19 студзеня выратавальнікі адзначылі сваё прафесійнае свята. У гэты дзень у 1999 годзе Кіраўнік дзяржавы зацвердзіў Палажэнне аб Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Гэта значыць, беларуская выратавальная служба сёлета святкуе сваё 25-годдзе. За гэты час выратавальнікі на справе даказалі, што могуць аператыўна прыйсці на дапамогу і аказаць яе нават рызыкуючы сваім жыццём. Выратавальнік – гэта гучыць горда!

Да ўтварэння МНС пажарная служба ў краіне таксама існавала, толькі ў складзе Міністэрства ўнутраных спраў. У Івацэвіцкім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях ёсць работнікі з амаль 30-гадовым стажам, якія стаялі ля вытокаў стварэння службы новага фармату. Знаёмім вас з імі.

«Калі ратуеш чалавека, пра сябе не думаеш»
Сяргей Мікалаевіч Мяцечка, старшы інструктар-выратавальнік Івацэвіцкай ПАВЧ № 1, пачаў працаваць у пажарнай службе ў 1995 годзе і ўжо 28 гадоў тушыць пажары і не
толькі. Сам ён родам з Мілеек і пяць гадоў працаваў на пасту ў роднай вёсцы, а ў 2000 годзе перавёўся ў Івацэвічы. Як змянілася служба за тры дзесяцігоддзі? Патрэбы насельніцтва засталіся ранейшымі, а вось умовы працы мяняліся: дзякуючы ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы працуецца прасцей. «Прыехалі без вады!», – раней такое даводзілася чуць часта, бо мелі аўтацыстэрны на 2,5 т. Здаецца, гэта і нямала, аднак пры інтэнсіўным тушэнні такога аб’ёму вады хапае на хвілін сем. Па чатыры аўтацыстэрны выязджалі на пажар, і аператыўна шукаліся вадаёмы, каб набраць вады. Потым для аддзела сталі набывацца пяці- і дзесяцітоннікі, праблема з недахопам вады перастала стаяць востра.

Вопытнаму выратавальніку запомніўся буйны пажар у лесапільным цэху ААТ «Івацэвічдрэў», які дастаткова доўга ліквідаваўся. Іншы раз доўга даводзіцца змагацца з агнём у экасістэмах. Аднак самыя складаныя і запамінальныя пажары звязаныя са знаходжаннем чалавека ў будынку, які гарыць. Сяргею Мяцечку даводзілася шукаць і знаходзіць людзей у такіх будынках – і жывых, і мёртвых.

– Усе гэтыя сівыя валасы на галаве, вы думаеце, адкуль? Па прыбыцці на пажар праводзіцца разведка, вызначаемся з тактыкай тушэння. Усё залежыць ад канкрэтнай сітуацыі, але калі дыспетчар паведаміў, што ў памяшканні можа знаходзіцца чалавек, заходзіш туды амаль заўсёды і ў той момант асабліва пра сябе не думаеш. Здаралася такое, што ратаваў людзей на пажарах, пасля адчуваў і гонар за сябе, і радасць, і пад’ём, – расказвае Сяргей Мяцечка. – Заўжды думаеш пра людзей. Патушыць пажар імкнешся з мінімальным уронам, каб маёмасць без вострай патрэбы вадой не заліць. Ёсць удзячныя людзі, якія скажуць: «малайцы!» Аднак часта чуеш і «вы доўга ехалі», хоць насамрэч прыехалі хутка. Заўважылі, што ў стрэсавай сітуацыі час для чалавека ідзе інакш.

Прайшла мінута, а яму здаецца, што дзесяць.
Што яшчэ змянілася? А тое, што калі прыязджалі на пажар у населены пункт 20-25 гадоў таму, уся вёска збіралася з вёдрамі і з рыдлёўкамі. А цяпер таксама людзі збіраюцца – толькі з тэлефонамі, здымаюць відэа.

Калектыў РАНС абнаўляецца. Суразмоўца кажа, што моладзь розная, аднак жадаючыя павучыцца ў старэйшых ёсць – і гэта радуе. Сам ён ужо ў гэтым годзе збіраецца ўступіць дарогу маладым. Мог бы стаць пенсіянерам пяць гадоў таму… Сваё імя ў гісторыю пажарнай службы раёна Сяргей Мяцечка ўжо ўпісаў, бо ёсць людзі, якія сваім жыццём яму абавязаныя.

