Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі пагутарылі з дырэктарам ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» Людмілай Ільянковай. Яна кіруе прадпрыемствам з верасня мінулага года, а ў сістэме ЖКГ працуе больш за 30 гадоў, 13 гадоў была намеснікам дырэктара па эканоміцы. Адразу скажам, што жанчына-кіраўнік у гэтай сферы – рэдкасць. Толькі дзве жанчыны на ўсю рэспубліку не пабаяліся ўзначаліць калектыў камунальнікаў, на якіх сёння ўскладзена столькі задач, што галава кругам. А як яны з імі спраўляюцца? І што ў планах на бліжэйшую перспектыву? Пра гэта і многае іншае чытайце ў нашым інтэрв’ю.

– Людміла Фёдараўна, як спрацавала прадпрыемства ў мінулым годзе, ці здзейснена ўсё задуманае?
– Год завяршылі паспяхова, з прыбыткам у 1,6 млн руб. З 41 даведзенага паказчыка не выканалі толькі чатыры, і ў рэйтынгу аналагічных прадпрыемстваў вобласці Івацэвіцкая ЖКГ – у сямёрцы лепшых. Усе паказчыкі па дзяржпраграмах таксама выкананы. Лічу, спрацавалі належным чынам.

– Нядаўна Івацэвічы наведаў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Генадзь Трубіла. Якія задачы паставіў ён перад калектывам?
– Генадзь Аляксеевіч браў удзел у пасяджэнні райвыканкама і рабоце інфармацыйна-прапагандысцкай групы. Ён станоўча ацаніў нашу работу і паставіў задачу не толькі якасна аказваць жыллёва-камунальныя паслугі (камунальнікі ў адказе за камфорт насельніцтва), але і шукаць шляхі для ажыццяўлення іншых відаў дзейнасці – для падтрымкі фінансава-эканамічнага стану прадпрыемства і атрымання дадатковага прыбытку, які потым можа накіроўвацца на аплату працы работнікаў ЖКГ.

– Чым жа яшчэ зоймуцца нашы камунальнікі? Ужо ёсць ідэі?
– Ідэі ёсць. Маем уласную вытворчасць пластыкавых вокнаў і будзем яе развіваць. Разглядаю і такі кірунак, як аказанне гасцінічных паслуг у г. п. Целяханы. У маляўнічым месцы, на беразе Вулькаўскага возера ў ЖКГ ёсць гасцініца, зараз у межах сваіх фінансавых магчымасцей робім там рамонт. Будынак стане больш прывабным, і мы разлічваем на тое, што пражываннем у ім зацікавяцца перш за ўсё турысты, госці раёна, адпачываючыя. Як варыянт, яшчэ адзін від дзейнасці – кашэнне травы, аказанне іншых бытавых паслуг з прымяненнем сродкаў малой механізацыі. Пачнём з малога, магчыма, возьмемся за больш маштабны праект, аднак спачатку трэба зрабіць разлікі, бо ўкладзены капітал павінен даваць аддачу.

– Восенню ў Івацэвічах пройдуць урачыстасці, прымеркаваныя да Дня беларускага пісьменства. У сувязі з гэтым што ўжо зроблена, што будзе зроблена камунальнікамі па добра-
ўпарадкаванні горада?

– Будзе зроблена шмат чаго, і не толькі камунальнікамі. Мы заменім трубы водазабеспячэння і водаадвядзення на вул. Кароткай і Заслонава. Пафарбуем 21 дом камунальнага жылфонду на вул. Леніна, Клютко, Савецкай, Камсамольскай (зараз ідзе абмеркаванне каляровага рашэння фасадаў). Прадоўжым рамонт дахаў у шэрагу будынкаў. Асноўныя работы па рэканструкцыі аб’ектаў будуць праводзіць будаўнікі, а мы дапаможам: зоймемся азеляненнем, газонамі, навядзеннем парадку на вуліцах. Хутка будзе набыта і ўстаноўлена новая раённая Дошка гонару, а каля гарадскога Дома культуры ўстановім арт-аб’ект. Што гэта будзе? Пакуль патрымаем інтрыгу.

У планах – добраўпарадкаванне чатырох дваровых тэрыторый у Івацэвічах (вул. 60 год Кастрычніка, д. 15а, д. 19, вул. Шаўчэнкі, д. 12, вул. Клютко, д. 47) і адной у Косаве (вул. Янкі Купалы). Тэрыторыі прымыкаюць да капітальна адрамантаваных дамоў – у нас комплексны падыход.
Гараджане звярнулі ўвагу: ужо вядуцца работы па ачыстцы Безыменнага канала. Праводзіцца планавая абрэзка дрэў, некаторыя з іх выдаляюцца. У горадзе будуць заменены дарожныя знакі, 498 свяцільняў заменім на энергазберагальныя.

– Івацэвіцкая ЖКГ – балансаўтрымальнік гарадскіх дарог. Прыйшла вясна, і аўтамабілістаў хвалюе іх стан…
– На ўзроўні Кіраўніка дзяржавы дадзена даручэнне дарожнай, камунальнай службам да 9 мая выканаць работы, звязаныя з грэйдзіраваннем, ямачным рамонтам, прывесці ў належны стан усю вулічна-дарожную сетку. Мы правялі інвентарызацыю вуліц, якія знаходзяцца на нашым балансе. Яны ўсе ў большай ці меншай ступені падлягаюць пад правядзенне работ, толькі аб’ём іх будзе розны. Усе івацэвіцкія вуліцы камунальная служба прагрэйдзіравала, па некаторых грэйдар прайшоўся і два разы. На шэрагу вуліц ажыццяўляўся ямачны рамонт – з прымяненнем халоднага асфальту СОМС: гэтую эмульсію можна выкарыстоўваць у любое надвор’е. Праводзіцца кантроль аб’ёму выкананых работ, падаём інфармацыю на вобласць.

Што тычыцца больш глабальнага рамонту, то ён будзе праведзены ў райцэнтры на вул. Загараднай, на ўчастку плошчай 7000 м2. Ужо заключаны дагавор з ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст № 4 г. Брэста», работнікі якога выканаюць замену старога асфальтабетоннага пакрыцця на новае (ЖКГ – заказчык). З бюджэту на гэтыя мэты выдаткавана 500 тыс. руб., рамонт павінен пачацца ў канцы сакавіка.

– Безумоўна, нічога з намечанага немагчыма без зладжанай работы калектыву…
– Гэта так. У жыллёва-камунальнай гаспадарцы раёна сёння працуе 614 чалавек. Сярэдняя зарплата – 1 166 руб. Каб павысіць яе, сёлета зменена тарыфная стаўка, будуць прымацца і другія меры, напрыклад, прэміяльныя выплаты. Я заўсёды была прыхільнікам матэрыяльнага стымулявання работнікаў. Іх, дарэчы, недастаткова, ёсць незакрытыя вакансіі. Прапрацоўваецца пытанне прыцягнення да добраўпарадкавання гораду работнікаў з лячэбна-працоўнага прафілакторыя – на ўчасткі, дзе проста не хапае рабочых рук. Работа пасільная – падмесці, пачысціць тэрыторыю: фронт работ пасля зімы вялікі.

Сваіх работнікаў цаню і паважаю за адказнасць, стараннасць, самаадданую працу. Напярэдадні прафесійнага свята зычу калегам здароўя, міру, дабрабыту, безаварыйнай работы, аптымізму, кожнаму – поспехаў у той справе, якой ён сябе прысвяціў.

– Дзякую за размову.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться