Удзячны лёсу за магчымасці
Наш зямляк, 30-гадовы дырэктар Падстарынскай сярэдняй школы Аляксандр Молаш нядаўна стаў лепшым сярод маладых дырэктараў Брэстчыны на абласным этапе рэспубліканскага фестывалю «Педагагічны дэбют».
Аляксандр Молаш – чалавек з пачуццём гумару, бо без яго ў жыцці ніяк, і таму на прапанову стаць героем праекта «ІВ» «Я тут патрэбны» адказаў, што яму больш пасуе праект з назвай «Знаёмыя твары». Сапраўды, пра Аляксандра мы пісалі, і нават неаднойчы, і не так даўно, а тут ізноў нагода – поспех на фестывалі прафмайстэрства. Але ён без праблем пагадзіўся расказаць пра сябе яшчэ раз і ўвогуле па жыцці аддае перавагу адказу «так» на просьбы, на магчымасці, за якія ўдзячны лёсу, – усякі вопыт спатрэбіцца. Яму, настаўніку нямецкай мовы, было ўсяго 26 гадоў, калі паступіла прапанова ўзначаліць вясковую школу, у якой да гэтага не працаваў ні дня. І хлопец не здрэйфіў, паспрабаваў, і паглядзіце, што з гэтага атрымалася.
Радзіма Аляксандра – Івацэвічы. Наведваў дзіцячы садок «Бярозка», вучыўся ў сярэдняй школе № 4 г. Івацэвічы – не на выдатна, але добра, быў актывістам, усюды ўдзельнічаў. Бацька, вадзіцель у ААТ «Івацэвічдрэў», бачыў, што сын нераўнадушны да тэхнікі, што захапляецца баскетболам, але разам з жонкай, выхавальніцай дзіцячага садка, жадаў, каб сын усё ж «хадзіў у касцюме». Так і сталася. Толькі захапленням сваім Аляксандр не здрадзіў: і цяпер можа прыехаць на работу на сваёй рарытэтнай «Яве», хоць мае і аўтамабіль, са спортам ідзе па жыцці, з 10 класа і да гэтай пары іграе ў народным тэатры ў Івацэвіцкім ГДК.
У якасці alma mater выбраў Беларускі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, дзе вучыўся пасля Пінскага педкаледжа, і стаў настаўнікам, выкладчыкам нямецкай мовы. Імпанаваў гэты прадмет у школе, цікавіла многае з нямецкага: аўтамабілі, музыканты… Але вызначальным у выбары прафесіі ўсё ж стала любоў да дзяцей. Падабалася няньчыць, забаўляцца з малымі, хоць усе блізкія сябры і былі на 2-3 гады старэйшымі за яго, і хлопцу было за кім цягнуцца. І нічога не змянілася: зараз ён малады дырэктар у акружэнні вопытных калег, да якіх прыслухоўваецца.
Вучыўся ва ўніверсітэце завочна, паралельна працуючы настаўнікам нямецкай мовы адразу ў двух вясковых школах: Запалянскай (асноўнае месца работы) і Гошчаўскай (і там далі гадзіны, каб забяспечыць нагрузку). Калясіў паміж вёскамі і райцэнтрам, дзе жыве. І раптам – прапанова стаць дырэктарам.
– Пагадзіўся, бо разумеў: дырэктар не прафесія, а пасада, на дырэктараў ва ўніверсітэтах не вучаць. Трэба набірацца вопыту на практыцы, і я пачаў гэта рабіць раней, чым большасць кіраўнікоў, – разважае Аляксандр Сяргеевіч. – Да таго ж я чалавек энергічны, мне хацелася іншага рытму і змены карцінкі. А мэты быць кіраўніком не было ў мяне – была прага да новага. Вы спыталі пра першыя цяжкасці на пасадзе, а я слова цяжкасці ў адносінах да сябе імкнуся не ўжываць увогуле, мяняючы яго на слова задачы. Так я канцэнтруюся не на праблеме, а на тым, як яе вырашыць. А задач і за адзін дзень столькі, што я выконваю іх і забываю. Былі яны і ў пачатку шляху, хуткаму разуменню працэсаў замінала тое, што да дырэктарства я не паспеў папрацаваць завучам. Затое быў некаторы час сацыяльным педагогам, быў класным кіраўніком. Дапамагае тое, што ў мяне атрымліваецца знаходзіць агульную мову з людзьмі. І калектыў, пераважна жаночы, сустрэў мяне добра, і школьнікі, здаецца, паважаюць. Я па-ранейшаму выкладаю ў школе нямецкую мову.
