Каля 300 хлопчыкаў і дзяўчынак з усяго раёна 12 красавіка прынялі ўдзел у традыцыйных спаборніцтвах.
Арганізатары кросу, супрацоўнікі раёнкі ды і юныя спартсмены падчас урачыстага адкрыцця спартыўнага мерапрыемства адзначылі: сапраўдная сонечная і цёплая вясна для іх пачынаецца акурат з гэтага масавага забегу. Не дзіўна, традыцыі больш за дзесяць гадоў. Дзеці чакаюць магчымасці паказаць лепшы рэзультат і атрымаць узнагароду і грашовы прыз, а яшчэ, магчыма, дапамагчы сваёй камандзе стаць лепшай у медальным заліку і прывезці ў родную школу пераможны кубак.
Юных бегуноў падчас пастраення на стадыёне «Кляноўка-арэна» павітала карэспандэнт «ІВ» Наталля Гербедзь, хуткіх секунд дзецям пажадала намеснік дырэктара Установы «ДЮСШ
г. Івацэвічы» Людміла Чаплінская. Прагучаў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь – і сотні спартсменаў пачалі рыхтавацца да старту. Сюды прыехалі 296 школьнікаў у складзе 28 каманд з гарадскіх і сельскіх устаноў адукацыі. Трэнеры і настаўнікі казалі: дзеці засумавалі па спаборніцтвах у мінулыя кавідныя гады, таму зараз на кліч адгукнуліся многія. Дзеці спаборнічалі ў трох узроставых групах і на трох дыстанцыях: у 500, 1000 і 2000 метраў. Нехта размінаўся перад стартам, некаму патрэбна было натхняльнае слова педагога – у кожнага свае сакрэты поспеху.
Дарэчы, гэты крос аказаўся ў большасці дзявочым, так у самай малодшай групе выступілі аж 80 дзяўчынак! Іх прыйшлося дзяліць на чатыры забегі.
Вядома, у спорце перамагае мацнейшы. Так было і на гэты раз. Сярод самых юных спартсменак 2009 года нараджэння і маладзей на дыстанцыі 500 м лепшымі сталі вучаніцы Целяханскай СШ Наталля Купрыянчык, Сабрына Дзягцярык і Дар’я Струнеўская. На дыстанцыі 1000 м першае і трэцяе месцы ўзялі Іван Латышэвіч і Арцём Прыпуткевіч з Целяханскай школы, другім фінішыраваў Дзмітрый Ярмаловіч з Квасевіцкай базавай школы. Сярод дзяўчат 2007-2008 гадоў нараджэння ў дыстанцыі 1000 м I месца ў Ірыны Жэрко з Целяханскай школы, II – у Ганны Тэддэр з СШ № 3, а трэцяй стала Кацярына Касцюк з Даманаўскай школы. У хлопчыкаў прызавыя месцы размеркаваліся так: Мікіта Белы з СШ № 3 – першы, Аляксандр Пытляк з СШ № 4 – другі і Канстанцін Гняцецкі з СШ № 1 стаў трэцім.
Сярод дзяўчынак 2004-2006 гадоў нараджэння на дыстанцыі 1000 м першай фінішыравала Таццяна Лазарчук з Запалянскай СШ, другой – Дзіяна Уласавец з Яглевіцкай школы, трэцяй – Анастасія Кіршун з Любішчыцкай школы. У юнакоў дыстанцыя была самай працяглай – 2000 м, на п’едэстал падымаліся Павел Багдановіч (Целяханская СШ), Аляксандр Высоцкі (Яглевіцкая СШ) і Захар Тушынскі (СШ № 4).
Трэці год запар перамогу ў медальным заліку атрымалі юныя спартсмены Целяханскай СШ – сем узнагарод на каманду, чатыры з іх – за першае месца! Віншуем такую хуткую каманду, а яшчэ ўсіх прызёраў і ўдзельнікаў кросу.
Галоўнае ў спорце – гэта настрой і запал, якія дорыць дух спаборніцтваў. Прабегчы свае метры і застацца задаволеным самім сабой – гэтага шчыра жадала судзейская калегія бегунам.
А вось для нашых прызёраў чарга забегаў толькі пачынаецца, бо па выніках раённага кросу была сфарміравана каманда для ўдзелу ў Адкрытым Кубку Брэсцкай вобласці і абласных спаборніцтвах па лёгкаатлетычным кросе, якія праходзяць акурат сёння. Жадаем нашым спартсменам поспехаў і чакаем з узнагародамі!
Наталля ГЕРБЕДЗЬ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.