З Уладзіславам Тумаковым чытачы раёнкі знаёмыя – вы маглі яго бачыць у дзясятцы лепшых спартсменаў і ў артыкулах пра спартыўныя дасягненні выхадцаў нашага раёна. Але зараз ён прадстане ў трошкі іншым амплуа – важатым у летніку. Бацькі дзяцей, якія адпачываюць у дзіцячым аздараўленчым лагеры «Дубравачка», звярнуліся да нас у рэдакцыю з просьбай расказаць чытачам пра цудоўнага важатага атрада «Крэпасць», які так спадабаўся хлопчыкам і дзяўчынкам.

Жанчыны са слязьмі на вачах расказвалі пра дабрыню сэрца 19-гадовага важатага, як маладому педагогу ўдалося зацікавіць і аб’яднаць дзяцей з рознымі інтарэсамі і як яны яго слухаюцца. «Пасля выхаднога дня дзеці з радаснымі воклічамі беглі сустракаць свайго Уладзіслава Аляксеевіча, нават нас, бацькоў, у дзень наведвання не так віталі», – дзеляцца Алена Карпук і Алена Папок з Косава. Матулі вельмі задаволены, што іх дзеці адпачывалі ў «Дубравачцы».

У спорт прыйшоў выпадкова
Уладзіслаў нарадзіўся ў вёсцы Грыўда, ён быў першынцам у шматдзетнай сям’і. Так склалася, што маці Уладзіслава цягнула траіх дзяцей адна. У пошуках больш грашовай работы папаездзілі па раёне: жылі і ў Косаве, і ў Гошчаве. Школы таксама змяняліся. Падчас вучобы ў Косаўскай сярэдняй школе былі заўважаны здольнасці хлопчыка да лёгкай атлетыкі. Праўда, як ён сам са шкадаваннем прызнаецца, па астатніх прадметах вучыўся дрэнна, ленаваўся. Так, падчас вучобы ў Косаўскай СШ, у восьмым класе, настаўнікі фізічнай культуры і спорту Уладзімір Канстанцінавіч Бялевіч і Віктар Сяргеевіч Макарэвіч выстаўляюць Уладзіслава на спаборніцтвы. Яго здольнасці былі заўважаны Людмілай Віктараўнай Чаплінскай, намеснікам дырэктара Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы г. Івацэвічы. Па яе ініцыятыве таленавіты хлопец падаў дакументы ў вучылішча алімпійскага рэзерву ў Магілёве, навучэнцам якога і з’яўляецца чацвёрты год. Пасля заканчэння будзе спартыўным педагогам.

Вучобу значна падцягнуў, сорамна было падводзіць сваю групу, бо па спорце – сярод лепшых. У гэтым годзе атрымаў кандыдата ў майстры спорту, выконваючы нарматыў на 1 500 м. «Спорт вель-
мі дысцыплінуе, асабліва калі займаешся з трэнерам ці ў групе – хочацца быць лепшым, не падводзіць нікога, – разважае Уладзіслаў і дадае: – Абавязкова буду паступаць ва ўніверсітэт, бо ў маіх грандыёзных планах – мець сваю спартыўную школу. Яшчэ хочацца, каб і мары малодшай сястры збыліся: хоча быць псіхолагам, нацэльваю яе на ўніверсітэт, у Магілёў, каб былі разам у адным горадзе, так прасцей дапамагаць адзін аднаму».

Педагог на практыцы
Як трапіў у аздараўленчы лагер важатым? Хацелася паспрабаваць сябе на практыцы, бо з-за каранавіруса яна была больш на тэорыі. Прыехаў на малую радзіму, па якой вельмі сумуе, звярнуўся да свайго трэнера – Людмілы Чаплінскай. Яна і падказала ўладкавацца на працу ў «Дубравачку». «Мне вельмі хацелася праверыць сябе, ці атрымаецца знайсці паразуменне з дзецьмі. Канешне, у мяне ёсць пэўны вопыт – я са шматдзетнай сям’і. Але тут пад маёй адказнасцю быў цэлы атрад, 35 чалавек ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў. Змены падыходзяць да свайго завяршэння, і можна сказаць, што атрымалася, – сціпла падагуліў Улад. – Можа, адтаго, што адносіўся да ўсіх, як да малодшых братоў і сясцёр. З дзецьмі я трошкі перамог сваю сарамлівасць і навучыўся непасрэднасці і шчырасці».

Добра яшчэ юнаком выбраць верную сцежку сярод мноства жыццёвых дарог. А планы ва Уладзіслава Тумакова вялікія і вельмі пазітыўныя, дык няхай яму шанцуе і будзе светлым жыццё ў такога простага і адкрытага хлопца.

Юлія Кавалёва.
Фота Валерыя Міскевіча.

Поделиться