Вымушаны суботнік адбыўся на днях каля гаражнага масіву па вул. 60 год Кастрычніка
У гэты чацвер журналісты «ІВ» праехаліся ўздоўж гаражнага масіву, у якім на сёння налічваецца 536 гаражоў. Зараз тут чыста і прыгожа дзякуючы таму, што ў аўторак і сераду прайшоў вялікі суботнік. Супрацоўнікі ПУ «ПК-5» і ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» шчыравалі тут два дні зранку і да вечара, у выніку з масіву вывезлі чатыры трактары смецця.
Так, з аднаго боку гаражы прымыкаюць да плоту калоніі, уздоўж яго – роў, які ўтварыўся пасля падсыпкі тэрыторыі для будаўніцтва гаражоў. Некаторыя ўладальнікі гаражоў, а, магчыма, і жыхары бліжэйшых шматкватэрных дамоў блытаюць такі роў са смеццевай пляцоўкай. Падчас вымушанага суботніка адсюль вывезлі бутэлькі, пластыкавыя каністры ад паліва, анучы і нават мяхі з мінулагодняй бульбай… Канечне, за руку ніхто нікога пакуль не злавіў, але нават па характары смецця становіцца зразумела, што аўтары такой «карціны рэпіна» найхутчэй – уладальнікі гаражоў.
Іншая сітуацыя з гаражным кааператывам № 2, што знаходзіцца побач па вул. Свярдлова. Кааператыў як юрыдычная асоба заключыў дагавор з ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ», і па меры неабходнасці па заяўцы старшыні кааператыва сюды па смецце прыязджае машына.
Старшыня кааператыва з 2011 года Анатоль Данілюк дзеліцца вопытам:
– Штомесяц мы збіраем узносы, на нашым рахунку заўсёды ёсць нейкая капейка, і па меры неабходнасці, прыкладна раз на месяц, я пакідаю заяўку ў камунальным. Смецце вывозяць, а нам выстаўляюць кошт у залежнасці ад колькасці смецця. Дакладнай лічбы я не скажу, але, паверце, там капейкі з гаража атрымліваюцца. Не буду казаць, што ў нас зусім няма пытанняў са смеццем, з некаторымі ўладальнікамі асабіста я вяду бяседы, некаторым прадпісанні адпраўляе наша санітарная служба. Аднак, у цэлым, мы выглядаем сёння добра.
У тонкасцях юрыдычнага боку пытання нам дапамагла разабрацца галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Івацэвіцкага райвыканкама Вольга Міхнюк. Аказалася, што кааператыву як юрыдычнай асобе прасцей заключыць дагавор. У гаражным масіве кожны ўладальнік гаража атрымліваў свой кавалак зямлі на будаўніцтва, а значыць, кожны асабіста павінен заключыць дагавор. Як адзначаюць спецыялісты, на сходы з некалькі соцень уладальнікаў гаражоў прыходзяць па 10–20 чалавек, а заключыць дагавор з камунальнай службай згаджаюцца адзінкі. Маўляў, смецце на маё і чужое ніхто дзяліць не будзе, чаму я павінен плаціць за суседа… Вось такое замкнутае кола. І пакуль яно круціцца з зайздроснай хуткасцю, у масіве «растуць» смеццевыя звалкі. Гэтай праблеме не год і не два, а жадання арганізаваць суботнік у гаспадароў гаражоў не з’яўляецца.
Падчас нашага візіту мясцовыя гаспадары шчыра дзякавалі за такую ўборку. Ні адзін з трох суразмоўцаў дагавораў з камунальнікамі не заключаў, смецце мужчыны вывозяць на звалку на сваім аўто. Усе трое запэўнілі – тут не смецяць. Хочацца верыць ім, але нешта падказвае, што так сказаў бы кожны з пяці соцень суседзяў, а смецця ад гэтага менш не становіцца.
Змагацца з праблемай адказныя службы могуць па-рознаму: з дапамогай праверак, складання пратаколаў і адміністрацыйнай адказнасці, устаноўкі сістэмы відэаназірання. Аднак ці не прасцей заключыць дагавор і за капейкі адпраўляць смецце на палігон?.. Калі кантэйнер пад носам, то і спакусы вынесці мяхі з бульбай пад плот значна менш…
Падрыхтавала Кіра ПРАЛЕСКОВА.