22 ліпеня ў Гошчаўскім СДК не было дзе ўпасці яблыку. 40-45 гадоў таму – падлеткі, удзельнікі школьных ВІА, а цяпер – сталыя, важныя мужчыны селі за клавішныя і барабаны, узялі ў рукі гітары, хвалюючыся, выйшлі да мікрафонаў, каб у чарговы раз парадаваць землякоў сваёй творчасцю, каб падарыць ім вечар настальгіі. Аматараў творчасці было так многа, што хтосьці быў гатовы правесці тры гадзіны нават стоячы, каб перанесціся ў мінулае пад мелодыі вядомых з юнацтва песень. Надзвычай цёплым прыёмам публіка дала зразумець музыкантам – яшчэ рана развітвацца.
«Рано прощаться» – па аналогіі з вядомай песняй гурта «Цветы» у 2017 годзе назвалі канцэртную праграму ўдзельнікі ВІА, створанага ў 70-я гады. Тады ўпершыню пасля перапынку даўжынёй у дзесяцігоддзі музыканты выступілі перад землякамі – гашчэўцамі і ўраджэнцамі Гошчава, прымеркаваўшы канцэртную праграму да 40-годдзя ВІА, а ў 2019 годзе ў Гошчаўскім СДК ладзілася дыскатэка пад жывую музыку, ізноў у выкананні ВІА. У самым пачатку шляху ў яго складзе былі вучні Гошчаўскай школы Алег Ляцецкі (клавішныя), Анатоль Валошчык (бас-гітара), Васіль Банасевіч (гітара), Уладзімір Самсонік (ударныя). Былі ў саставе ансабля таксама і дзве дзяўчыны – Галіна Лукашук і Тамара Васілеўская. Пазней, калі школьныя гады засталіся ў іх за спінай, пачынанні заснавальнікаў прадоўжылі браты Ігар і Юрый Літоўчыкі, Павел Траццяк, Генадзь Фядосік, Мікалай Майсейчык, ды і не толькі яны. Амаль усе з пералічаных выходзілі на сцэну і 22 ліпеня, і праграма «Рано прощаться-2» паўтарыла поспех папярэдніх выступленняў.
Не ўсе, хто меў дачыненне да вакальна-інструментальнага ансамбля, звязалі сваё жыццё з музыкай, хтосьці нават не мае музычнай адукацыі, але ёсць сярод удзельнікаў ВІА і прафесіянальныя музыканты, якія для выступлення заручыліся падтрымкай такіх жа калег-прафесіяналаў, каб зрабіць яго больш яркім і запамінальным. Таму падчас канцэрта на сцэне можна было ўбачыць і пачуць дырэктара Дзіцячай школы мастацтваў г. Івацэвічы Алу Груздзеву, а таксама выкладчыкаў навучальнай установы – Аляксандра Сераду, Барыса Кушнера, Юрыя Лаўрыновіча і яго выхаванцаў, якія стварылі сапраўдны фурор перад гошчаўскай публікай, выкладчыка Быценскай школы мастацтваў Сяргея Сіманчука, кіраўніка эстрадна-джазавага ансамбля «Кавертон» Ганцавіцкага ГДК Сяргея Плотку і іншых музыкантаў. Гукааператарам канцэрта быў Уладзіслаў Макарэвіч, вядучым – рэжысёр Уладзімір Фалітарык, які чытаў са сцэны свае кранальныя вершы, як і загадчыца Гошчаўскага дзіцячага садка Таццяна Мамчыц – Гошчава багатае на таленты.
Адна за адной ліліся добра вядомыя публіцы песні з рэпертуару ВІА «Самоцветы», Юрыя Антонава, Міхаіла Баярскага, Вахтанга Кікабідзэ і другіх выканаўцаў і калектываў. Гэта быў вечар не толькі музыкі, але і вечар успамінаў, песень-прысвячэнняў роднаму Гошчаву, роднай школе, педагогам, землякам, каханым – першым і незабыўным. Вечар светлага смутку па мінулым. Гучала і брэндавая для вёскі кампазіцыя – «Гошчаўскі вальс» на верш вядомага паэта, гашчэўца Мікалая Кулецкага, які паклаў на музыку Алег Ляцецкі, ён жа і выканаў песню пад дружныя апладысменты ўсхваляваных землякоў. Дзесьці палова з тых, хто завітаў на канцэрт, ужо не пражывае ў Гошчаве, але шчыра любіць родную старонку, гледачы – людзі розных узростаў, і ніхто не засумаваў. Такія канцэрты – і магчымасць сустрэцца з тымі, з кім даўно не бачыўся, абняць сваякоў і аднакласнікаў, павітацца з аднавяскоўцамі. Гэта бясцэнна. Ладзілася і дыскатэка – да трох гадзін ночы, і да гадзіны – пад жывую музыку. Людзі патанцавалі ад душы, многія ўспомнілі юнацтва.
