x
Close
Главная новость Молодёжь Новости Общество

Творчы падыход дапамагае ў любімай рабоце

Творчы падыход дапамагае ў любімай рабоце
  • Опубликовано:30 июля, 2023

Напярэдадні Дня работнікаў гандлю пагутарылі з Юрыем Русакевічам, прадаўцом шостага разраду, на якога ўскладзены абавязкі загадчыка «Кулінарыі» і які стаў адным з пераможцаў XV Рэспубліканскага конкурсу мастацкай самадзейнасці студэнтаў ад Белкаапсаюза

Крыху больш за месяц таму ў горадзе з’явілася новая сучасная «Кулінарыя», якая прыйшлася даспадобы нашым жыхарам і гасцям райцэнтра: тут можна набыць гатовую прадукцыю, не раздумваючы над пытаннем «А што ж сёння прыгатаваць сваім на вячэру?», купіць духмяную выпечку ці смакату для дзяцей, а таксама падчас шпацыру па прыгожай плошчы зазірнуць, каб паласавацца прахалодным марожаным ці кактэйлем…

Івацэвіцкае райспажыўтаварыства амаль штогод уваходзіць у пяцёрку лепшых у рэспубліцы і заўжды імкнецца не толькі ні ў чым не адстаць ад сеткавікоў, але нават быць лепшымі па многіх пазіцыях. Трэба адзначыць, што ў таваразвароце ў нашым раёне лідзіруючая пазіцыя за райста, хаця няма межаў для дасканаласці і сярод пакупнікоў бываюць недавольныя… Аднак усё пазнаецца ў параўнанні.

Наш герой Юра Русакевіч, а для яго падначаленых Юрый Віктаравіч, заўсёды імкнецца дагадзіць сваім пакупнікам і ўпэўнены, што з «Кулінарыі», дзе ён працуе, выйсці, нічога не купіўшы, немагчыма. Малады чалавек любіць сваю работу, імкнецца навучыцца новаму ў сваёй сферы, вось і зараз паступае ў вышэйшую ўстанову па спецыяльнасці «грамадскае харчаванне». А яшчэ ўдзячны кіраўніцтву Івацэвіцкага райспажыўтаварыства за аказаны давер: не так даўно Юрый скончыў Баранавіцкі тэхналагічны каледж па спецыяльнасці «тэхнік-тэхнолаг грамадскага харчавання», і яму прапанавалі працу на новым месцы – у сучаснай і прыгожай «Кулінарыі».

Але вернемся ў дзяцінства хлопца. Юрый родам з пасёлка Зялёны Бор, скончыў ў мясцовай школе 9 класаў і падаўся па парадзе бабулі ў Белаазёрскі каледж вучыцца на повара. Вызначаючым тады стала тое, што горад непадалёк знаходзіўся. Адвучыўшыся на повара, хлопец зразумеў, што гэта прафесія не для яго, ён любіць быць сярод людзей, а не цэлымі днямі кіраваць каструлямі і прадуктамі. Тым больш, з дзяцінства марыў быць артыстам.

Каб мару наблізіць да рэальнасці, наступным месцам вучобы для Юрыя стаў Гродзенскі каледж мастацтваў. Пасля яго заканчэння накіраваўся хлопец на малую радзіму і працаваў загадчыкам сельскага клуба, тады ж захапіўся эстрадным жанрам «пародыя» і танчыў на сцэне то Баскавым Мікалаем, то ў жаночых вобразах раскручаных спявачак… Малады спецыяліст Юрый зразумеў на той час адно: ўвесь свой заробак ён укладвае ў сваю работу і што так далей нельга. І ён едзе ў райцэнтр і некаторы час, якраз калі былі «Дажынкі» ў Івацэвічах, працуе буфетчыкам у «Смаку» (у тым самым месцы, дзе і зараз фактычна).

Зноў нешта стала сумна без сцэны, і Юрый Русакевіч уладкоўваецца культарганізатарам у інтэрнат для састарэлых. Працуе год, а пасля ў яго жыцці, як лічыць сам Юрый, была чорная паласа працягласцю пяць гадоў, і апынуцца ў гэтым месцы нікому ён не жадае…

У 2020 годзе 32-гадовы хлопец пачынае пісаць новы сцэнарый свайго жыцця. І так здарылася, што малады мужчына працоўную біяграфію зноў пачаў з райспажыўтаварыства. Спачатку быў грузчыкам у філіяле ККП, пасля працаваў у кандытарскім цэху «Крыніцы» на выпісцы прадукцыі і рабіў малюнкі з харчовай пячаці на тортах, пасля там жа шчыраваў аператарам ЭВМ. За гэты час Юрый паступіў у профільны каледж у Баранавічы і паспяхова адвучыўся, нават у творчым конкурсе стаў адным з лепшых у рэспубліцы. На пытанне, ці не пацягне зноў у больш творчую прафесію, Юрый Віктаравіч адказвае:

Упэўнены, што не. Я вельмі люблю сваю работу і цаню яе. А творчасць з узростам навучыўся прымяняць і тут. Люблю вельмі выязны гандаль, ніколі не адмаўляюся, мяне не пужаюць вялікія чэргі каля нашай палаткі падчас святаў і фестываляў, а наадварот: ад людзей я атрымліваю зарад энергіі. Ды і калі ты з гумарам, усмешкай на вуснах, ды яшчэ і з песняй зазываеш пасправаць той жа шашлык, хто ж адмовіцца… А яшчэ я навучыўся трымаць баланс паміж працай у грамадскім харчаванні і любоўю да сцэны. У вольны час я аніматар, індывідуальны прадпрымальнік. Весялю і малых, і дзяцей у розных вобразах (то Мішкі, то Чабурашкі, то Мікі-Мауса) падчас святкавання дня нараджэння. Пасля насычаных выхадных у такіх касцюмах (а яны і важкія) мне мая работа яшчэ больш падабаецца (смяецца. – Аўт.).

На новым месцы работы, у «Кулінарыі», Юрыю хочацца, каб гэтая кропка грамадскага харчавання са стыльным інтэр’ерам была любімай сярод гараджан і гасцей Івацэвіч. Разам з кіраўніцтвам райспажыўтаварыства Юрый Віктаравіч зацікаўлены ў разнастайнасці і добрай якасці прадукцыі. Нядаўна ў «Кулінарыі» сталі выпякаць «Цыбульны хлеб», а таксама «Бабулін», хутка сваіх наведвальнікаў здзівяць і сваёй «Чыабатай». Пашырыўся і асартымент дэсертаў, яны прадаюцца па-сучаснаму ў пластыкавых шкляначках.

Падначаленыя і калегі Юрыя Віктаравіча толькі станоўча адзываюцца пра маладога чалавека, гавораць, што ён вельмі ініцыятыўны, камунікабельны і адкрыты. І сам ён з павагай і ўдзячнасцю ставіцца да таго, што зараз ёсць у яго жыцці. Наша размова з Юрыем адбылася амаль не на прывакзальнай плошчы: ён толькі прыехаў з Гродна, здаўшы першы ўступны экзамен ва ўніверсітэт. Пажадаем, каб гэтая прыступка пакарылася Юрыю Русакевічу, а таксама віншуем з прафесійным святам яго і ўсіх прадаўцоў і работнікаў гандлю нашага раёна.

Марыя Сазонава, фота аўтара.