x
Close
все новости Главная новость Год исторической памяти Молодёжь Новости

У раёне на помніках і мемарыяльных знаках размясцілі 90 таблічак з QR-кодамі

У раёне на помніках і мемарыяльных знаках размясцілі 90 таблічак з QR-кодамі
  • Опубликовано:5 октября, 2022

Год гістарычнай памяці падарыў нам шмат патрыятычных мерапрыемстваў, акцый, праектаў. Сапраўды знакавай для жыхароў раёна стала акцыя «Захаваем памяць», дзякуючы якой на помніках па ўсім раёне, на месцах воінскіх пахаванняў з’явіліся пластыкавыя таблічкі з QR-кодамі.

Так, каб гісторыя «ажыла» ў вашым тэлефоне, вам патрэбна спецыяльная праграма – сканер QR-кода, ён ёсць у Вайберы і інтэрнэце. Калі вы наведзяце тэлефон на графічны малюнак, то на вашым экране з’явіцца падрабязная інфармацыя аб месцы пахавання, падзеях, якія папярэднічалі трагічнай гібелі пахаваных, і апісанне самога помніка. Здаецца, усё проста – справа хвіліны, і ўся інфармацыя ў вас на далоні.

Аднак, перш чым праграма запрацавала, некалькі тыдняў збіралася і рэдагавалася дакладная інфармацыя, вырашаўся тэхнічны бок пытання. Так, напрыклад, QR-код адпраўляе вас на сайт раённай газеты www.ivatsevichy.by. Дарэчы, інфармацыя можа дапаўняцца і далей, бо, як аказалася, яшчэ многія падзеі ваенных часоў нам невядомыя. Усе 90 таблічак ужо ўстаноўлены, і скарыстацца імі можа кожны.

У мінулы панядзелак мы накіравіліся ў вялікую дарогу разам з косаўскімі школьнікамі Міланай Нікалайчук і Арцёмам Міскевічам. Выдатнікі і валанцёры з 9 «Б» класа наведалі шмат мерапрыемстваў і знакавых месцаў у раёне, а вось ва ўрочышча Гута-Міхалін адправіліся ўпершыню. Па дарозе разам са старшынёй Маладзёжнага парламента Івацэвіцкага раёна Ангялінай Куцко дзеці ўспаміналі ваенны шлях сваіх родных. У Арцёма прадзядуля ў вайну нават патрапіў у палон. з гордасцю нясе партрэт прадзядулі Мілана. Дарога да ўрочышча, дзе ў гады вайны базіраваўся партызанскі атрад імя П. К. Панамарэнкі, доўгая і ўхабістая, а ў дажджы яна зусім непраходная для легкавога аўто, хто быў – той ведае. Але ў гута-міхалінскія лясы – цэнтр партызанскага руху на Косаўшчыне – часта наведваюцца на суботнікі і, канечне, каб ушанаваць памяць пра загінуўшых.

Разам з дзецьмі каля помніка на могілках чытаем прозвішчы, знаходзім незвычайныя для сённяшняга часу. у асобных магілах і ў брацкай тут пахаваны 175 чалавек: афіцэры Чырвонай Арміі, партызаны… Арцём і Мілана ў тры секунды сканіруюць код – і ў тэлефонах з’яўляюцца цікавыя факты пра месцазнаходжанне, гісторыя гэтага месца, біяграфія кіраўнікоў партызанскага руху. Скажам адразу – ёсць складанасці з інтэрнэтам у гута-міхалінскіх лясах, можа спатрэбіцца некалькі спроб і з розных тэлефонаў, каб перайсці па спасылцы, але гэта магчыма.

Разам з дзецьмі мы даведаліся, напрыклад, што партызаны ўпадабалі мясцовыя лясы акурат з-за іх непраходнасці – тут прасцей было хавацца ад ворага. А яшчэ тут дзейнічаў партызанскі аэрадром, месціўся Брэсцкі абласны антыфашысцкі камітэт з тыпаграфіяй, дзе друкаваліся зводкі Саўінфармбюро і выдавалася газета «За Радзіму». А за гады акупацыі народныя мсціўцы правялі сотні ўдалых аперацый супраць захопнікаў, вытрымалі не адну блакаду і аблаву, яны актывізавалі «рэйкавую» вайну напярэдадні аперацыі «Баграціён», а ў 1944 годзе разам з часцямі Чырвонай Арміі ўдзельнічалі ў баях за вызваленне раёна.

Тут, на могілках, пасля міжвольнай хвіліны маўчання дзеці ўспомнілі гісторыю вайны ў іх сем’ях. У такім знакавым месцы базіравання партызанскага атрада я міжволі ўспомніла расказ ветэрана вайны, партызана і Ганаровага грамадзяніна Івацэвіцкага раёна Івана Адамавіча Тарасевіча. Падчас нашай апошняй сустрэчы ён расказваў, як у лесе яны насілі адзенне па некалькі тыдняў, а калі аднойчы ён здымаў світар, то заўважыў, як па ім скачуць блохі. Такое адзенне нават не мылі – палілі. А пасля яшчэ шукалі, у што апрануцца ў халоднае, сырое надвор’е. Гэты факт уразіў мяне, задумаліся і школьнікі пасля расказу. Дробязь, здаецца, але калі толькі ўявіць нават не поле бою, а той світар з блохамі ды падумаць, як выжывалі тады людзі…

У раёне каля ста такіх таблічак з QR-кодамі, знайсці звесткі пра знакавыя месцы яшчэ ніколі не было так лёгка. Цяпер спыніцца і прачытаць цікавае можа кожны: і гісторык, і рабочы прадпрыемства, і школьнік.

Наталля ГЕРБЕДЗЬ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.