Публікуем чарговы артыкул рубрыкі «Бацькаўшчына», у якой паказваем, як мяняецца наш раён і горад, яго вуліцы, будынкі, як мяняемся мы.Пра вакзал і яго знакавую ролю ў станаўленні і развіцці горада, а ў далейшым і аднаго з самых вялікіх раёнаў Брэсцкай вобласці, мы ўжо пісалі. А зараз паказваем прывакзальную плошчу і вуліцу Паштовую, якая прымыкае да яе.
Менавіта гэтая частка з’яўляецца сэрцам горада – тут заўсёды кіпіць жыццё: людзі сустракаюцца і расстаюцца, наведваюць рынак, ходзяць у музей.
І так было заўсёды: менавіта гэтая частка горада была самай ажыўленай. А каб пераканацца ў сказаным вышэй, запрашаем вас на пазнавальны праменад па вуліцы Паштовай.
Першае, што бачым на фота, зробленым у 1960-я гады, – будынак, які зусім не падобны на той, што знаходзіцца тут цяпер. Сёння на гэтым месцы – трохпавярховы гандлёвы цэнтр, а на здымку – аднапавярховы пасялковы савет. Гісторыя будынка пачала пісацца задоўга да 1960-га года. Ён быў пабудаваны яшчэ да вайны адным руплівым гаспадаром з Падстарыні. Кажуць, быццам ён пабудаваў такую хату для двух сваіх сыноў, каб сем’і іх жылі разам. Але прыйшла вайна, хата дасталася немцам, і ў народзе кажуць, што тыя прыстасавалі яго пад публічны дом. Але ці было такое, ці не, цяжка сказаць дакладна. Так ці інакш, але ў 1960-м тут быў пассавет, а пазней – дзіцячы садок.
Ідзем далей праз скрыжаванне – як і цяпер, першым нас сустракае прыватны дом, а за ім будынак, які шмат пабачыў на сваім вяку: да вайны тут размяшчаўся гатэль, які належаў сям’і яўрэя Басансона. А падчас акупацыі будынак стаў часткай гета, дзе немцы пасялілі яўрэяў.
Пасля вайны разбураны будынак адрамантавалі, і ён стаў гарадскім гатэлем. Адкрыўся ён у 1949 годзе і існаваў на Паштовай 25 гадоў, пакуль на плошчы Леніна не ўзвялі будынак новага гатэля.
Пазней у будынку ў розны час размяшчаліся музычная школа, бібліятэка, таварыства інвалідаў па зроку, раённы арганізацыйна-метадычны цэнтр, часткова на правах арандатараў яго займалі прадпрымальнікі. У 2006 годзе, рыхтуючыся да «Дажынак», будынак адрамантавалі, замянілі пячное ацяпленне на газавае. А з 2009 года ў яго пераехаў гісторыка-краязнаўчы музей.
Далей – будынак, які і з’явіўся заснавальнікам назвы вуліцы – паштовае аддзяленне, тэлеграф. Менавіта на вуліцы Паштовай, якая да гэтага была названа ў гонар Тадэвуша Касцюшкі, размяшчалася галоўнае аддзяленне сувязі. А зараз для гараджан і гасцей горада адчыняе свае дзверы прадуктовая крама, якая была абноўленая некалькі гадоў таму.
Прагуляемся па супрацьлеглым баку вуліцы. Крама, яна ж «Дзяжурная», на месцы… Аптэка?.. Драўляная?.. Так, вам не падалося. На месцы, дзе зараз размешчаны салон МТС, месціўся маленькі драўляны будынак аптэчнага кіёска (4), а за ім таксама драўляны будынак, але ўжо Дома культуры, куды часцяком збягалася моладзь на танцы: будынак стаяў літарай «Г», і такая форма дазволіла зрабіць у яго двары танцавальную пляцоўку. Патанчылі? Крочым далей…
Але на гэтым культурная праграма не заканчваецца, запрашаем вас на прагляд кіно. Так-так, вам не падалося, усё на той жа Паштовай вуліцы ў 50-я гады мінулага стагоддзя размяшчаўся будынак кінатэатра, а адразу за ім быў цір. Гэта ўжо пазней, у 1967 годзе, у скверы на вуліцы Савецкай, дзе сёння «Еўраопт», кінатэатр «Партызан» сустракаў гледачоў.
Сёння на месцы былога кінатэатра размешчаны яшчэ адзін, праўда, ужо двухпавярховы гандлёвы цэнтр. Прымыкае да яго будынак кафэ «Гурман» з унутраным панадворкам.
Вяртаючыся да зыходнай кропкі нашага маршруту, за скрыжаваннем бачым усім вядомы будынак крамы «Культтавары», якая ў мінулым стагоддзі была прадуктовай крамай, а ў даваенны перыяд у будынку знаходзілася сінагога.
Час цячэ, усё мяняецца, застаюцца толькі здымкі і літары на паперы, успаміны мінулых гадоў, якія і з’яўляюцца правадніком паміж мінулым і сучасным, гісторыяй цэлай дзяржавы ці жыцця маленькага чалавека. Гісторыяй, якую так важна захаваць і расказаць сваім дзецям, унукам, праўнукам. Расказаць, «…каб не страціць святое штосьці…».
Калі вам ёсць што расказаць ці паказаць, звяртайцеся ў рэдакцыю раённай газеты ці ў Івацэвіцкі гісторыка-краязнаўчы музей. Апублікуем, захаваем і не страцім.
Паліна САУЦІНА, Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, фота Паліны САУЦІНАЙ і з архіва краязнаўчага музея.