Пасля канцэрта на сцэну паднялася былая дырэктар Гошчаўскага СДК Таццяна Ярчак з такімі праў-
дзівымі, на маю думку, словамі:
– Вялікі дзякуй вам, хлопцы, дай Бог вам здароўя, каб вы заўсёды былі маладымі душой, а мы будзем падтрымліваць вас і сустракаць у Гошчаве. Талент ёсць талент. Раней наўкола было нямала ансамбляў, і толькі наш гошчаўскі не губляецца. Прабачце мяне, прыезджыя, але Гошчава – гэта асобная краіна, асобны менталітэт, асобныя людзі з моцнай любоўю да сваёй вёскі, шчыра адданыя ёй. Паглядзіце на рэакцыю публікі, якімі шчырымі і гучнымі былі сёння апладысменты. Нам усім сёння 18 – астатняе стаж. І ведаеце, наша пакаленне ўвойдзе ў гісторыю, бо мы ўмелі весяліцца, як ніхто, у нас былі самыя цудоўныя дыскатэкі. Моладзі можна ў нас павучыцца.
А вось якімі думкамі падзяліўся з журналістам дырыжор народнага духавога аркестра Ганцавіцкага ГДК, мастацкі кіраўнік Гошчаўскага ВІА і адзін з першых яго ўдзельнікаў Анатоль Валошчык, які пакарыў сваёй харызмай аўтара гэтых радкоў, аб чым я, канечне, яму сказала:
– Адпрацавалі, як змаглі, здаецца, людзям спадабалася. Чаму прыязджаем? Сабрацца ў 2017-м годзе прапанаваў Алег Ляцецкі, і кожнага з нас падштурхнула да гэтага душэўная туга. Алег толькі свіснуў – і мы зляцеліся з усіх куткоў Беларусі, Уладзімір Самсонік прыехаў нават з Валгаграда – і тады, і цяпер.
Рэпеціравалі цяпер разоў пяць – без гэтага ніяк. Публіка спакушаная нават у вёсцы, сёння яе мала чым здзівіш, трэба працаваць, каб быў рэзультат. Хваляванне прысутнічае заўсёды, прызнаюся: у першы раз нам з Алегам Ляцецкім было нават страшна, калі ўбачылі, як многа народу нечакана для нас прыехала, каб паслухаць ВІА. Адзінае, што маглі, – не паказваць свайго страху іншым, і ўсё атрымалася. Я шчыра люблю Гошчава, сваю радзіму, і думаю, многія з прысутных маю любоў раздзяляюць, таму ўсе мы тут сёння і сабраліся. Бывае, чуеш, як людзі хваляцца: былі, напрыклад, у Турцыі, так добра адпачылі. Не веру: па-сапраўднаму адпачываеш толькі дома, нават калі едзеш на радзіму на сенакос. Тут нам і сцены дапамагаюць і сілы надаюць.
Колькі слоў скажу і ад сябе. Я нарадзілася ў другой вёсцы, але мой дзед, мая матуля з Гошчава. Заўжды лічыла гэтую вёску асаблівай, адрознай дабрадушнасцю і адкрытасцю мясцовых жыхароў, а колькі разумных і таленавітых людзей – выхадцы з мясцовай школы. Пабываўшы на гэтым канцэрце, разумею, хто такія сапраўдныя землякі. Не проста людзі, народжаныя ў адной мясцовасці, а з’яднаныя, звязаныя паміж сабой нябачнымі ніткамі агульных успамінаў. Яны раздзеляць адзін з адным і гора, і радасць. І падчас таго канцэрта мне хацелася і плакаць, і смяяцца ад празмернасці пачуццяў. Многія знаёмыя, хто бачыў мяне на канцэрце, званілі пасля, каб падзяліцца ўражаннямі, і ва ўсіх яны станоўчыя. Ад іх імя дзякую ўсім датычным за магчымасць дакрануцца да светлага, за радасць такіх незабыўных сустрэч.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Ігара ЖУКА і з архіва сям’і БАНАСЕВІЧАЎ.