У рэдакцыю «ІВ» звярнуўся жыхар Івацэвічаў, які пражывае ў доме № 49 па вул. Леніна

Па яго словах, каля двух месяцаў у пад’ездзе, дзе знаходзіцца яго кватэра, работнікі камунальнай службы не выконвалі сваіх прамых абавязкаў, за якія бярэцца плата, – не праводзілі ўборку. Заяўнік зазначыў, што жыльцы могуць прыбіраць і самі, але ж за што тады яны плацяць? Па тлумачэнні журналіст раёнкі звярнулася да генеральнага дырэктара ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» Аляксандра КІСЯЛЯ і атрымала наступны адказ.

Сапраўды, санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў пад’ездаў у жылым доме № 49 па вул. Леніна ў Івацэвічах выконваецца работнікамі ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ». Але ў сувязі з правядзеннем работ па замене двух ліфтаў падраднай арганізацыяй ААТ «Брэстліфт» у красавіку – чэрвені 2022 года паслуга па ўтрыманні дапаможных памяшканняў не аказвалася і налічэнні не праводзіліся. Іншымі словамі, камунальнікі сапраўды не прыбіралі пад’езд пэўны час, але і жыльцы за іх паслугі не плацілі. Узнікла непаразуменне.

Добра. А калі жыльцы хацелі б прыбіраць пад’езд самастойна, ці магчыма адмовіцца ад паслуг ЖКГ?

Так, магчыма. У жыллёва-камунальнай службе раёна паведамілі, што санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў жылога дома, так як і бягучы, капітальны рамонты, тэхабслугоўванне, гарачае і халоднае водазабеспячэнне, водаадвядзенне і іншае адносіцца да асноўных жыллёва-камунальных паслуг. Паслугі бываюць асноўныя і дадатковыя, якія могуць аказвацца па пагадненні паміж іх выканаўцам і спажыўцом. Пры гэтым асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі, а значыць і паслуга па санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў жылога дома аказваюцца грамадзянам у абавязковым парадку. Але згодна з п. 7 арт. 31 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь уласнікі жылых і (ці) нежылых памяшканняў, наймальнікі, арандатары, лізінгаатрымальнікі жылых памяшканняў, члены арганізацый забудоўшчыкаў, дольшчыкі, якія заключылі дагаворы, што прадугледжваюць перадачу ім ва ўладанне і выкарыстанне аб’ектаў долевага будаўніцтва, што знаходзяцца ў пад’ездах шматкватэрных жылых дамоў, маюць права адмовіцца ад паслугі па санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў жылога дома, за выключэннем паслуг па дэзінфекцыі, дэзінсекцыі, дэратызацыі. Адбываецца гэта шляхам заключэння дадатковага пагаднення да адпаведнага дагавору і прыняцця рашэння аб ажыццяўленні імі самастойнага санітарнага ўтрымання дапаможных памяшканняў шматкватэрнага жылога дома. Прыняцце рашэння ажыццяўляецца такімі асобамі аднагалосна і афармляецца пратаколам сходу ўласнікаў жылых і (ці) нежылых памяшканняў, наймальнікаў, арандатараў ці пратаколам пісьмовага апытання.

З гэтага вынікае, што жыльцы дома № 49 па вул. Леніна ў г. Івацэвічы могуць адмовіцца ад уборкі месцаў агульнага карыстання ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» і выконваць яе самастойна. Але для гэтага ім неабходна арганізаваць агульны сход і абмеркаваць пытанні, якія тычацца самастойнай уборкі ці найму іншага выканаўцы работ. Па рэзультатах абмеркавання прыняць адзінагалоснае рашэнне, аформіць яго пратаколам, які пацвярджае адмову ўсіх жыльцоў ад уборкі месцаў агульнага карыстання работнікамі ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ», і перадаць пратакол на прадпрыемства.

Дарэчы, у выпадку аказання паслугі па санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» плата за яе ўносіцца плацельшчыкамі жыллёва-камунальных паслуг у дачыненні жылых памяшканняў зыходзячы з фактычных затрат выканаўцы суразмерна агульнай плошчы жылых і (ці) нежылых памяшканняў, якія ім належаць ці якія яны займаюць, але не вышэй за плату, разлічаную зыходзячы з гранічна дапушчальнага тарыфу на дадзеную паслугу. Па Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23.12.2021 г. № 507 «Аб устанаўленні тарыфаў для насельніцтва ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі на 2022 год» тарыф на санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў жылога дома ў 2022 годзе не можа перавышаць у абласцях 0,0437 бел. руб. на 1 кв. м агульнай плошчы жылога памяшкання.

Паслуга па ўборцы не аказвалася на час замены ліфтаў. Нам паведамілі, што ўстаноўленыя ліфты працуюць з 1 ліпеня. А ўсяго на абслугоўванні ЖКГ – чатыры ліфты ў трох дамах, і няма такіх у жыллёвым фондзе прадпрыемства, тэрмін эксплуатацыі якіх перавышаны.

Падрыхтавала Вольга МАЦВЕЕНЯ.

Поделиться