У ААТ «Перамога» – разгар корманарыхтоўкі
Нарыхтоўка кармоў – першачарговая задача для сельгаспрадпрыемстваў, бо кармавая база – гэта аснова жывёлагадоўлі, а яна прыносіць асноўныя грошы гаспадаркам. ААТ «Перамога» штодзень скормлівае жывёле 170 т зялёнай масы, бо мае сур’ёзнае пагалоўе: 6 350 галоў БРЖ, з якіх 2 040 галоў – дойны статак. Што-што, а кукуруза ў гаспадарцы ўрадзіла. Разлічвалі закласці ў траншэі каля 30 тыс. т сіласнай масы, але відавочна: яе будзе больш. І цяпер тут збіраюцца нарыхтаваць каля 35 тыс. т сіласу, што дазволіць выйсці на паўтарагадовы запас кармоў.
Закладвацца яны будуць у тым ліку і ў новыя траншэі на МТФ «Вулька-Аброўская-1», будаўніцтва якіх падыходзіць да завяршэння. Разам з дырэктарам ААТ «Перамога» Уладзімірам Ядалам пабывалі і ў палях, і на будоўлі. Але ў асноўным гаварылі пра царыцу палёў – кукурузу, уборка якой зараз актыўна вядзецца, пра асаблівасці яе вырошчвання на тарфяніках, пра сакрэты атрымання добрага ўраджаю.
Галоўная мэта для кіраўніка цяпер – сабраць і захаваць ураджай. Таму Уладзімір Сямёнавіч плануе паскорыцца з тэмпамі ўборкі. Пад кукурузу ў гаспадарцы адвялі 1 500 га, з якіх 1400 га – на сілас і 100 га – на зерне. 100 га з тых, што на сілас, ужо скошаны (да ўборкі прыступілі 28 жніўня, але рабілі перапынак на «Дажынкі»). Магутны кормаўборачны камбайн Krone BiG S, на якім працуе вопытны камбайнер Юрый Лось, у тандэме з 7-8 МАЗамі на адвозцы ўбірае каля 25 га ў дзень – маса кукурузы харошая. Не менш за 40 га – такую планку ставіць перад сабой і работнікамі Уладзімір Ядала, каб закончыць уборачную прыкладна за месяц і не згубіць частку ўраджаю: пачатак зараз у фазе васковай спеласці, надвор’е стаіць цёплае, і кукуруза не павінна высахнуць у палях. Для выканання задачы тэрмінова рыхтуецца да выхаду на палеткі яшчэ адзін кормаўборачны камбайн. Дадатковую тэхніку для адвозкі плануецца прыцягнуць з іншых арганізацый.
А вясной у кіраўніка быў другі галаўны боль. 90 % зямель ААТ «Перамога», у 2014 годзе аб’яднаным з СВК імя Чарткова, – тарфянікі, дзе замаразкі ў маі – не навіна. Вось і сёлета з-за іх давялося перасяваць 180 га кукурузы. Потым засуха – і ўсё менш веры ў добры ўраджай. На ўсякі пажарны пачалі актыўна закладваць на сілас травы-аднагодкі і назапасілі 8 тыс. т. Але ратавалі і кукурузу – як маглі, як умелі.
Яшчэ летась мясцовыя кулібіны з ліку працаўнікоў гаспадаркі ўзяліся за мадэрнізацыю культыватара, які б дапамог у барацьбе з пустазеллем у міжрадкоўі. А сёлета ўдасканалілі агрэгат, дадаўшы да канструкцыі шлангі, невялікую бочку для ўгнаенняў, і пусцілі яго ў ход. З дапамогай культыватара апрацавалі 350 га самай слабай кукурузы, падкарміўшы яе азотам (КАСам), што трапляў пад самы корань, і заадно пазбавілі культуру ад пустазелля ў радках і міжрадкоўі. Гэта надало ёй сіл, і кукуруза вымахала на вачах нават на тых участках, дзе яе перасеялі.
Барацьба з пустазеллем – гэта істотны момант, лічыць Уладзімір Сямёнавіч. Калі пустазелле возьме верх над культурай, «загоніць» пасевы, яна спыніцца ў сваім росце і «выкіне мяцёлку», каб выканаць асноўную функцыю – даць патомства. Не будзе масы, не будзе добрага пачатка. Недарма асаблівая ўвага зараз надаецца ўнясенню гліфасатаў на палі, адведзеныя пад кукурузу, прычым яшчэ з восені, каб вытравіць пустазелле, пырнік. Загадзя глеба павінна атрымаць і арганіку. У ААТ «Перамога» ў чарговы раз запэўніліся ў простай ісціне: на добра ўгноеных землях кукуруза лепш спраўлялася з засухай.
