Жніво ў Івацэвіцкім раёне стартавала ў апошніх чыслах чэрвеня. Ужо завершана ўборка азімага ячменю. Яшчэ некалькі гадоў таму яго вырошчваннем у раёне займалася толькі Эксперыментальная база «Майск», цяпер ячмень вырошчваюць усе сельгаспрадпрыемствы, пад культуру летась адвялі 962 га і атрымалі сёлета агульны ўраджай больш за 3 120 т пры ўраджайнасці вышэй за 32 ц/га.

Два гады таму Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на адной з нарад даў даручэнне аб змяненні структуры пасеваў з акцэнтам на азімы ячмень, які мае шэраг пераваг: выспявае да пачатку масавай уборкі яравых зерневых, дае магчымасць выпрабаваць тэхніку і зернесушыльныя комплексы, а таксама аператыўна і ў больш раннія тэрміны атрымаць кармы для жывёлагадоўлі.

Такое ж меркаванне і ў дырэктара ДП «Э/б «Майск» Уладзіміра Ткача, які дадаў да пераваг стабільна добрую ўраджайнасць.

«Майск» вырошчвае азімы ячмень чацвёрты год запар, і ўраджайнасць – вышэй за 40 ц/га
нават з улікам капрызаў прыроды.
– Наша гаспадарка аб’ядналася з ААТ «Любішчыцы» ў 2020 годзе, і ў далучанай гаспадарцы вырошчвалі ячмень – гектараў 70-80. У год аб’яднання мы пасеялі 105 га і атрымалі 526 т зерня (у фізічнай вазе, да дапрацоўкі); ураджайнасць – 50 ц/га, – расказвае Уладзімір Аксенцьевіч. – У 2021 годзе аддалі пад азімы ячмень ужо 125 га, атрымалі з іх 610 т пры ўраджайнасці
40,6 ц/га. Год 2022-гі – зноў паселі больш – 200 га, ураджай – 986 т, трошкі не дацягнулі да запаветнай тысячы, намалацілі 49,3 ц/га.

Нарэшце, год 2023-ці – сабралі 1 022 т зерня з 250 га пры ўраджайнасці 40,9 ц/га.

Не ўсе палі ў нас урадзілі аднолькава, на горцы – горш, дзе ніжэй – лепш. Для гэтага не надта спрыяльнага года было б добра атрымаць і 30 ц/га.

Для нас, гаспадаркі, у якой не заўсёды хапае кармоў, азімы ячмень як палачка-выручалачка. Гэта самае першае зерне, якое няхай і не адразу, праз месяц, але пойдзе на корм жывёле. І ўжо зараз новы ўраджай ячменю мяняем на мінулагодні ўраджай у іншай гаспадарцы, каб карміць скаціну. Наступнага зерня чакаць доўга, асабліва сёлета. Хіба раней выспее азімы рапс, яго ў нас таксама многа – 300 га.

Падкрэсліў суразмоўца і тое, што азімы ячмень не толькі ўбіраецца, але і сеецца раней за астатнія культуры. Сяўба большасці азімых культур пачынаецца з 5 верасня, а ячменю – з 20 жніўня. А гэта значыць, правяраюцца сеялкі, і з-за такога размеркавання ў часе змяншаецца нагрузка падчас асноўнага этапу сяўбы.

Сакрэт фірмы
На ўборцы азімага ячменю былі задзейнічаны чатыры камбайны з шасці. Найбольш зерня намалаціў Міхаіл Філіпчык – 289 т, ён працуе ў гаспадарцы ў перыяд жніва з 2013 года. Але і яго калегі амаль не адсталі ад лідара. Тэхніку, якую рыхтавалі загадзя, паклапаціўшыся пра запас запчастак, лічы, абкаталі – камбайны адпрацавалі без паломак. Сёлета гаспадарка атрымала адзін новы камбайн і чакае пастаўкі яшчэ аднаго ў ліпені.

Падрыхтавалі і зернесушыльныя комплексы. З буйных пакупак – набылі норыю – транспарцёр, які падае зерне наверх у шахту; абышоўся ў 9 тыс. руб. Кіраўнік гаспадаркі адзначае, што зерне ў такую спёку ішло сухім, газ для сушкі не выкарыстоўваўся, зерне толькі ачышчалася ад прымесяў і накіроўвалася ў склад. А свежая салома пайшла на подсціл. Не ўвесь ураджай азімага ячменю, які атрымала Э/б «Майск», пойдзе на корм жывёле: ААТ «Белсолад» купіць у гаспадаркі 200 т
для вытворчасці піва; 60 т пакідаюць на насенне.

