Гэтыя і іншыя задачы ставіліся на калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, якая прайшла на базе УА «Івацэвіцкі дзяржаўны аграрны каледж» 6 чэрвеня. Больш за трыццаць чалавек, кіраўнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, прадстаўнікоў упраўлення па адукацыі аблвыканкама на чале з першым намеснікам начальніка Аляксандрам Жуком, а таксама Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, сабраліся ў адной зале, каб абмеркаваць новае ў рабоце, абазначыць актуальныя пытанні і праблемы.
З дакладам аб арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах адукацыі выступіў Валерый Галубоўскі, рэктар УА «Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі», які адзначыў, што па даручэнні міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Нацыянальнае агенцтва па забеспячэнні якасці адукацыі распрацавала праграму развіцця нацыянальнай сістэмы забеспячэння якасці адукацыі да 2025 года, з перспектывай і да 2030 года. У ёй 8 раздзелаў, тут і крытэрыі ацэнкі якасці адукацыі, і тонкасці акрэдытацыі ўстаноў. Аднак больш за ўсё прысутных зацікавіла сістэма «Электронны каледж». Гэта заўтрашні дзень у рабоце, да якога трэба рыхтавацца сёння, у гэтым упэўніваў Валерый Галубоўскі. Пяць устаноў адукацыі ў вобласці ў тэставым рэжыме ўжо працуюць па такой сістэме, і гэта значна скарачае папяровы паток.
Аб тым, што ў бягучым навучальным годзе павялічылася колькасць навучэнцаў, якія праходзяць вытворчую практыку непасрэдна ва ўстановах адукацыі, гаварыла Алена Панасюк, загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета прафесій лёгкай прамысловасці, гандлю і грамадскага харчавання. Такая тэндэнцыя ўсхвалявала, Аляксандр Жук прапанаваў шукаць усе магчымыя шляхі для таго, каб на 2 і 3 курсах падчас вытворчай практыкі моладзь спрабавала сябе на прадпрыемствах, у рэальнай рабочай абстаноўцы. Яшчэ важна, каб практыка аплачвалася. Першая капейка за работу – таксама добры стымул для будучай швачкі ці вадзіцеля.
У другой палове дня прайшло таксама пасяджэнне вучэбна-метадычнага аб’яднання кіраўнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Цікавая культурная праграма была ў той дзень для ветэранаў адукацыі: 24 чалавекі, якія дзясяткі гадоў шчыравалі на адукацыйнай ніве вобласці, у той дзень адправіліся на экскурсію па раёне. Многія ўпершыню наведалі Хаваншчыну, а вось Палац Пуслоўскіх нехта наведваў ужо ў трэці ці чацвёрты раз, аднак новыя залы Палаца для ўсіх былі ў навінку. У праграме яшчэ было наведванне музея-сядзібы Тадэвуша Касцюшкі. Завяршыўся дзень ужо на базе Івацэвіцкага аграрнага каледжа, здзівіў і ўразіў ветэранаў мясцовы музейны пакой і этнаграфічная экспазіцыя пад адкрытым небам.
Кіра ПРАЛЕСКОВА, фота аўтара.