Сярод усіх сельгаспрадпрыемстваў раёна найлепшая ўраджайнасць на жніве сёлета ў ААТ «Квасевічы» – 49,1 ц/га. Гаспадарка дадала ў агульны каравай 5 621 т зерня. Жніво яна завяршыла раней за ўсіх, усе пяць экіпажаў, занятых на ім, – тысячнікі. Першымі ў раёне гэты рубеж таксама перасягнуў квасевіцкі экіпаж – Сяргей Кукса і Аляксандр Голуб, пра іх ужо пісала раёнка. А экіпаж у складзе камбайнера Сяргея Галабурды і яго памочніка Мікалая Бурдзюка, які ўбраў зерневыя з 255 га і намалаціў 1 191,8 т, прыкметны тым, што працаваў на самым «пажылым» у гаспадарцы камбайне – КЗС-1218, які ў страі ўжо 15 сезон. Дагледжаны механізатарамі належным чынам, камбайн яшчэ дапаможа ў полі, хоць звычайна з такой тэхнікай развітваюцца пасля 10 гадоў эксплуатацыі, а то і раней. Вось што значыць трапіць у рукі гаспадароў!
І Сяргей Галабудра (родам з Квасевічаў), і Мікалай Бурдзюк (з Альшаніцы) у сельскай гаспадарцы больш за 20 гадоў. І ў аднаго, і ў другога ў ААТ «Квасевічы» працуюць жонкі, працавалі бацькі. Сяргей Галабурда наглядзеўся на бацьку-камбайнера і быў яго памочнікам – адзін сезон, адразу пасля вяртання з арміі, а потым і сам стаў камбайнерам. За два з гакам дзесяцігоддзі навучыўся не
толькі збіраць ураджай, але і араць, і сеяць, і ўносіць арганіку – займаўся розным. У апошнія два гады працуе на малочнатаварным комплексе – на раздатчыку, корміць жывёлу.
А Мікалай у сельскую гаспадарку таксама прыйшоў пасля арміі і стаў трактарыстам, папрацаваў на старой тэхніцы некаторы час, пакуль не далі яму новы трактар МТЗ. Падчас жніва ён памочнік камбайнера, у астатні час трактарыст і зараз заняты на ўборцы кукурузы – возіць сілас. Адукацыя ў мужчын аднолькавая – мастацтву ваджэння вучыліся ў Косаўскім вучэбна-практычным камбінаце, усяму астатняму – на ўласным вопыце і ў старэйшых калег.
Пытаюся, ці складана працаваць на камбайне. Кажуць, не складана, бо з тэхнікай на «ты», але ў цэлым бывае цяжкавата. Каля месяца ў полі з раніцы (з 6.30!) і да вечара, а то і дапазна – тэмп сур’ёзны, для фізічна моцных мужчын. Па-дылетанцку думала, што паломкі тэхнікі ў полі – рэдкасць, а мужчыны смяюцца: пад камбайнам – кожны дзень. То камень «зловяць», то настройваюць камбайн пад пэўную культуру (зерне павінна вымалочвацца якасна, нельга дапускаць яго страт), то сапраўды – зламаліся, і трэба разбірацца ў прычынах. Што малаціць, асаблівай розніцы няма, але ўсё ж культуры-любімчыкі – трыцікале і пшаніца. «Важаць шмат, а нам ад тон плацяць», – з усмешкай тлумачыць камбайнер.
Плацяць у ААТ «Квасевічы» 3 500 руб. за тысячу тон намалочанага зерня, таму жніво для экіпажаў – магчымасць падзарабіць, гэта матывуе, як і ўсведамленне таго, што ты – частка нечага большага, каманды, якая працуе на агульны рэзультат, і не павінен падвесці таварышаў, кіраўніка. У тым ліку дзякуючы такому стаўленню механізатараў, спецыялістаў гаспадарка не здае пазіцый і застаецца адной з найбольш эканамічна стабільных у раёне.
Камбайнер Сяргей Галабурда не помніць, якое для яго па ліку жніво-2023, але помніць, што ў першыя сезоны быў азарт – хацелася абагнаць канкурэнтаў. Неаднаразова яго экіпаж быў адзначаны граматамі на раённых і абласных «Дажынках». Зараз дух саперніцтва адчуваецца ўжо не так: п’едэстал заваяваны, жніво ўвайшло ў прывычку, цяпер проста хочацца спрацаваць належна.
Гэты сезон запомніцца экіпажу капрызамі прыроды – «дзень стаіш, дзень убіраеш». У самы ўдалы пагодлівы дзень намалацілі больш за 100 тон зерня. Вось бы так заўсёды! Палёў, дзе палеглі пасевы (а такое здараецца, калі колас важкі), было няшмат, тут асаблівых цяжкасцей не ўзнікла.
– У адзін дзень адчуваеш сябе надта задаволеным, у другі адчуваеш стому. Так не толькі падчас жніва, – расказвае Сяргей Іванавіч. – Сельская гаспадарка – спецыфічная сфера, трэба рана ўстаць, позна легчы. Зараз я ў жывёлагадоўлі, дык да работы трэба прыступіць у 6.00, вольны час – пасярод дня, калі і без выхадных працую. Мой старэйшы сын працуе трактарыстам, але не ў сельскай гаспадарцы, хоць хлеба гэтага і паспрабаваў. Зараз у Мінску. Ці хацеў бы я, каб ён прадоўжыў нашу сельскагаспадарчую дынастыю ў Квасевічах? Можа, і не. Бо хочацца, каб дзеці падымаліся на адну прыступку вышэй за нас. А сваім прыкладам хачу паказаць, што трэба быць карысным там, дзе ты ёсць. І яшчэ я люблю вёску, а вялікі горад – мурашнік…
«Простае шчасце людское так, як і наша з табою, пэўна, складаецца з солі, з хлеба, сабранага ў полі, з поту, з дарожнага пылу, з роднага небасхілу…». Так дакладна Максім Танк апісаў жыццёвую філасофію вяскоўцаў і нашых аграрыяў, дзякуючы якім на нашых сталах ёсць хлеб і да хлеба. Мы помнім пра гэта і шчыра дзякуем за намаганні работнікам сельскай гаспадаркі – яны вылучаюцца працавітасцю, прастатой, цярпеннем і загартоўкай, якім можна па-добраму пазайздросціць.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.