Пытаюся пра сакрэт фірмы: як дзейнічаць, каб азімы ячмень урадзіў?
– Трэба старацца сеяць яго на роўных палях і толькі на мінералках: на тарфяніках павымярзае, – тлумачыць Уладзімір Ткач, аграном па адукацыі. – Калі казаць проста, пад гэтую культуру варта выбіраць зямлю трошкі лепшую, мы так і робім. Уплывае на рэзультатыўнасць апрацоўка культуры ад хвароб. Вядома, для добрага ўраджаю трэба і сонца, і вільгаць – але гэта для ўсіх. Толькі звярніце ўвагу: ячмень лепш перанёс засуху, чым многія культуры. Пшаніца, трыцікале азімыя ў нас павысушвала – папрападалі, а ячмень выстаяў. Таму на змяншэнне плошчаў пад гэтую культуру дакладна не пойдзем – наадварот, плануем павелічэнне да 300 га. Што да астатніх культур, вырошчваем азімую пшаніцу, трыцікале, яравы ячмень, авёс, зернебабовыя. Найбольш пасеялі трыцікале – 570 га, і пасевы часткова вымерзлі, а потым засуха нанесла ўдар. Пасля замаразкаў перасеялі 50 га азімай пшаніцы і 70 га трыцікале яравым ячменем, а ўжо наступствы засухі такім чынам не выправіш – зерне выспець не паспее. Згарэўшыя пасевы часткова ўбралі на зернесянаж.

«Усё ў нас атрымаецца»

10 ліпеня ў гаспадарцы прыступілі да нарыхтоўкі травяністых кармоў. Сёлета правялі сур’ёзную работу па пераворванню старых траў уздоўж алімпійкі і на іх месцы пасеялі аднагадовыя культуры – усяго 600 га: трыцікале плюс гарох, пшаніца плюс гарох, проса. Растуць яны выдатна, але скосяць не ўсё: у палях стаіць вада. Так-так, скардзіліся на засуху, а пайшлі такія дажджы, што меліярацыйныя каналы перапоўненыя, насосы качаюць – сітуацыя не выпраўляецца. Пад вадой 324 га кукурузы Э/б «Майск», і вось за яе кіраўнік гаспадаркі хвалюецца моцна: каб хоць не прапала.

Э/б «Майск» не ў ліку самых моцных гаспадарак раёна. Гаварылі пра цяжкасці, з якімі сутыкаецца аб’яднаная гаспадарка. Па словах кіраўніка, праз яе памер узнікаюць нязручнасці, цяжкасці ў лагістыцы: працягласць гаспадаркі ад фермы ў Гічыцах да фермы ў Вольцы – 45 км. Нарыхтоўваючы першыя кармы, вадзіцелі ад поля да траншэі пераадольвалі адлегласць у 15 км у адзін бок. А расход паліва ў той перыяд быў да 4 000 л у дзень! Невялікаму сельгаспрадпрыемству гэтага паліва магло б хапіць на тыдзень. Ёсць цяжкасці і з набыццём запчастак – бывае, няма дзе іх узяць і цэны касмічныя. Не хапае талковых спецыялістаў у жывёлагадоўлі. Разам з тым, нягледзячы на праблемы, на не надта высокія паказчыкі, ёсць і пэўныя дасягненні. Напрыклад, у мінулым годзе ў гаспадарцы намалацілі больш за 1000 т рапсу – ні сам «Майск», ні «Любішчыцы» ў свой час і блізка не маглі пахваліцца такім вынікам да гэтага, ды і летась гэта ўдалося толькі пары-тройцы гаспадарак раёна. Тут навучыліся працаваць з рапсам, сеюць яго рана – з 1 жніўня, у гаспадарцы ўжо падрыхтаваны пад пасевы каля 100 га зямлі. Нямала работнікаў Э/б «Майск» паднімаліся на сцэну падчас мінулагодніх абласных «Дажынак», маладзёжны экіпаж гаспадаркі быў першым у вобласці на жніве-2022, адзначылі сямейны экіпаж. Ёсць невялікі плюс і па малаку. «Людзі стараюцца – усё нармалізуецца і ўсё ў нас атрымаецца», – рэзюмаваў Уладзімір Ткач. І вярнуўся да штодзённых клопатаў – іх у кіраўніка сельгаспрадпрыемства хапае заўсёды.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться