Упершыню ў пісьмовых крыніцах згадваецца нават не само паселішча, а толькі ўрочышча Даманава, што было паблізу вёскі Гнойна (цяперашняя Вішнёўка). У актах Слонімскага земскага суда за 11 кастрычніка 1570 г. змешчана заява Соф’і Аляксандраўны Хадкевіч, па мужу Карыцкай, аб замене з Сямёнам Мітковічам  Гноенскім зямельнымі ўчасткамі. Соф’я Карыцкая паведаміла суду, што «забрано было земли суседа моего пана Семёна Митковича Гноенского…на дванадцать бочок (8,4 га) врочишчом в Доманове, а …зараз отдала его милости Семену шнур земли именья своего Бытенского, врочишчом прозываемое Тереховский, лежачий боком з его же землёю».

Прайшоў час, і ва ўрочышчы Даманава з’явілася паселішча з такой назвай. На думку вучоных, назва яго звязана з прозвішчам Дамана, якое ўтворана ад рэдкага імя Даміян.

У 1856 годзе в. Даманава ў складзе маёнтка Быцень у Быценскай вол. Слонімскага пав. Гродзенскай губ. належала графам Патоцкім. 8 лістапада 1856 г. прыгонныя сяляне маёнтка Быцень запатрабавалі пераводу іх у катэгорыю дзяржаўных. Выступленне пашырылася на вёскі Гнойна, Даманава, Доўгае, Коханава, Зарэчча і інш. Земскі спраўнік даносіў гродзенскаму губернатару: «Сяляне з в. Даманава першыя выявілі дух непакорнасці пры раздачы спецыяльных кніжак, у якіх фіксаваліся памеры паншчынных павіннасцей і розных плацяжоў. Болей за ўсіх крычаў і падбухторваў сялян Кандрат Райка, за што я тут жа загадаў яго арыштаваць, але вяскоўцы самавольна вызвалілі з-пад арышту селяніна Райка».

Для ўціхамірання прыгонных быў накіраваны паліцэйскі атрад, які на працягу 8 месяцаў знаходзіўся на пастоі ў маёнтку. Аднак і пасля гэтага 400 сялян вёсак Даманава і Гнойна адмовіліся выходзіць на паншчыну. Улады вымушаны былі паслаць туды 2 роты салдат стралковага батальёна. Пад кіраўніцтвам самога гродзенскага губернатара было праведзена следства і ўчынена расправа.

Некаторыя сяляне былі асуджаны на катаржныя работы ў Сібір, іншыя здадзены ў рэкруты.

У 1870 г. у Даманаве налічвалася 414 рэвізскіх душ, сялянскі клін складаў 1208 дзесяцін ворнай зямлі. З 1871 г. пачала дзейнічаць чыгунка Брэст–Масква са станцыяй у Даманаве. Жыхары асвойвалі новыя прафесіі: абходчыкаў, стрэлачнікаў, рамонтнікаў. У 1884 г. сяляне вёсак Гнойна і Даманава (да 200 чал.) не пагадзіліся з будаўніцтвам вадасховішча на землях, якія належалі вясковай грамадзе, напалі на прыказчыка, разбурылі вартавую будку.

У 1886 г. – 48 двароў, 504 жыхары. У 1905 г. у паселішчы 798 жыхароў, на чыгуначнай станцыі – 35, ва ўрочышчы Даманава – 10 жыхароў.

У 1914 г. працавала народнае пачатковае вучылішча (настаўнік П. Бяндоўскі, Закону Божаму вучыў айцец Д. Івацэвіч). Першая сусветная вайна прымусіла амаль усіх даманаўцаў выехаць у бежанства.

3 1921 г. у складзе Польшчы, у Быценскай гміне Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства. У гады белапольскай акупацыі ў вёсцы дзейнічалі падпольныя групы Грамады, ТБШ, КПЗБ, працавала пачатковая польская школа.

3 1939 г. у складзе БССР. 3 15.01.1940 г. вёска – цэнтр Даманаускага с/с Быценскага раёна, Баранавіцкай вобласці, 166 двароў, 941 жыхар, пачатковая школа, хата-чытальня, амбулаторыя.

У гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзілася пад акупацыяй нямецка-фашыскіх захопнікаў. 20 вяскоўцаў сталі ахвярамі фашысцкага тэрору, 28 даманаўцаў загінулі на фронце; у вёсцы пахаваны 62 вайскоўцы. Узведзены 2 помнікі на магілах савецкіх воінаў, партызан і землякоў, якія палеглі ў баях за Радзіму.

Пасля вызвалення ад нямецка-фашыскіх акупантаў Даманава – цэнтр прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, транспартных шляхоў. З 1950 г. у складзе калгаса імя Калініна, 176 гаспадарак, 887 жыхароў, вялася здабыча торфу, дзейнічала арцель «Чырвоны калеснік» (16 чалавек), якая займалася лесанарыхтоўкамі, лесавывазам, металаапрацоўкай (была добрая кузня), лесаапрацоўкай (піларама), вырабам мэблі.

3 8 студзеня 1954 г. вёска ў Брэсцкай вобласці, з 14 кастрычніка 1957 г. – у Івацэвіцкім раёне.

У 1958 г. у Даманаве 125 гаспадарак, 378 жыхароў; на чыгуначнай станцыі 134 гаспадаркі, 503 жыхары, сярэдняя і вячэрняя школы, ФАП, магазін, лазня. 3 6 студзеня 1962 г. – у Бярозаўскім, з 6 студзеня 1965 г. – у Івацэвіцкім раёне. У 1966 – 1967 навучальным годзе ў Даманаўскай сярэдняй школе займаліся 488 дзяцей, заняткі з імі вялі 30 настаўнікаў, было 9 класных пакояў.

У 1979 г. – 1450 жыхароў; у 1997 – 1348; у 2002 – 1332. Рашэннем раённага Савета дэпутатаў ад 27 лютага 2009 г. вёсцы Даманава нададзены статус аграгарадка з захаваннем ранейшай назвы.

На 1 студзеня 2011 г. у аграгарадку налічвалася 501 гаспадарка, 1089 жыхароў. Размешчана прадпрыемства па вырабу лакаў і фарбы, вадкага шкла, сярэдняя школа, дзіцячы сад, клуб, бібліятэка, амбулаторыя, аддзяленне сувязі, 4 магазіны, лазня, лясніцтва, рыбгас, цэнтр СВК «Даманава» УП «Аблгаз».

На сённяшні дзень аграгарадок Даманава налічвае 484 гаспадаркі і 1056 жыхароў.

Размешчаны ААТ «Даманаўскі вытворча-гандлёвы камбінат», сельскагаспадарчае вытворчае ўпраўленне «Даманава» УП «Брэстаблгаз», лясніцтва, чыгуначная станцыя, сельская бібліятэка, аддзяленне паштовай сувязі, сярэдняя школа, дзіцячы сад, амбулаторыя агульнай практыкі, Храм Святой Вялікапакутніцы Кацярыны.

Па матэрыялах кнігі Алеся Зайкі «Населеныя пункты Івацэвіччыны».

Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться