У гасцях у Фені
З якім скарбам мы вярнуліся з Вялікай Гаці пасля размовы з адной непасрэднай, шчырай і мудрай жанчынай
Уявіце сабе куфар у вясковай хаце. Зачынены на ключ, ён так і вабіць паглядзець, а што ў ім схавана, якія багацці, якія сакрэты. І вось ключ знайшоўся – і ты прыадчыняеш века… Прыкладна так я магу апісаць свае пачуцці перад кожнай сустрэчай з чалавекам сталага веку, які доўга жыў і шмат чаго бачыў. Ён – скарбніца, калі лічыць скарбам мудрасць і ўспаміны пра падзеі, што жывуць толькі ў памяці бабуль і дзядуль, узрост якіх – без малога стагоддзе.
Стала я багацейшай і пасля размовы з 91-гадовай Хлоніяй Фёдараўнай Папекай з Вялікай Гаці – непасрэднай, адкрытай і шчырай жанчынай. Не адразу знайшлі яе хату – у каго ні пыталі, ніхто не ведаў, дзе ж у вёсцы завулак Ціхі. Але дадумаліся спытаць, дзе жыве Феня (так называюць у вёсцы Хлонію). І нас адразу зразумелі.
Яе назвалі Хлоніяй, а дакладней Хіоніяй, а потым бацька хацеў памяняць імя. Польскі святар пераканаў яго, што не варта, і чамусьці сказаў: будзе дачушка рукадзельніцай. І не памыліўся: Хлонія Фёдараўна і ткала, і шыла, і вышывала, а цяпер больш вяжа і сурвэткі, і пледы. Разглядаю вышытую «спадніцу для ложка» – падузорнік, саматканае пакрывала. А гаспадыня нясе на канапу торбу ды дастае адтуль фартушок з чырвоным арнаментам.
– Гэта яшчэ мая маці ткала, а я ўжо за кроснамі сядзела, вучылася. Потым мне яго перадала, – расказвае яна. – Вы паглядзіце, які рубчык танюсенькі, ці сёння так шыюць, як тады рукамі? А ведаеце, што гэта за торба? Гэта я сабрала сабе ў труну. Але не, фартушок з сабой не вазьму – пакіну ўнучцы.
Лёгка гаворыць Хлонія Фёдараўна аб смерці, нават прыгадвае час, калі і чакала яе. Маці пражыла больш за 80 гадоў, і, здавалася, гэта шмат. А сама перажыла яе на дзесяцігоддзе, і, здаецца, яшчэ хочацца жыць.
– Як я жыла ў дзяцінстве, у юнацтве, вам не перадаць. Як у вершы «Я мужык-беларус, пан сахі і касы…» (ад рэд. – верш Янкі Купалы). Цяжкай працай маёй (і не толькі маёй – людской) карыстаюцца ўсе, толькі мне за яе няма дзякуй нідзе. От так было, калі будавалі, падымалі калгас. А вайна была – так пабедавалі, то не дай Божа бачыці вам. Цяпер даждала раю, ды ўжо ўміраю. Такой жызні во, як зарэ, я не бачыла. Некалі, каб апрануцца, трэба было напрасці і наткаць. Каб паесці – поле араць. А сёння чаму ж вам на жыць? усё ёсць! Адно не лянуйся. А цяпер пабудаванае разбураюць – несправядліва.
«І горкімі слязамі ўсё поле змачыла…»
10 гадоў было Фені, калі пачалася вайна. Татку (так называе бацьку) на фронт не ўзялі. Выкапаў ён у лесе зямлянку, і жылі ў ёй дзве сям’і – яго і суседа. Перавёз бацька туды жорны, прывёў карову з канём. У каго з вяскоўцаў не было зямлянкі, тыя «абдзяруць елку і вакол ствала галіны паставяць» – і ў шалашы жывуць. Жылі гацукі то ў лесе, то вярталіся ў свае хаты. Аднойчы, калі ў лагеры варылі есці і накрывалі касцёр пакрывалам, якое трымалі дзеці з чатырох бакоў, заўважыў вораг вогнішча з паветра. Пачаўся абстрэл лагера з самалёта. Жах! Цудам ніхто не загінуў. Былі і светлыя дні: у лесе неяк адзначалі і Вялікдзень, і бацюшка быў…
Той самы матулін фартушок – дарагая сэрцу спадчына.