«Поспех на тарфяніках прыходзіць з вопытам»
– Сакрэт атрымання ўраджаю кукурузы просты, і яго ведае кожны аграном – рабі па тэхналогіі. Загадзя і правільна рыхтуй глебу, вядзі барацьбу з пустазеллем, насенне выбірай добрае, угнаенняў давай па норме. Вучоныя распрацавалі схему, і яе можна знайсці ў кніжках. Усё выконвай – і ўсё вырасце, – гаворыць Уладзімір Ядала, кіраўнік з больш чым 20-гадовым стажам.
Але нават найлепшы і самы скрупулёзны ў выконванні тэхналогіі аграном можа сутыкнуцца з неўраджаем, асабліва на тарфяніках. Тут нікога не здзівіш замаразкамі ў маі, а то і ў жніўні. Надвор’е цяпер непрадказальнае: то мароз, то дажджы, то спёка. Трэба яшчэ добра падумаць, калі сеяць: як усе ці глядзець па абставінах, па гатоўнасці зямель, якія вясной шмат дзе пераўвільготненыя.
– Зараз ужо крыху пачынаюць разумець, што такое тарфянік. Суглінак, пясчаныя глебы – там зусім іншая культура земляробства, чым у нас, – расказвае Уладзімір Сямёнавіч. – Вясной тарфянік цябе не пускае – мокра. Сееш зерневыя першымі і там, дзе вышэй, а кукурузу пазней і там, дзе нізка. Летам зноў убіраеш першымі каласавыя, а восенню ў нізіны вяртаецца вада, паспрабуй убяры такія кукурузныя палеткі. Зноў жа, сееш, як усе, у пару, па тэрмінах – мароз выкасіць пасевы. Мы ўсё ж звычайна цягнем з сяўбой, і гэта абумоўлена асаблівасцямі нашых зямель і кліматам. Ну і меліярацыя патрэбна тарфянікам. Некалі СВК імя Чарткова, далучаны да нашай «Перамогі», быў без кармоў. А перазалужылі палі – родзіць зямля. Сёлета плануем правесці меліярацыю на 500 га, 250 га – у планах на наступны год.
Калі я толькі прыйшоў працаваць, перасяваў 400 га кукурузы, страшна ўспомніць. Потым 300 га, потым 200 – нямала. Бывала, сваіх кармоў гаспадарцы не хапала – куплялі сілас… Карацей, да тарфянікаў яшчэ трэба прыстасавацца, поспех на іх прыходзіць з вопытам.
«Добра сябе паказала насенне беларускай селекцыі»
На полі, дзе вялася ўборка кукурузы, нам сустрэўся галоўны аграном ААТ «Перамога» Сяргей Квакуха, з якім таксама пагутарылі пра ўраджай кукурузы-2023 – найперш пра ўраджайнасць, пра насенне.
– Сёлета ўраджай кукурузы радуе. Думаю, ён на працэнтаў 30 будзе большым за мінулагодні. Была цяжкая вясна, май без дажджоў, што паўплывала і на каласавыя, і на кукурузу. І ўсё ж вільгаць у другой палове лета і дадатковыя азотныя падкормкі, укараненне міжрадковай апрацоўкі новым агрэгатам паўплывала на павышэнне ўраджайнасці кукурузы. Пакуль у сярэднім атрымліваем 320-350 цэнтнераў зялёнай масы з гектара. Ёсць участкі, якія даюць і да 400 ц/га, а дзесьці – і менш за 300. Для тарфянікаў гэта вельмі добры рэзультат.
30 % плошчы засеялі імпартнымі гібрыдамі, астатнюю – кукурузай беларускай селекцыі, і яна добра сябе паказала. Ёсць участак, дзе наша івацэвіцкая кукуруза – гібрыд «Палескі-212» – проста шыкоўная, высокая, ураджайнасць – да 400 ц/га. Побач – французскі гібрыд «Аякс», і айчынная кукуруза ад яго нічым не адрозніваецца.
