дзеці здольныя ёсць, – кажа настаўніца. – Сёння я ў творчай групе з выкладчыкамі БДУ, яны чытаюць нам лекцыі, гэта бывае анлайн, і кажуць, што мы павінны прыстасавацца да дзяцей. Падабаецца ім шукаць інфармацыю ў інтэрнэце, няхай шукаюць. Яны пакуль знойдуць яе, колькі ўсяго даведаюцца. А яшчэ прачытаюць у падручніку, папрацуюць з атласам, контурнымі картамі – колькі карысці!

Адна праблема ў географаў, казала настаўніца. Здольныя дзеці маглі б удзе-льнічаць у алімпіядах, але бацькі арыентуюць інакш, ставяць на першую ступень мову і матэматыку, па якіх дзеці будуць здаваць тэсты. І яны едуць па гэтых прадметах на алімпіяды, а на іншыя прадметы, у тым ліку і на геаграфію, у іх ні часу не застаецца, ні сіл. Нейкі перыяд яны могуць займацца больш глыбока прадметам, каб паўдзельнічаць у конкурсе ці навуковай канферэнцыі, а да алімпіяды трэба рыхтавацца глыбока і гадамі.

У мінулым навучальным годзе Марына Іосіфаўна давала майстар-клас, калі ў школу па абмену вопытам прыязджалі завучы раёна. Ім спадабалася, як рознабакова падаецца матэрыял на яе ўроках, нават здзівіліся, што настаўніца не метадыст, а мае толькі першую катэгорыю.
«Дзеці любяць мой прадмет. Я лічу, калі настаўнік вучыцца сам і адкрывае штосьці цікавае – то і дзецям будзе цікава», – адзначае яна.

Марына Іосіфаўна – класны кіраўнік шасцікласнікаў. Да гэтага сем гадоў была класнай у дзяцей, якія ўжо скончылі школу. Яна ўдзячна калектыву, што яе чулі і дапамагалі. Наогул, лічыць яна, калі ёсць цеснае ўзаемадзеянне: школа, класны кіраўнік, бацькі і дзеці – дзеці мяняюцца і выходзяць са школы, нават самыя складаныя і праблемныя, людзьмі.

У вольны час настаўніца любіць займацца кветкамі і агародам. «Я проста там адпачываю. Агарод мой знаходзіцца ў маляўнічым месцы ў Югаліне, там, дзе быў маёнтак Варанцовых-Вельямінавых. Дрэвы там пасаджаны незвычайна і птушкі спяваюць гэтак жа незвычайна, асабліва вясной, таму і праз гэта прадмет геаграфія – любімы…»

Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.