У вёсцы днём маглі завітаць у хату немцы, а ноччу – партызаны. Бацька ім хлеб вазіў у лес, дык яны смела ішлі ў яго хату і аднойчы папрасілі ў бацькі каня і воз. Абяцалі вярнуць. Толькі той конь павёз у мясцовы пастарунак чамадан, а ў ім – узрыўчатка. Выбух – і разарвала і чамадан, і воз. А конь выжыў, вярнуўся дахаты, праўда, аглух.
– Яму што «Прррр!», што «Но!» – усё было адно. Але ж аралі на ім, – расказвае жанчына. – А потым, калі яго не стала, аралі саматуж – чацвёра цягнулі плуг. Дык я і кажу – сама і арала, сама і валачыла, і горкімі слязамі ўсё поле змачыла.
Помніць яна і тыя дні, калі немцы палілі Бабровічы разам з жыхарамі – «дымавуха, смурод, страх». У Вялікай Гаці знайшлі прыстанішча тыя бабрэўцы, каму пашчасціла выжыць. Жыла тут і вядомая дзякуючы кнізе «Я з вогненнай вёскі» Барбарка з дзецьмі – у доме загінуўшых яўрэяў (іх амаль усіх знішчылі).
Падзеі радасныя, падзеі сумныя…
У Фені было сем братоў і сясцёр, але яе маці нараджала 14 разоў, і шасцёра дзяцей не выжыла. Яе маленькую матуля брала з сабой у поле – павесіць на палках «кашэль» з немаўлём і працуе. Пакорміць – і зноў працуе. Зямлі іх сям’я апрацоўвала нямала. Працавалі і на палякаў – плацілі пяць злотых у дзень (на хусцінку можна было зарабіць). Ужо пасля вайны Феня пайшла ў школу (у польскай не вучылася, скончыла чатыры класы савецкай). Школа была па хатах. Была наша гераіня выдатніцай і магла б вучыцца далей («чаму не схацела – не ведаю, да зямлі прыліпла»). Пачала дапамагаць маці ў калгасе, пасвіла кароў, а потым уладкавалася ў леспрамгас.
– І вось чаму я і кажу – няма дзякуй нідзе. Не пайшлі мне ў стаж чатыры гады працы ў леспрамгасе. Быццам не знайшлі звестак… Пасля пайшла працаваць на канавы, 10 год касіла – была руславою. І гаспадар мой вывучыўся на меліяратара і карчаваў лес, вырабляў палі 14 гадоў, затым працаваў на мастах, на дарогах. А я ў калгасе стала працаваць, буракі і буракі кожны год – паляводам стала. Нарадзіла пяцёра дзяцей.
Пад гэтыя словы прыносяць у хату паштоўку. Гэта адміністрацыя ААТ «Святая Воля» віншуе Хлонію Фёдараўну з Днём пажылых людзей і акрамя добрых слоў у яе адрас прапануе атрымаць і грашовы бонус. Дае гаспадарка пенсіянерам і бульбу.
– Гэты старшыня ў нас залаты, на ногі ўсіх падняў, – кажа пра кіраўніка гаспадаркі Уладзіміра Любушака.
І перайшлі ад тэмы радаснай да тэмы сумнай: старэйшы сын Хлоніі Фёдараўны ў 56 гадоў памёр прама ў яе на руках сем гадоў таму («24 гады прарабіў на грузавым цягніку, набраўся радыяцыі пад Гомелем; я пад тым Гомелем тры разы ўжо была, ды мяне і чорт не бярэ»). Старшыня даў транспарт на пахаванне. Астатнія дзеці, дзякуй Богу, жывыя – сын і тры дачкі, і ўнукаў дзесяць, і праўнукаў ужо 11.
«Вецер з поля, бура з мора»
Мужа Хлоніі Фёдараўны звалі Галакціён (а па-вясковаму Лёня). Ох, не хацела свякроў Феню ў нявесткі, але сын сказаў маці: «Калі не вазьму яе ў жонкі, забяруся і паеду адсюль». Маці саступіла. «Харошы быў чалавек», – кажа пра мужа.
Добрым быў гаспадаром Галакціён, пабудаваў сваю хату і каля хаты ўсё неабходнае, хоць і шмат працаваў, часта не бывала яго дома. Разам трымалі вялікую гаспадарку – і кароў, і свіней, прадавалі мяса, парсюкоў. Па ягады хадзіла, па журавіны ў Выганашчы. Цягам часу «разжыліся» («у мяне ўсяго хапала – і лыжак, і вілак на провады і вяселлі»). Але ўсё гэта дзякуючы працавітым рукам і гаспадыні, і гаспадара, і іх дзяцей, якіх не трэба было прасіць аб дапамозе. Маці ў калгасе бярэцца даглядаць цялятак – трэба падмяніць чалавека, значыць, і дзеці тут як тут.
