Больш за 30 юнакоў з нашага раёна ў хуткім часе папоўняць рады ваеннаслужачых
21 красавіка прызыўнікі сабраліся ў малой зале Івацэвіцкага ГДК. Адмена кавідных абмежаванняў дазволіла, як і раней, правесці гэты «Дзень прызыўніка» ўрачыста, з гасцямі, шчырымі віншаваннямі і музычнымі нумарамі.
Мерапрыемства пачаў ваенны камісар Івацэвіцкага раёна падпалкоўнік Уладзімір Маляванны. Ён зачытаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб прызыве на тэрміновую ваенную службу». Уладзімір Васільевіч пажадаў юнакам годна несці службу і атрымаць за год-паўтара ўсе неабходныя навыкі, каб у выпадку магчымай агрэсіі ў адрас нашай краіны пры неабходнасці без цяжкасцей стаць на яе абарону.
Пра сённяшні неспакойны час пачаў гаворку і настаяцель храма іконы Божай Маці «Дзяржаўная», благачынны цэркваў Івацэвіцкай акругі, протаіерэй Грыгорый Піліпчук. «На жаль, у гэты час мы павінны трымаць порах сухім і быць гатовымі да любых падзей, але няхай мы застанемся мірнай краінай», – казаў выступоўца. Святар нагадаў, што служба Радзіме – свяшчэнны доўг кожнага мужчыны і расказаў, што чалавек насамрэч служыць усё жыццё: маці – свайму дзіцяці, а муж – жонцы…
Вярнуцца са службы здаровымі і пасталелымі, а яшчэ знайсці сапраўдных армейскіх сяброў заўтрашнім салдатам пажадаў намеснік начальніка штаба па мабілізацыйнай рабоце 174-га вучэбнага палігона ВПС і войскаў СПА маёр Дзмітрый Сухадольскі. Дарэчы, і ў гэтым вясновым прызыве ў палігоне чакаюць на службу некалькі нашых землякоў. Далей настаў самы хвалюючы момант – уручэнне павестак прызыўнікам. Начальнік групы прызыву райваенкамата капітан Аляксандр Адвалоткін выклікаў юнакоў па чарзе. Моцны поціск рукі ад ваенкама, натхняльнае слова, павестка – і ў думках ты ўжо салдат.
Ужо сёння, 25 красавіка, пачаліся першыя адпраўкі. Ва ўчарашніх студэнтаў і маладых спецыялістаў яшчэ ёсць час сабрацца думкамі і сказаць самыя шчырыя словы родным…
Між тым у райваенкамаце адзначылі, што прыкладна чвэрць прызыўнікоў у раёне – гэта кантрактнікі. Нагадаем, тэрмін праходжання службы па кантракце – два гады.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.