Памяць аб Вялікай Айчыннай вайне – гэта успамін аб подзвігах, гераізме і любові да Радзімы. Дзякуючы літаратурным творам і працам гісторыкаў, мы ведаем пра жудаснае ліхалецце. Надзвычай важная крыніца нашай памяці – сямейныя гісторыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Але час ідзе… Усё менш сведкаў тых далёкіх падзей. Яшчэ памятныя аповеды старэйшых. Хутчэй за ўсё, падчас такіх размоў вы задавалі сваім прабабулям і прадзядулям пытанні, дзяліліся думкамі, суперажывалі. Магчыма, нешта вельмі важнае і не паспелі сказаць або спытаць.

У гэтыя святочныя дні Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі запрашае вучняў 9-11 класаў да ўдзелу ў конкурсе “Лісты на фронт”. Прапануем вам ад свайго імя напісаць эсэ ў выглядзе традыцыйнага ліста. “Дашліце” яго ў мінулае, апаленае Вялікай Айчыннай. Раскажыце таму, хто на фронце, што Перамога абавязкова прыйдзе, як зменіцца пасля яе свет, падзяліцеся думкамі пра сённяшні і заўтрашні дзень. Ніякіх абмежаванняў!

Эсэ прымаюцца на беларускай ці рускай мовах, яго памер не павінен перавышаць адну старонку. Працы дасылайце да 3 ліпеня на электронны адрас: tatiana.demidovich@gmail.com.

Спадзяёмся, што размова з мінулым дапаможа вам адчуць сувязь з продкамі, паглыбіць веды па гісторыі, прасякнуцца пачуццём гонару за землякоў. Лепшыя працы будуць узнагароджаны дыпломамі, прадстаўлены на тэматычных імпрэзах. Запрашаем да ўдзелу!

Брэсцкае абласное аддзяленне СПБ

Поделиться