Так, наша аддзяленне па плаванні ВСУ «ДЮСШ Івацэвіцкага раёна» ў вобласці шмат гадоў трымаецца ў пяцёрцы лідараў, саступаючы толькі Брэсту, Пінску, Баранавічам ды Кобрыну. Гарадам, дзе ў аддзяленнях займаюцца па 500-700 дзяцей і працуюць па 20 трэнераў-выкладчыкаў. У той час, як нашу спартшколу сёння наведваюць 126 юных плыўцоў, а займаюцца з імі шэсць чалавек. Чатыры нашы аксакалы – гэта трэнеры-выкладчыкі па спорце Дзмітрый Фёдаравіч Шалюцін, Дзяніс Аляксандравіч Гарбуноў, Генадзь Іванавіч Саўчык і самы малады спецыяліст Арцём Віктаравіч Гапонік, якому даверылі пасаду старшага трэнера.

Калегі не дзеля жарту казалі, што гэта такая мясцовая традыцыя – пускаць наперад моладзь, каб старэйшыя калегі не зазнаваліся і каб не «замыльвалася вока».

Моцна дапамагаюць у выхаванні спартсменаў і трэнер па сумяшчэнні Сяргей Сяргеевіч Цярэшка, і намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці і трэнер-выкладчык па сумяшчэнні Святлана Васільеўна Дзягцярык. Вопытныя трэнеры ўспаміналі, што стаўку ў аддзяленні некалі зрабілі на кадры, і моцны трэнерскі склад змог спачатку прыцягнуць дзяцей на заняткі, а пасля вырасціць з іх моцных спартсменаў. Кожны месяц плыўцы наведваюць па два-тры спаборніцтвы, з нядаўніх «Сяброўскіх сустрэч» у Брэсце наша каманда з 15 чалавек узяла 15 медалёў! А канкурэнцыя была ахавая – 500
удзельнікаў з Беларусі і Расіі.

На трэніроўцы
У сераду мы патрапілі на звычайную трэніроўку ў наш басейн. Тое, што жыццё тут «бурліць», стала зразумела яшчэ ў фае, адразу тры групы прыйшлі на заняткі. У сярэднім кожная – па 10 дзяцей. У дзіцячым басейне, яго завуць «малой чашай», разміналіся будучыя зорачкі, група пачатковай падрыхтоўкі. Заняткі праводзіла Святлана Васільеўна Дзягцярык:

– Мы набіраем дзетак у спартшколу з 7-8 гадоў, мінімум два гады, а можа і тры яны займаюцца ў групах пачатковай падрыхтоўкі. Мая задача – падрыхтаваць іх да пераходу ў старэйшую вучэбна-трэніровачную групу 1, а пасля 2 і 3; мы выпускаем спартсменаў, як і ў школе, у 17 гадоў. Але па школьнай сістэме не ўсіх мы пераводзім у старэйшыя групы. Навучанне ў спартшколе бясплатнае, і тут займаюцца спартсмены, якія павінны штурмаваць спаборніцтвы і браць разрады па плаванні, – гэтую думку цяжка данесці да бацькоў. У кожнай групе ёсць жадаючыя паплаваць для сябе і для падтрымання здароўя, для гэтага ў нас штодзень праводзяць масавае плаванне. Таму ў групу мы набіраем, як правіла, па 10-15 чалавек, а да старэйшай даходзіць прыкладна палова. Мы шукаем лепшых з лепшых, такі закон спорту.

У дарослым басейне – «вялікай чашы» – разміналіся дзве старшыя вучэбна-трэніровачныя групы. Дзяніс Аляксандравіч Гарбуноў, былы настаўнік, сем гадоў таму аддаў перавагу трэнерскаму азарту і сёння вядзе заняткі ў трох групах. Яго выхаванка Аляксандра Басалай – мнагакратны чэмпіён вобласці і прызёр спаборніцтваў рэспубліканскага ўзроўню. У дзяўчынкі ёсць шанс перайсці ў вышэйшае звяно – Брэсцкі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву. Як перайшлі туды ў свой час выхаванцы Генадзя Іванавіча Саўчыка: Паліна Кавальчук (у 2020 годзе) і Уладзіслаў Дмухоўскі (ў 2021 годзе). Генадзь Іванавіч пяць гадоў таму ўдала ўліўся ў калектыў трэнераў пасля шматгадовай прадпрымальніцкай дзейнасці. І калі духоўнае (бо трэнерская справа ўсё ж была па сэрцы) узяло верх над матэрыяльным, то мужчына вярнуўся ў прафесію. Выпускнік Брэсцкага педуніверсітэта ўжо і не памятае, як сам у далёкім дзяцінстве паплыў упершыню, але любімаму трэнеру-натхняльніку ў Гродзенскім спартыўным тэхнікуме Мікалаю Мікалаевічу Бірычу дзякуе за падораныя веру ў сябе і любоў да плавання. Чаму б самому не стаць такім «Бірычам»?

