x
Close
Главная новость Новости с зала суда

Ведала, дзе і з кім: з дапамогай спецыяльнай праграмы жанчына сачыла за сужыцелем

Ведала, дзе і з кім: з дапамогай спецыяльнай праграмы жанчына сачыла за сужыцелем
  • Опубликовано:18 марта, 2023

Гэта гісторыя пра тое, як адно спатканне пацягнула за сабой адразу чатыры адміністрацыйныя справы. У цэнтры канфлікту аказаўся жанаты мужчына, якога не падзялілі сужыцелька і палюбоўніца.

Так, у судзе мужчына назваў свой грамадзянскі шлюб фармальным, бо некалькі гадоў ён фактычна пражываў з сужыцелькай, у новай сям’і нават нарадзілася дзіця. Аднак такі саюз складана назваць узорным, бо жанчыне то і справа прыходзілася літаральна адбіваць каханага ад іншых жанчын. Калі ў чарговы раз маладая маці западозрыла няладнае, то вырашыла «ўзброіцца» сур’ёзна і набыла спецыяльную праграму, якая сачыла за месцазнаходжаннем чалавека, а таксама дазваляла праслухваць усе размовы.

У адзін з вечароў, калі сужыцель у чарговы раз затрымаўся на «працы», жанчына прымяніла праграму на тэлефоне, спачатку вызначыла канкрэтнае месцазнаходжанне мужчыны, а пасля праслухала размову… Па голасе наша «гераіня-дэтэктыў» пазнала суразмоўцу каханага, гэта была жанчына, якая ўжо неаднойчы ўмешвалася ў жыццё іх сям’і. На эмоцыях сужыцелька паехала на месца «злачынства», дзе і ўбачыла аўто, у якім застала гэтую пару. Яна вырашыла разабрацца ў сітуацыі на месцы, узяла ў сваім аўто вогнетушыцель і распыліла яго на палюбоўнікаў, адкрыўшы вадзіцельскія дзверы.

Паміж жанчынамі завязалася сварка і бойка, мужчына ледзь разняў іх. Палюбоўніца схавалася ў лясным масіве, а мужчына вырашыў выхаваць залішне дапытлівую сужыцельку, абразіў яе і нанёс удар у твар. Пакрыўджаная жанчына звярнулася ў райаддзел унутраных спраў і па дапамогу да медыкаў. Быў складзены пратакол, сужыцель і палюбоўніца панеслі адміністрацыйную адказнасць за наўмыснае нанясенне цялесных пашкоджанняў і атрымалі штраф па 10 базавых велічынь кожны. Мужчына ў сваю чаргу таксама напісаў заяву на сужыцельку і прыцягнуў да адказнасці за дробнае хуліганства.

На гэтым разборкі ў трохвугольніку не завяршыліся. Сужыцелька звярнулася ў суд з іскам аб пакрыцці маральнай шкоды. Свае пакуты з-за нанесеных траўм, цялесных і душэўных, жанчына ацаніла ў 5 000 руб. Аднак суд зменшыў суму да 1 500 руб. І самае камічнае ў тым, што ў працэсе судовых цяжбаў сужыцелі прымірыліся і іск на каханага наша гераіня адазвала, а вось палюбоўніцы прыйшлося заплаціць і за нанесеную маральную шкоду, і за ўсе судовыя расходы. Такое небяспечнае і нятаннае спатканне з палюбоўнікам атрымалася…

Наталля ГЕРБЕДЗЬ.