Гэты населены пункт – Корачын – знаходзіцца, як кажуць, на водшыбе, але ў летні перыяд жыццё ў вёсцы рэзка ажывае, бо прыязджаюць на працяглы час дачнікі, да бабуль-дзядуль – дзеці і ўнукі з Брэста, Мінска, нават госці з Расіі. Гэта стала адной з прычын таго, што жыхары Корачына звярнуліся з просьбай да кіраўніцтва раёна і аўтамабільнага парка № 14,
каб у вёску часцей наведваўся маршрутны аўтобус з Івацэвічаў – людзям трэба і ў бальніцу з’ездзіць, і па прадукты…
Трэба адзначыць, што сацыяльны стандарт у сферы транспартнага абслугоўвання в. Корачын выконваецца на 100 працэнтаў, сюды накіроўваюцца чатыры рэйсы ў пятніцу. І пры гэтым не прыходзіцца гаварыць аб тым, што аўтобус моцна запатрабаваны, бо за 5 месяцаў перавезены толькі 41 пасажыр.
Тым не меней, да просьбы людзей кіраўніцтва раёна і аўтапарка аднеслася з разуменнем, прынята наступнае рашэнне: маршрут «Івацэвічы-Хадакі», які рухаецца па суботах, будзе працягнуты да Корачына (адпраўленне з Івацэвічаў у 6.40 і 18.30, прыбыццё ў Корачын у 7.30 і 19. 30, у Івацэвічы – у 8.30 і 20.15 адпаведна).
Маршрут будзе рухацца з вышэйзгаданымі зменамі толькі ў летні перыяд – да 4 верасня 2022 года. Яго «жыццядзейнасць» залежыць ад запатрабаванасці пасажырамі: калі жыхары Корачына і іншых населеных пунктаў Жытлінскага сельсавета будуць ім актыўна карыстацца, то можна будзе вырашаць пытанне аб пралангацыі маршрута.
Аляксандр Горбач.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.