Зараз Генадзь Іванавіч вядзе заняткі ў двух групах самастойна, і з адной групай яны працуюць у пары з Дзмітрыем Фёдаравічам Шалюціным. Гэта так званы брыгадны метад у плаванні. Трэнеры выбралі моцную групу, на якую робяць вялікія стаўкі, і тут патрэбныя адразу дзве галавы і розныя падыходы пары трэнераў. Перад заплывам 14-гадовага Аляксандра Бахура трэнер дастаў планшэт.
– Плаванне – адзін з самых «сляпых» відаў спорту, – патлумачыў Генадзь Іванавіч. – Дзіця, як у тых жа танцах, не бачыць сябе ў люстэрка, напрыклад, і не можа зразумець свае памылкі. Я здымаю відэа, і пасля мы дэталёва разбіраем кожны заплыў. Гэта вельмі дапамагае.

Дарэчы, старэйшы з братоў Бахураў Саша нядаўна разам з камандай прывёз у раён трэцяе месца са змешанай эстафеты ў Пружанах, а малодшы Ягор, яму 8 гадоў, падцягнуўся на плаванне за братам. А ўвогуле, хлопчыкі дзякуюць за ініцыятыву бацьку Андрэю Аляксандравічу, які сам у басейне часты госць. Прыклад бацькоў і ў спорце таксама часта вызначальны для дзяцей. Так і 9-гадовая Марыя Целашова прыйшла сюды следам за матуляй і старэйшымі сястрычкай Валерыяй і брацікам Лёшай. Усе дзеці паказваюць вынікі, а Маша з «Сяброўскіх сустрэч» нечакана нават для сябе самой абышла старэйшых на два гады канкурэнтак на дыстанцыі 200 метраў комплексным плаваннем і стала трэцяй! А як плыве яна па дарожцы на трэніроўцы…

22 тысячы наведванняў са студзеня па красавік! Якія паслугі прапануе сёння наш плавальны басейн?
З моманту адкрыцця ў 2012 годзе наш плавальны басейн «змагаецца» за свайго наведвальніка, як і ўсе спартыўныя аб’екты. Загружанасць за ўвесь час не была вялікай нават у гады пандэміі вялікага спаду не было. У апошні час працэнт расце, так, у красавіку басейн быў загружаны больш чым на 90 працэнтаў. А за чатыры месяцы бягучага года было каля 22 тысяч наведванняў, гэта на тры тысячы больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Так, гэтыя тысячы наведванняў – гэта найперш «залаты запас» 126 наведвальнікаў спартшколы, якія займаюцца ў 12 групах. Яшчэ дзейнічаюць 17 аздараўленчых груп на платнай аснове (кожная прыкладна па 10 чалавек).

– Гэтыя групы наведваюць як дзеці, так і дарослыя, – адзначае намеснік дырэктара Святлана Васільеўна Дзягцярык. – Многія прыходзяць, каб навучыцца плаваць. Найпрасцей, канечне, дзецям, яны не баяцца вады. Пад канец года плывуць усе! У залежнасці ад колькасці жадаючых у групы мы бяром малых нават з 5 гадоў.

Яшчэ двойчы на тыдзень, па серадах і пятніцах, праходзяць заняткі па аквааэробіцы. Фізкультуру на вадзе выкладаюць Юлія Іосіфаўна Трышчына і Арцём Генадзьевіч Ракашэвіч.

Штодзень у басейне праходзяць масавыя плаванні, і калі ў будні ў вячэрні час – з 19.00 да 21.00 – на чатырох плавальных дарожках звычайна аншлаг, то падчас абеду – наадварот пуста. Таму работнікі запрашаюць у басейн маладых матуль, тых, хто працуе пазменна, на абедзенныя заплывы. Ёсць людзі, якія наведваюць басейн і падчас абеду сярод працоўнага дня, добры варыянт падтрымаць здароўе, не перашкаджаючы рабочаму працэсу, ці не так?

У выхадныя дні масавыя заплывы праходзяць з 10.00 да 21.00, аднак, адміністрацыя раіць напярэдадні пазваніць па тэл. 9-03-30. Сеансы адмяняюць, калі ў гэты дзень праходзяць, напрыклад, спаборніцтвы.

Пакуль жа трэнеры чакаюць сваіх выхаванцаў у летні спартыўны лагер, які пройдзе з 1 па 21 чэрвеня. Пасля закрыцця лагера ў басейне пройдуць прафілактычныя работы. У час летніх канікул трэнерскі склад раіць бацькам зрабіць выбар на карысць плавання. Нехта з трэнераў падзяліўся гісторыяй, як яму пазваніла шчаслівая маці дзяўчынкі з высокай ступенню скаліёзу. Дык вось за паўгода заняткаў скрыўленне зменшылася ўдвая. А яшчэ гэта не самы дарагі від спорту, нават калі браць фірменныя плаўкі, акуляры ці заціск для носу – укладзешся ў 200 долараў. Амаль на ўсе спаборніцтвы плаўцы ездзяць бясплатна, аддзел па спорце і турызме райвыканкама падтрымлівае так рэзультатыўных спартсменаў і бярэ на сябе львіную долю расходаў.

Калектыў аддзялення па плаванні віншуе ўсіх калег, работнікаў фізічнай культуры і спорту, з прафесійным святам. Жадаюць усім здароўя і пераможных стартаў!

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.

Поделиться