4 сакавіка ў судзе Івацэвіцкага раёна прайшло слуханне па даволі рэдкай у нас крымінальнай справе. С. Р., 24-гадовы жыхар Івацэвіч, абвінавачваўся ў злачынстве, прадугледжаным ч. 1 арт. 435 КК РБ «Ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыве на воінскую службу».

Так, на самой справе такія злачынствы ў нас даволі рэдкая з’ява. У мінулым годзе ні адна падобная справа не разглядалася ў судзе, а ў 2020-м да крымінальнай адказнасці па тым жа артыкуле быў прыцягнуты яшчэ адзін «ухіліст». Звычайна спецыялістам райваенкамата ўдаецца дастукацца да такіх недысцыплінаваных прызыўнікоў, у мінулым годзе пяць юнакоў панеслі адміністратыўную адказнасць – атрымалі штрафы і папярэджанні. Крымінальная адказнасць – крайняя мера.

С. Р. жа патрапіў на лаву падсудных і, як вынік – у такім маладым узросце атрымаў судзімасць і вялікі штраф у 50 базавых велічынь. Наш герой некалькі разоў атрымліваў адтэрміноўкі ад праходжання тэрміновай ваеннай службы па стане здароўя, а 20 мая 2021 года падчас чарговай медкамісіі ў Ваенным камісарыяце Брэсцкай вобласці юнак пад распіску атрымаў чарговую павестку на 23 жніўня. Аднак, ні 23, ні 25 жніўня (на гэтую дату быў перанесены візіт) С. Р. у Івацэвіцкі райваенкамат так і не з’явіўся. Больш таго, прызыўнік праігнараваў усю прызыўную кампанію, якая доўжылася аж да 30 лістапада. Уважлівых прычын у прызыўніка не было.

Як адзначылі супрацоўнікі райваенкамата, перш чым заводзіцца адміністрацыйная ці таго больш – крымінальная справа, з праблемнымі прызыўнікамі вядуць работу спецыялісты райваенкамата. А ў новай рэдакцыі Адміністрацыйнага Кодэкса РБ (уступіў у сілу 1 сакавіка 2021 года) з’явілася новая, больш мяккая форма пакарання – папярэджанне. Цяпер можна папярэдзіць, паўплываць спачатку словам, а пасля толькі рублём.

Так, цяпер С. Р. с судзімасцю і са штрафам у 50 базавых (1600 руб.). Парушэнне гэтага артыкула Крымінальнага Кодэкса РБ прадугледжвае яшчэ большы штраф, абмежаванне і нават пазбаўленне волі. Падсудны цалкам прызнаў віну і пакаяўся ва ўчыненым, гэта дало падставу суду вынесці больш мяккі прыгавор. Сваё нежаданне праходзіць службу юнак ніяк не растлумачыў. Ён жыве і працуе ў Мінску і проста не хацеў «выпадаць» са звыклага рытму жыцця. Але ж трэба памятаць аб тым, што служба ў арміі – гэта доўг і справа гонару для кожнага беларуса. Тым больш, невядома, як судзімасць «адгукнецца» ў далейшым жыцці для гэтага юнака.

Кіра ПРАЛЕСКОВА.

Поделиться