Плануецца замяніць да 700 м каналізацыйнай трубы. Само жыццё прымусіла прыступіць да гэтых работ раней запланаванага: прычына – разбурэнне трубы. Нягледзячы на тое, што сеткі будаваліся ў 70-я гг. мінулага стагоддзя, пытанняў па іх не ўзнікала, але яны з’явіліся пасля мінулагодняга рамонту дарожнага пакрыцця, напачатку зімы ўзнікла аварыйная сітуацыя. У тэрміновым парадку заняліся праектам аб’екта. На другі квартал бягучага года на перакладванне сетак каналізацыі на праблемным участку з бюджэту былі выдзелены сродкі – 350 тыс. руб.
Намеснік дырэктара ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» Аляксандр РАБАЎ даў «ІВ» каментарый на гэтую тэму:
– Аб’ект складаны. Труба ляжаць на глыбіні каля 4 м, а там грунтавыя воды. Трэба рабіць водапаніжэнне спецыяльнымі ўстаноўкамі. З-за гэтага работы вядуцца не так хутка, як хацелася б: грунтавыя воды падступаюць бясконца, іх трэба адкачваць і адкачваць, каб пакласці новую трубу. Івацэвіцкая ЖКГ на гэтым аб’екце выступае ў якасці заказчыка, падрадчык – ПМК № 54 ДУВП «Брэстводбуд» (г. Бяроза). Самі мы не справіліся б.
Новая труба поліэтыленавая, даўгавечная. Ляжыць там труба керамічная і жалезабетонная, яна хоць і не замартызаваная (тэрмін эксплуатацыі – 50 гадоў), разбурацца ўжо пачала. Штогадова мы павінны мяняць не менш за 3 % замартызаванай трубы згодна з праграмай, і гэты ўчастак каналізацыі быццам бы не падыходзіць для замены па сваіх характарыстыках, але ж аварыйная сітуацыя вымушае займацца ў першую чаргу менавіта ім. Усяго ж сёлета ў Івацэвічах і раёне заменім 1,2 км каналізацыйнай трубы.
З-за аварыі ўжо некалькі месяцаў для нармальнага функцыянавання каналізацыі на вуліцы 70 год Кастрычніка мы вымушаны выкарыстоўваць тэхніку для прачысткі, прамыўкі каналізацыі – яна забіваецца, у тым ліку з-за няправільнага карыстання каналізацыяй з боку насель-ніцтва. Карацей, якасна як самацёчны калектар труба ўжо не працуе, мы нясём фінансавыя страты з-за дадатковых мер, якія даводзіцца прымаць.
Аляксандр Леанідавіч папярэджвае, што для правядзення работ па замене трубы будаўнікам прыйдзецца парушыць літаральна адзін метр асфальту на абочыне вуліцы ў раёне дома № 40/6, недалёка ад гандлёвага цэнтра «Віцёк», каб «увайсці» ў каналізацыйны калодзеж. Аўтамабілісты не павінны адчуць моцных нязручнасцей. Падрадчык узновіць асфальт, як і плітку каля ГЦ «Віцёк», якую таксама прыйдзецца парушыць. Перакладка трубы робіцца для прадухілення аварыйных сітуацый, забеспячэння большай надзейнасці водаадвядзення, і камунальнікі просяць ставіцца з разуменнем да тых тэхнічных рашэнняў, якія для гэтага прымаюцца. Плануецца, што работы па замене ўчастка каналізацыі на вул. 70 год Кастрычніка будуць завершаны летам.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.