Лічу, што сеяць толькі імпартнымі гібрыдамі няправільна. Трэба, каб быў баланс. Да таго ж насенне беларускай селекцыі завострана на наш клімат. Імпартнае лепшае толькі таму, што за мяжой прымяняецца навуковы падыход пры вырошчванні кукурузы на насенне, у ім, адборным, у выніку больш энергіі для росту. Мы сеем тым, што самі вырошчваем, на заводзе насенне толькі калібруюць. Наша гаспадарка на працягу апошніх гадоў пяці вырошчвала кукурузу на насенне, а сёлета адмовіліся. Я паглядзеў па севазвароце і лічу, што зараз у нас няма дастойных участкаў, каб займацца насеннем.
ААТ «Перамога» застаецца моц-ным серадняком сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна. У часы аб’яднання з больш слабой гаспадаркай яно самастойна справілася з цяжкасцямі. У раслінаводстве ідзе ў нагу з часам, практыкуючы новае: безадвальную апрацоўку зямлі, тэхналогію кулісных пасеваў (высяванне сельгаскультур палосамі) і іншае. У жывёлагадоўлі набіраюць абароты, укараняюць тэхналогію на новых МТФ, значна павялічылі пагалоўе буйной рагатай жывёлы, дойны статак і рэалізуюць штодня амаль 33 тоны малака. Уладзімір Сямёнавіч успамінае першыя гады працы ў гаспадарцы, гады, шчыра кажучы, бедныя, і тое, як начальнік райсельгасхарчу гаварыў яму: «Будзеш прадаваць 15 тон малака – будзеш у шакаладзе».
– І вось я прадаю 33 тоны. Але дзе той шакалад? – смяецца кіраўнік.
Так, у сельскай гаспадарцы нясоладка, але праца аграрыяў патрэбная, без яе не пражыць, і гэта павінна надаваць сіл усім тым, каго любіць зямля і каму яна шчыра аддзячвае ўраджаямі.
Новы цялятнік, новыя сіласныя траншэі
У ААТ «Перамога» падыходзіць да завяршэння трэцяя чарга будаўніцтва малочнатаварнага комплексу «Вулька-Аброўская-1», дзе мы таксама пабывалі з Уладзімірам Ядалам. Да 2022 года тут была старая ферма. Ад яе застаўся адзін кароўнік, куды часова перавялі цялят, – цяпер ён стаіць у цэнтры ў акружэнні новых пабудоў. Два хлявы пабудавалі гаспадарчым спосабам, за бюджэтныя сродкі – яшчэ тры, у тым ліку і ў першую чаргу даільную залу. Затым будавалі астатнія памяшканні – для ўтрымання дойнага статка, сухастойных кароў, цялят, для лячэння рагуль, цэх раздою, боксы для расцёлу і іншае.
Трэцяя чарга будаўніцтва мела на ўвазе будаўніцтва памяшкання для ўтрымання цялят і згаданых вышэй сіласных траншэй – іх чатыры, на 10 тыс. т кармоў. На гэтым тыдні адна з іх ужо пачала запаўняцца. Кошт будаўніцтва адной траншэі – каля 70-80 тыс. руб.
А вось будаўніцтва цялятніка, якое завяршылася зімой, абышлося амаль у 300 тыс. руб. У сакавіку бягучага года ў ім паставілі 248 пластыкавых домікаў для цялят замест звычайных, з дошак. Тут наладзілі і строга выконваюць тэхналогію па доглядзе за нованароджанымі, надаючы асаблівую ўвагу выпойванню малодзівам і ветапрацоўкам, і гэта прыносіць свае плады: няма падзяжу цялят ва ўзросце ад нуля да трох месяцаў.
У гаспадарках раёна вядзецца масавая ўборка кукурузы на корм. Па стане на 8 верасня культуру ўбралі з 3 050 га (25 % планавай плошчы). Сярэдняя ўраджайнасць па раёне – 287 ц/га, найлепшая на дадзены момант – у СВУ «Даманава» (451 ц/га).
З атрыманай зялёнай масы нарыхтавалі 76,2 тыс. т кукурузнага сіласу. У цэлым нарыхтавана 92,6 тыс. т сіласу, што з улікам сенажу і сена складае 18,1 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Найбольш сіласу нарыхтавала ААТ «Святая Воля» – 13,4 тыс. т (33,5 % да плана), у тым ліку кукурузнага – 11,5 тыс. т.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.





