У Мінску, у выдавецтве «Тэхналогія» пабачыла свет новая кніга, якую склаў па запісах Алеся Зайкі кандыдат філалагічных навук Мікола Даніловіч.
Наклад кнігі абмежаваны, кошт дастаткова сур’ёзны – 53 рублі ў «Акадэмкнізе», але кніга вартая гэтых грошай.
Гэта ўжо трэцяя кніга, якая пабачыла свет пасля смерці Алеся Фаміча Зайкі 26 чэрвеня 2018 года – тры гады таму абарвалася яго жыццё. Ён не дажыў да свайго 70-годдзя нейкіх паўтара месяца.
Але сёння мы будзем казаць аб радасным і светлым, бо менавіта з ім звязаў сваё жыццё Алесь Зайка – з любоўю да роднай зямлі. Разам з выдадзенай кнігай прыйшла яшчэ адна надзвычай прыемная навіна, пра якую мы ўжо паведамілі сваім чытачам: сесія раённага Савета дэпутатаў прысвоіла Алесю Фамічу званне «Ганаровы грамадзянін Івацэвіцкага раёна» пасмяротна. Безумоўна, ён варты гэтага звання.
40 гадоў нястомнай збіральніцкай працы, многія тысячы кіламетраў пад коламі яго матацыкла, сотні гадзін у архівах, вялікае мноства сустрэч з людзьмі – носьбітамі нашай жывой, роднай, беларускай мовы. І пасля ён пісаў, сістэматызаваў, складаў і выдаваў.
«Тэматычны слоўнік прыроды Косаўшчыны» – своеасаблівы збор найменняў мясцін, дрэў, грыбоў, ягад, кустоў, кветак на Косаўшчыне. Апроч гэтага, у кнізе змешчаны і дадатак да «Дыялектнага слоўніка Косаўшчыны», кнігі, якая выйшла пры жыцці аўтара, і якую ён яшчэ тады вырашыў дапоўніць.
Гартаю старонкі кнігі, спыняюся на тым ці іншым слове. Ведаю, збоку я буду выглядаць дзіўна ў гэты час: вочы бегаюць па радках, вусны раз-пораз складваюцца ў наіўную ўсмешку дзіцяці, якое радуецца новай цаццы. Ёсць з чаго радавацца і ўсміхацца – колькі ж арыгінальных, ёмкіх, раней нячутных слоў запісаў Алесь Зайка! І якія трапныя гэтыя назвы, якія яны сакавітыя, насамрэч – жывыя. Вось паслухайце…
Зaйміско – мясціна, адкуль пайшоў род; сонечкі – месца ў лесе, дзе расце сон-трава; орля – зараснік папараці; дзяды – трыпутнік, падарожнік вялікі; смаркуха – радоўка жоўта-рудая…
І па іншай прычыне ўсміхаюся, бо лёгка ўявіць мне, як радаваўся Алесь Фаміч, пачуўшы новае слова з вуснаў вяскоўцаў, як загараліся ягоныя вочы, як выхопліваў ён нататнік і прасіў: «А яшчэ паўтарыце, калі ласка? А як з гэтым словам скажуць?» І запісваў пасля з усёй неабходнай навуковай скрупулёзнасцю: дзе націск ставіць, тлумачэнне слова, прыклад ужывання, дзе пачутае і кім сказанае…
У маленькіх «моўных куточках», якія друкаваліся ў раёнцы, я імкнуўся паказаць не толькі багацце нашай мовы, але яе сістэмнасць, сувязь з жыццёўспрыманнем, глыбінную філасофію. Лінгвісты асабліва адзначаюць, што народная мова, нават не літаратурная, а тая – жывая, непасрэдная, якраз і адлюстроўвае сапраўдную сістэмнасць у словаўтварэнні. У такой мове – метафарычнае асэнсаванне свету, у ёй жа – сапраўдныя хрысціянскія пачаткі. Вось чым каштоўная як уся праца Алеся Фаміча, так і гэта апошняя выдадзеная яго сябрамі і з дапамогай ягоных сяброў кніга.
Тры гады ўжо, як няма побач Алеся Фаміча. І выйшлі тры кнігі пасля яго смерці: «Крыніцы і вытокі» – пра наш раён, пра нашы Івацэвічы, «Мікратапаніміка Івацэвіччыны» і вось трэцяя. Ён не спяшаўся з выданнем кніг, усведамляючы: напісанае – не знікне, значыць, трэба паспець адно – запісаць, пакуль ёсць у вёсках жывыя носьбіты нашай мовы, што ёсць сутнасцю нашага народа, стрыжнем беларускай нацыі.
Валерый Гапееў.