Трэба проста любіць дзяцей
У калектыве ДУА «Падстарынская сярэдняя школа» – 33 работнікі, установу адукацыі наведваюць 109 вучняў. Аляксандр Сяргеевіч адразу падкрэслівае: ні сярод адных, ні сярод другіх у яго няма любімчыкаў. Дырэктар, на яго думку, павінен трымаць дыстанцыю з дзецьмі, але яна не павінна быць даўжэй за выцягнутую руку, каб адзін мог яе працягнуць пры неабходнасці, а другі мог за яе ўхапіцца. Важна захоўваць харошыя адносіны з вучнямі і разумець: гэта дзеці, і мы былі дзецьмі, і мы свавольнічалі. Іх трэба ўмець зацікавіць вучобай, затрымаць іх увагу на прадмеце, для гэтага на дапамогу прыходзяць новыя тэхналогіі, выпрацоўваюцца новыя падыходы.
– Трэба вучыцца педагогіцы, я рабіў гэта, калегі рабілі. Але заўважаў, што калі ёсць любоў да дзяцей, правільныя стасункі выбудоўваюцца самі сабой. Любоў да дзяцей – аснова нашай прафесіі, – разважае суразмоўца. – С дзецьмі цікава, я ў іх вучуся трэндам, яны, як кажуць, у тэме, і побач з імі настаўнік заўсёды малады, бо ад дзяцей чэрпае энергію, сілу, натхненне. А сельскія дзеці – яны ўсё ж адрозніваюцца ад гарадскіх: прасцейшыя, больш адкрытыя. Многае, канечне, ідзе з сям’і, але адказнасць за выхаванне са школы не здымаю, наадварот, гэта важнейшая функцыя, асабліва ў наш час. Школа і бацькі разам вядуць дзіця па дарозе атрымання ведаў, выхавання, а потым адпускаюць у вольнае плаванне. І важна, каб ніхто не цягнуў дзіця за руку ў свой бок. Усе сустрэчы з бацькамі ў кабінеце дырэктара, а яны здараюцца кожны тыдзень, ладзяцца толькі для таго, каб сумесна дапамагчы дзіцяці ў розных сітуацыях.
Аляксандр Молаш як сучасны дырэктар імкнецца не толькі быць на адной хвалі з вучнямі, але і «круціцца» як арганізатар-гаспадарнік. І ёсць інтарэс калі нешта і рабіць, то рабіць больш цікава, больш сучасна. Не так даўно вакол школы замянілі плот, навялі парадак на пляцоўках, хутка абновяць плітку, у школе зрабілі акуратны лесвічны марш – з дапамогай спонсараў.
Зараз Аляксандр Сяргеевіч рыхтуецца да ўдзелу ў рэспубліканскім этапе фестывалю «Педагагічны дэбют» – як пераможца абласнога этапа. Перад тым, як выступаць на вобласці, ён падрыхтаваў эсэ «Я – сучасны кіраўнік» і метадычную распрацоўку педагагічнага савета. Па рэзультатах завочнага конкурсу быў дапушчаны да вочнага ў Брэсцкім дзяржаўным абласным Цэнтры маладзёжнай творчасці. Там ён прадставіў творчую самапрэзентацыю «Я і мая каманда», удзельнічаў у майстар-класе, выступіў на тэму «Мая формула поспеху».
– Не думаў пра рэзультат, проста хацеў зрабіць усё належным чынам, як павінен. А там будзь што будзе, – успамінае Аляксандр Сяргеевіч. – Усім датычным да маёй перамогі дзякую за падтрымку, асабліва майму намесніку Тамары Аляксееўне Шляжко, маёй калезе ў мінулым Зоі Дзмітрыеўне Растовай, якая напісала верш для прэзентацыі, рэжысёру народнага тэатра і майстру сваёй справы Валянціне Пятроўне Кулецкай. У многіх людзей, якіх сустракаў па жыцці, ёсць чаму павучыцца, і я вучуся, лепшае пераймаю.
Формула поспеху – добразычлівасць
Не кожны застаецца там, дзе нарадзіўся, а вось Аляксандр шчыра прызнаецца ў любові сваім родным мясцінам і нават думак пра пераезд ніколі не меў.
– Люблю вандроўкі, мне патрэбны рух. Нават у кабінеце не сяджу доўга – заўсёды перамяшчаюся ў той прасторы, у якой знаходжуся. Але дома лепш. Упершыню моцнае жаданне знаходзіцца дома адчуў падчас першага года вучобы ў Пінску, у каледжы. Як цягнула тады ў Івацэвічы, у Косава, дзе жыла бабуля і дзе часта бываў у дзяцінстве, – да знаёмых людзей, у месцы, з якімі звязаны ўспамінамі. І зараз такую асалоду атрымліваю, калі проста еду праз вёскі на матацыкле, на звычайнай хуткасці – ганяць не імкнуся. Захапляюся фатаграфіяй і магу і ў пяць раніцы выбрацца ў жывапісныя мясціны нашага краю – да Косаўскага замка ці на Яглевіцкае возера, каб зрабіць удалыя кадры на досвітку: усход сонца – чароўнае відовішча. Рады застацца і быць карысным там, дзе нарадзіўся.
