Заатэхнік-селекцыянер ААТ «Новыя Стайкі» Вікторыя Галаварушка прыехала з форуму прыемна ўражаная прыгажосцю і гасціннасцю беларускай маладзёжнай сталіцы. У Наваполацку ў складзе дэлегацыі ад Брэстчыны з шасці чалавек яна правяла тры дні – з 16 па 18 жніўня. Першы падобны форум сабраў больш за паўсотні лепшых прадстаўнікоў працоўных калектываў прадпрыемстваў, устаноў адукацыі, аховы здароўя і іншых сфер.
У мерапрыемстве прыняла ўдзел таксама моладзь з брацкай Расіі, адразу пасля афіцыйнага адкрыцця форуму прадстаўнікі Рэспубліканскага маладзёжнага цэнтра і Маладзёжнага цэнтра «Вышыня» (г. Ніжні Ноўгарад) падпісалі паміж сабой пагадненне аб супрацоўніцтве. Далей удзельнікаў раздзялілі па групах у залежнасці ад прафесій, нехта паехаў на экскурсію ў Палац дзяцей і моладзі, нехта – у Полацкую цэнтральную гарадскую бальніцу, наша Вікторыя Галаварушка з калегамі наведала філіял «Вясна-энерга» РУП «Віцебскэнерга».
– На гэтым на самай справе ўзорным сельгаспрадпрыемстве ўсё аўтаматызавана, – расказвае малады заатэхнік-селекцыянер. – Я ўпершыню ўбачыла даільную залу, якой, па сутнасці, кіруе робат. Адзін чалавек за камп’ютарам праводзіць дойку і замяняе двух-трох работнікаў. Канечне, мяне цікавілі свае прафесійныя вузкія пытанні, напрыклад, я шчыра здзівілася, што пасля нараджэння цялятка праводзіць у асобным доміку ўсяго суткі, а далей яго адпраўляюць на групавое ўтрыманне, у той час як мы трымаем цялятка асобна два месяцы. У кожнай гаспадаркі, а тым больш у розных рэгіёнах, свая спецыфіка. Што да культурнай праграмы, то найбольш зацікавілі майстар-класы па выстройванні стратэгіі эфектыўнай камунікацыі, я захапляюся псіхалогіяй. Было яшчэ наведванне музея партызанскай славы, удзел у мітынгу, гульні «Што? Дзе? Калі?» і нават караоке-турнір. А падчас працоўнай акцыі наша група з шасці чалавек зрабіла для полацкага парку дзве лаўкі і столік. Дзякую свайму кіраўніцтву за прадстаўленую магчымасць акунуцца ў новую атмасферу і вырвацца з працоўных будняў, хоць гэта было няпроста ў летні час
Маладая і цікаўная Вікторыя Галаварушка родам з Магілёўскай вобласці, выпускніца Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі па размеркаванні патрапіла ў ААТ «Птушкафабрыка «Дружба», а ў 2021 годзе ў наш раён яе паклікала каханне… Вікторыя ўжо ўлілася ў працоўны рэжым і ўмовамі вельмі задаволеная, яна добра спявае і сваімі творчымі нумарамі радуе і калектыў, і жыхароў райцэнтра на гарадскіх святах.
Увогуле, у ААТ «Новыя Стайкі» зараз працуюць пяць маладых спецыялістаў, а ў жніўні сюды на работу прынялі дваіх маладых трактарыстаў.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ,
фота з архіва Вікторыі ГАЛАВАРУШКА.