Вопытны дыспетчар – на вагу золата
Андрэй Пятровіч Рак, дыспетчар цэнтра аператыўнага ўпраўлення, на сваёй пасадзе 25 гадоў, у пажарнай службе – усе 28, у пагонах – 30. Родам ён з вёскі Выганашчы. Гэта работнік, прафесіяналізм якога неаднаразова адзначаны кіраўніцтвам РАНС. Самы пачатак свайго працоўнага шляху ўспамінае з цеплынёй і настальгічнай усмешкай на твары. Графік – суткі праз двое, і на выхадных ён літаральна не ведаў, куды сябе падзець – хацелася хутчэй на работу. Было і цікава, і весела – быў малады, энергічны, сярод калег знайшліся аднагодкі, аднадумцы, актывісты. З цягам часу дадалося абавязкаў, патрабаванняў, прыйшлі новыя тэхналогіі, аднак усё роўна цяпер мала што ў навінку – і хочацца ўжо ад работы адпачыць. Размаўляем смеючыся. Чакаеш-чакаеш пенсіі, а калі прыйдзе час «зрываць падковы» – шкада пакінуць справу ўсяго жыцця.

З Андрэем Пятровічам развітвацца не спяшаюцца (пайсці на пенсію ён мог пяць гадоў таму): вопытны дыспетчар – на вагу золата. Гэта здаецца, што калі за год выратавальнікі ліквідавалі каля 60 пажараў, то на столькі званкоў і адказалі дыспетчары. А званкоў было амаль тры з паловай тысячы – сёння нумары «101» і «112» ведаюць і дарослыя, і дзеці. Праз цэнтр аператыўнага ўпраўлення РАНС праходзяць амаль усе надзвычайныя здарэнні ці здарэнні, якія такімі здаюцца; прыняць паведамленні аб іх, сабраць інфармацыю – задача дыспетчара. Паведамляюць пра рознае: пажар, аварыя, шэршні, машына ў снезе засела, зачыніліся дзверы ў кватэру, чалавек праваліўся ў калодзеж, адзенне «зажаваў» мотаблок, напала жывёла, коцік не можа спусціцца з дрэва, разбілі тэрмометр і гэтак далей. І многія праблемы вырашаюцца ўжо на ўзроўні звароту да дыспетчара, які кансультуе, раіць, падказвае – і часта людзі дапамагаюць сабе самі. Вельмі важна, як ён спрацуе ў выпадку пажару. Удакладняецца адрас, і па сігнале «Трывога» на месца пажару адпраўляецца тэхніка (на зборы – мінута). Далей дыспетчар цікавіцца, задымленне там ці полымя, ці можа ў будынку, які гарыць, знаходзіцца чалавек, дзе стаіць газавы балон і перадае інфармацыю выратавальнікам. Андрэй Рак – чалавек камунікабельны, адказны, кампетэнтны, дысцыплінаваны і выконвае свае задачы на 10 балаў. А чаму? Бо насамрэч па-ранейшаму шчыра любіць сваю работу.

«Мне камфортна ў мужчынскім калектыве»
Старшы інспектар групы справаводства Ніна Уладзіміраўна Свігла ў атрад ваенізаванай пажарнай службы (папярэднік РАНС) уладкавалася больш за 25 гадоў таму. Паспела папрацаваць з трыма начальнікамі – Міхаілам Кавальчуком, Васілём Бацкалевічам і Сяргеем Новікам, і з усімі знаходзіла і знаходзіць агульную мову.

Ніна Уладзіміраўна – адна з дзвюх жанчын у калектыве, працуе з дакументамі, з карэспандэнцыяй і выконвае функцыі сакратара. У 90-я гады мінулага стагоддзя ў яе распараджэнні была толькі друкарская машынка, друкавала на ёй адным пальцам. Потым набылі электрычную – і ўжо, здавалася, прагрэс, стала прасцей. А потым верным сябрам стаў камп’ютар, прыйшлося асвоіць і яго, і новыя праграмы, што дапамагаюць у рабоце. Напрыклад, СМДЗ – сапраўдная знаходка, зручная праграма, якая пазбаўляе ад неабходнасці весці шэраг журналаў. Паляпшаліся і ўмовы працы. У 2008 годзе пабудаваны новы адміністрацыйны будынак аддзела.