Апошнюю карову збыла, калі ёй было каля 80 гадоў, ужо 10 гадоў жыла без гаспадара. А так яшчэ і пасля 70-ці вазіла на аўтобусе малако ў Целяханы на продаж. А свіней не трымае са смерці мужа – ужо больш за 20 гадоў. І вось такую згадала гісторыю з жыцця. Захварэў муж на запаленне лёгкіх – двухбаковая пнеўманія, доўга выходжвалі. Потым зноў вярнулася хвароба, стаў слабейшым, больш ляжаў. У карты гуляў з суседкамі. А на гаспадыні і карова, і двое свіней. І вось ён аднойчы сказаў ёй: «Ой, коцічак, як мне цябе шкода. Звані дзецям, ды хай заб’юць свінчо». Так Феня і зрабіла. Прыехалі дзеці, падзялілі свінню, насмажылі мяса, селі есці… А гаспадар папрасіў супчыку, і пакуль гаспадыня да яго з супчыкам – ён ужо і не глынае. Сабраў усю сям’ю на дзяльбу кабанчыка – і памёр за сем дзён да наступлення 2000-га. Другое свінчо закалолі да саракавінаў…
Светлымі засталіся ўспаміны пра мужа. Успамінаецца, як разам хадзілі на вяселлі. Феня любіла ўборы, ды было ў што і апрануцца. Туфлі і спадніца, і гарсэт, і стужкі. Ох, раздайся круг, разы-
дзіся, вуліца!
– Вяртаемся з Лёнем з вяселля – нашы дзеці чуюць, то тата з мамай ідуць. Была ў яго мянушка – Бура, дык ён як зацягне: «Вецер з поля, бура з мора, ох, да давяла любоў да гора».
Ну а самога Галакціёна любоў да гора не давяла.
«Ці ж я такая дастойная, ці ж я такая грэшная»
Хлонія Фёдараўна любіць цішыню, таму не глядзіць тэлевізар, не слухае радыё. Неяк раней завітвалі адна да адной суседкі, але каранавірус, і цяпер у асноўным размовы па тэлефоне. Дзеці, вядома, бываюць і дапамагаюць. Хлонія Фёдараўна сустракаецца з аднавяскоўцамі каля аўталаўкі, хоць бывае тое і не часта. Узімку жанчына жыве ў дачкі Зоі, а ў астатні час – дома. А дома кожнаму лепш.
– Мне не сумна. От хутка буду грубку тапіць. У мяне ёсць калясачка для дроў – чатыры колы. Я дошчачку на іх пакладу, на яе дроў, і калясачка бяжыць за мной амаль што сама. А ў хату па тры палены нашу, – расказвае пра свой быт.
А калі сядзе ў цішыні і стане думаць пра смерць, то перажывае толькі аб тым, што не будзе хутка каму яе пахаваць, – няма ўжо гаспадара, сына. Прыйдзецца выклікаць «капачэй»…
Доўгае жыццё… Чаму адным даецца, другім не? Разважае наша гераіня:
– Часта думаю, Госпадзі, ці ж я такая дастойная, ці ж я такая грэшная, што даў ты мне доўгае жыццё, але ж усе ўміраюць, няма з кім пагаварыць… Што з моладдзю гаварыць – не тое, ды і не ўсе ж і слухаюць…
Дзве гадзіны размовы – і расказала нам Хлонія Фёдараўна пра ўсё сваё жыццё. І ў гэтым аповедзе – і гісторыя краіны, ён – люстэрка рэчаіснасці. Паглядзіце ў яго ўважліва, і многае ўбачыце, многае зразумееце. Такая кволая жанчына, а такая ў ёй сіла – сіла прыцягнення. І стрыжань, і характар, але і прастата, пяшчота, мяккасць. Не хацелася пакідаць яе адну ў двары. А на развітанне яна сказала нам:
– Праважаю вас у дарогу, Анёлікі наперадзе, Божая Маці пазадзі. На ёй залатая карона – гэта вашая абарона.
А мы павінны быць абаронай для нашых старых, каб яны, як Хлонія Фёдараўна, маглі ўпэўнена сказаць, што даждалі раю.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.