x
Close
все новости Новости Происшествия

Вадзіцель, прышпілі… пасажыра!

Вадзіцель, прышпілі… пасажыра!
  • Опубликовано:20 июля, 2022

Легкавы аўтамабіль імчаў па аўтамагістралі Р6 «Столін-Пінск-Івацэвічы». Праехаў вёску Козікі, але на адным з участкаў аўтадарогі мужчына-вадзіцель не справіўся з кіраваннем, машына вылецела ў кювет, урэзалася ў дрэва.

Вадзіцель і пасажыр (яго жонка), якія знаходзіліся на пярэднім сядзенні і былі прышпілены, атрымалі нязначныя пашкоджанні. Гэтага не скажаш пра двух пасажыраў – маці жонкі і сястру, што знаходзіліся на заднім сядзенні. Абедзве жанчыны атрымалі даволі цяжкія траўмы, пераломы; іх шпіталізавалі.

Як вынік, у адносінах да вадзіцеля, які дапусціў гэтае ДТЗ, узбуджана крымінальная справа.

У апошні час пра гэта сталі менш гаварыць, таму варта ў чарговы раз нагадаць: рамень бяспекі таму так і называецца, што гарантуе значна больш бяспекі. У нас чамусьці лічыцца, што пасажыры, якія сядзяць на заднім сядзенні, знаходзяцца «па-за зонай рызыкі», таму можна не прышпільвацца. Гэта памылковая думка.

Яшчэ адзін важны момант, пра які варта памятаць: вадзіцель абавязаны быць прышпіленым, і яму забараняецца перавозіць непрышпіленых пасажыраў (п 9.5 Правілаў дарожнага руху). Такім чынам, калі ў салоне аўтамабіля, які рухаецца, знаходзіцца непрышпілены пасажыр, то санкцыя ДАІ «прыляціць» і вадзіцелю, і гэтаму саманадзейнаму пасажыру. А ў выпадку ДТЗ з цяжкімі наступствамі – і крымінальная справа ў адносінах да вадзіцеля.

Яшчэ адзін у чымсьці падобны выпадак. Жыхары Івацэвіцкага раёна – хлопец і дзяўчына – імчалі на матацыкле па аўтадарозе паміж Майскам і Галенчыцамі. Раптам на дарогу выскачыла казуля. Удар у пярэдняе кола – і матацыкл паляцеў кулём. Абое былі ў моташлемах, тым не меней, дзяўчына-пасажыр атрымала цяжкія траўмы, была шпіталізавана. А ў адносінах да вадзіцеля матацыкла ўзбуджана крымінальная справа.

Вадзіцелі! Вы ўсведамляеце тую высокую адказнасць, якую несяце, калі перавозіце пасажыраў?

Вадзім ЛІШКО, начальнік Івацэвіцкага раённага аддзела Следчага камітэта РБ.