Аляксандр – бацька дваіх сыноў: 4-гадовага Марка і 8-месячнага Мірона. І муж з 10-гадовым стажам. Жонка Алена па адукацыі аграном. Суразмоўца вельмі даражыць сваёй сям’ёй і імкнецца больш часу праводзіць з доўгачаканымі дзецьмі. Жывуць Молашы ў кватэры, але мараць пра свой дом, чакаюць чаргі на ўчастак пад будаўніцтва.
Яркі штрых да партрэта Аляксандра: ён не ўжывае моцны алкаголь, нават ніколі яго не каштаваў. І адказваючы на пытанне пра лепшую параду, якую атрымаў, прыгадаў цікавую гісторыю:
– Лета. Косава. Купалле. Мне 12 гадоў. Старэйшыя сябры прыкупілі піва – брэсцкага, разліўнога. Адкрылі, выпіваем. А я ж у дзяцінстве хацеў быць баскетбалістам, але быў невысокага росту. Хоць і вісеў на турніку бясконца, каб выцягнуцца, – не дапамагло. Дык вось, тады на Купалле сядзеў побач са мной хлопец – прыехаў да бабулі з Мінска і таксама займаўся баскетболам. Нас пазнаёмілі, разгаварыліся. А ён хударлявы, рослы – 185 см. І я кажу: «Хацеў бы стаць такім высокім, як ты». А ён мне: «А ты пі, пі – дакладна вырасцеш». Тая іранічная парада майго равесніка мела такі эфект, што я адразу аддаў сваё піва другому і стаў зусім раўнадушным да алкаголю. Ды і навошта мне піць? Я і без гарэлкі вясёлы, а пад градусам мяне будзе не спыніць!
Напрыканцы размовы спыталі ў Аляксандра Сяргеевіча, якая ж яго формула поспеху – як дырэктара, як чалавека (на гэтую тэму ён выступаў перад журы на фестывалі прафмайстэрства).
– Калі коратка, то паспяховы чалавек і кіраўнік заўсёды добразычлівы і справядлівы, – гаворыць суразмоўца. І так працягвае думку:
– Блізкіх сяброў павінна быць як пальцаў на адной руцэ, мае ўсе памесцяцца на далоні, але маю шырокае кола знаёмых. напэўна, таму столькі віншаванняў атрымаў пасля перамогі на фестывалі. І калі падумаць, ні пра каго дрэнна не скажу, бо прымаю людзей такімі, якія яны ёсць. Падчас вучобы ў Пінску спрабаваў займацца тайскім боксам, але хутка зразумеў: не маё. Я, як сентыментальны баксёр з песні Высоцкага: «Неправда, будто бы к концу я силы берегу, / Бить человека по лицу я с детства не могу». Адсутнасць мінімальнай варожасці да людзей перашкаджае падчас бою. Не крыўджуся, не трымаю зла. А канфлікту і не ўзнікне, калі будзеш спрабаваць ставіць сябе на месца другога чалавека, я так раблю. Проста імкніцеся зразумець адзін аднаго ў розных сітуацыях. А добразычлівасць – ключ ад многіх дзвярэй.
Шчырая ўсмешка, прыроджаная ветлівасць, непасрэднасць у паводзінах, інтарэс да размовы – усё з першых хвілін інтэрв’ю выдавала ў Аляксандры Молашы інтэлігентнага і лёгкага чалавека. А напрыканцы гутаркі я зразумела, што ён надзвычай збалансаваны, ураўнаважаны – умее радавацца таму, што мае тут і цяпер, не зайздросціць, умее жыць у моманце, умее быць удзячным, аптыміст, адкрыты і шчыры, неабыякавы да патрэб школьнікаў і школы. Ці хацела б я вучыцца пад кіраўніцтвам такога дырэктара? Так. Ці хацела б мець такога сябра? Вядома. І ўпэўнена магу сказаць наступнае: ён тут патрэбны.
Штрыхі да партрэта
Бліц-інтэрв’ю
Мая характэрная рыса – гэта, спадзяюся, прыстойнасць.
Некалі выкладчык філасофіі сказаў нам, студэнтам: жанчыне пажадана быць мудрай, мужчыне – прыстойным, і да гэтага імкнуся.
Лепшае месца на зямлі – гэта мая малая радзіма, дзе я шчаслівы ў гэты перыяд свайго жыцця.
Я ніколі не адмоўлюся ад сваіх блізкіх, але ў маім разуменні блізкія – не толькі сям’я, мае родныя дзеці, але і дзеці, якіх я вучу і выхоўваю ў школе.
Таленавіты кіраўнік знойдзе выйсце з любой незразумелай і трывожнай сітуацыі, зрабіўшы гэта годна.
Выдатна, калі ў чалавека сэрца добрае: розум без добрага сэрца можа нанесці шкоду.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА
і з архіва А. МОЛАША.