З левага боку да Прыбарава падступае пойма Шчары, па правы бок ад паселішча цягнуцца прастакутнікі палёў, якія ўпіраюцца ў звонкі чысты бор. Некалі бор рос зусім недалёка ад хацін. Цяпер і назва вёскі становіцца яснай, зразумелай – селішча пры бары.

У пісьмовых крыніцах Прыбарава згадваецца ў 1816 годзе, калі сяляне паскардзіліся на бясчынствы эканома самому цару. За гэта многіх пакаралі розгамі. Былі сярод іх жанчыны і старыя.

Вядомасць у акрузе вёска набыла сваімі шумлівымі кірмашамі, якія праходзілі тры разы на год па два тыдні. Захавалася ў архіве ведамасць тавараў за 1834 год, якімі гандлявалі мясцовыя купцы.

На кірмашы, акрамя коней, кароў, коз, кажухоў, збожжа, гаршкоў, рыбы, гандлявалі таварамі, прывезенымі з Кітая: чаем, шоўкам, фарфоравым посудам, можна было купіць бухарскія хусткі, шарсцяныя, льняныя вырабы з Расіі, прадавалі таксама віно, соль, цукар. Прадавалі і кнігі, але іх мала куплялі.

Паводле кнігі Алеся Зайкі «Населеныя пункты Івацэвіччыны».

Поделиться