– Многія мае аднагодкі ўжо пайшлі з аддзела, працую ў асноўным з моладдзю – падабаецца. А яшчэ пашчасціла трапіць у мужчынскі калектыў: мяне не крыўдзяць, цэняць. Працавала побач з мужам, які пайшоў на пенсію з пасады намесніка начальніка па тыле. Калектыў у нас харошы, дружны. Паедуць хлопцы на пажар – а я перажываю і ўсё думаю, куды паехалі, што, дзе здарылася. А калі едуць у напрамку Гошчава, то і ўвогуле сэрца не на месцы: я ж там нарадзілася і вырасла…

Пра навіны і планы Івацэвіцкага РАНС расказвае яго начальнік Сяргей Новік:
– Галоўная навіна – выратавальнікаў у раёне стане больш. Загадам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у наш штат увялі восем адзінак. Плануецца, што ўжо вясной у Івацэвіцкага РАНС з’явіцца новае падраздзяленне на базе пажарнага дэпо ААТ «Івацэвічдрэў», якое перададуць аддзелу. Івацэвічы ўмоўна раздзеленыя на дзве часткі чыгункай, па якой толькі ў светлы час сутак праходзіць больш за 40 саставаў, і часам даводзіцца стаяць на пераездзе каля 20 мінут. Калі на дрэваапрацоўчым прадпрыемстве – пажар, а выратавальнікі прыедуць туды праз 20 мінут, то гэта найхутчэй будзе трагедыя. Таму штат расшыраецца. У сувязі з гэтым запрашаем да нас моладзь, здольную па сваіх маральна-валявых і фізічных якасцях праходзіць службу ў нашым аддзеле.
Абнаўляецца парк пажарнай тэхнікі. У 2023 годзе атрыманы адзін легкавы аўтамабіль і адна пажарная аўтацыстэрна. Чакаецца атрыманне яшчэ адной аўтацыстэрны ёмістасцю 5 т. У Івацэвічах і Целяханах ужо ёсць аўтацыстэрны-дзесяцітоннікі.

У 2023 годзе на тэрыторыі раёна зарэгістравана 57 пажараў, у 2022 годзе – 53. Ад небяспечных фактараў загінула шэсць чалавек, сем – у 2022 годзе. Лічба для раёна высокая. Сацыяльны партрэт загінулага: мужчына, пенсіянер, непрацуючы, у стане алкагольнага ап’янення. У 60 % выпадкаў гінуць такія людзі. Заклікаем не грэбаваць элементарнымі правіламі пажарнай бяспекі, берагчы сябе, сваіх родных і блізкіх.

Усяго ж у мінулым годзе выратавальнікі выязджалі на выклікі 472 разы, акрамя 57 пажараў – на ліквідацыю ДТЗ – 8 разоў, для выдалення гнёздаў шэршняў – 182 разы, па прычыне ўзгарання ў экасістэмах – 28 разоў (вельмі мала ў параўнанні з 2022 годам), 50 выездаў здзейснены з-за спрацоўвання пажарнай сігналізацыі. Былі і іншыя прычыны.

Аддзелам вядзецца і прафілактычная работа: сустрэчы ў калектывах, абследаванне домаўладанняў. Размяшчаем сацыяльную рэкламу – яна ёсць на грамадскім транспарце, на аўтобусных прыпынках на вул. Дзяржынскага і Чарткова, а ў 2024 годзе плануецца размясціць на шматпавярхоўцы тэматычнае графіці.

Словам, працуем – і працуем у тры змены, у любую секунду гатовы прыйсці на дапамогу. Віншую сваіх калег з прафесійным святам. Выказваю асаблівыя словы падзякі ветэранам пажарнай службы – былых выратавальнікаў не бывае, мы помнім пра ваш унёсак у агульную справу, станаўленне і развіццё службы. Віншую і дзеючых супрацоўнікаў РАНС. У першую чаргу жадаю ўсім моцнага здароўя, камфорту на рабоце, каб ішлі на яе з радасцю, а пасля, задаволеныя, вярталіся ў свае сем’і, дзе вас любяць і чакаюць.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться