x
Close
Главная новость Новости

«Я б хацела ўсю зямлю засадзіць кветкамі»

«Я б хацела ўсю зямлю засадзіць кветкамі»
  • Опубликовано:18 июля, 2022

Ніне Пятроўне Новік з в. Доўгае, што на Быценшчыне, 81 год, а не скажаш, зусім не скажаш. Цёплая ўсмешка на твары выдавала шчырую радасць ад таго, што людзі завіталі ў двор, – няхай сабе і чужыя. А мы праязджалі міма, але спыніліся і, як пчолкі, паляцелі да кветак, якія ружовай ракой «разліліся» каля плоту вакол сядзібы Ніны Пятроўны ды «пацяклі» ў двор. Прыглядзеліся – флёксы, а ў двары – лілеі: жоўтыя, чырвоныя, а яшчэ рамонкі, пятуніі, пляцістая ружа… Вочы разбягаліся. Прыселі за столік у двары, пагаманілі.

Ніна Пятроўна любіць акружаць сябе кветкамі, з ранняй вясны і да позняй восені ў яе двары прыгажосць – і ўжо многія гады. Некалі кветкамі любіла займацца старэйшая сястра, вось ад яе пераняла сямейную традыцыю.


Сама яна родам з суседніх Вуглоў, пераехала ў Доўгае ў хату свекрыві, а потым з мужам насупраць яе пабудавалі сваю. Паступова вакол хаты выраслі кветнікі. Шыльда на сцяне пацвярджае: гэта дом узорнага парадку, але жыве ў ім Ніна Пятроўна адна (гаспадара не стала 17 гадоў назад). Разам выгадавалі чацвёра сыноў, а цяпер у жанчыны 10 унукаў, трое праўнукаў.

Гісторыя яе вялікіх ружовых кветнікаў пачала пісацца ў 1991 годзе. Ехала з бальніцы, у Баранавічах завітала на невялічкі базар, дзе набыла першы кусцік флёксаў. Цяпер яны ўсюды і суседнічаюць з мноствам іншых кветак, у асноўным мнагалетніх: ад цюльпанаў, півоняў, касачоў (іх пяць сартоў!) да асенніх хрызантэм і «безыменных», але такіх прывабных кветак.

Расаду адналетак Ніна Пятроўна набывае на базары. Сёлета на пятуніі патраціла 90 руб. О, дык гэта ж сума для пенсіянера, адзначаю, няўжо не шкада?

– Лепей я без хлеба пасяджу. Ніхто не бачыць, што я ем, а што каля маёй сядзібы, бачаць многія. Ды і кветкі ж падабаюцца, – кажа суразмоўца. – І іншым даю кветкі – хто б ні папрасіў «на развод», нікому не адмовіла, толькі прашу 10 капеек – каб не звяліся. Нямала букетаў было нарэзана ў маіх кветніках для дзяцей і на першы, і на апошні званкі. А цяпер няма людзей у вёсцы амаль, нікому гэтыя кветкі не цікавыя, бо ходзім ужо на трох нагах – і я таксама ўжо з кіем перамінаюся бывае.

Догляду кветнікі патрабуюць шмат. Ці хапае сіл, ці не згасае з гадамі жаданне шчыраваць на прысядзібным участку? Ніна Пятроўна кажа: жадання больш, чым сіл. Вось трэба было прыбраць касачы, якія перацвілі, і вывезці на тачцы, бо следам павінны былі расці іншыя кветкі. Цяж-
ка далася гэтая работа.

– Жаданне і вельмі вялікае. Некалі сын казаў: «Ты, мама, хочаш усю зямлю заса-дзіць кветкамі». А я адказвала: «Хацела б, толькі ўжо, сыночак, не магу». Але пакуль яшчэ стараюся, – расказвае жанчына.

– Ну а якія ж любімыя кветкі ў гаспадыні? – пытаюся.

– Усе любімыя. Вясна прыйшла, цюльпаны расцвітуць – і я цвіту. Пазней півоні – бардовыя, белыя, ружовыя… Вы кажаце, выглядаю маладзейшай, чым ёсць. Мо гэта таксама дзякуючы таму, што навокал прыгожа. Снег сышоў – і бачыш, як нараджаецца жыццё. А вось у хаце букетаў не люблю – шкадую зрэзваць кветкі, хіба толькі тыя, што зламаў вецер.


З настальгіяй Ніна Пятроўна ўспамінае той час, калі быў жывы муж, калі разам з сябрамі – яшчэ дзвюма сямейнымі парамі – на матацыкле з каляскай выбіраліся на прыроду, і пакуль жанчыны варылі юшку, смажылі рыбу, мужчыны ўжо беглі з лесу з букецікамі ці пралесак, ці ландышаў. Як жа было прыемна, як радасна. Маленькі букецік, а шчасце вялікае. Толькі ўсе яны – сябры і сяброўкі, дарагі муж – ужо адышлі ў іншы свет.

Хата Ніны Іванаўны таксама выглядае нестандартна. На адной са сцен – жалуды, зрысаваныя з дзіцячых малюнкаў, толькі значна большыя па памеры. Некалі ўсё фарбавала сама, а цяпер ужо людзей наймае для рамонту дома. Нядаўна абшылі Ніне Пятроўне комін на хаце – так, як яна пакамандавала, каб воку было прыемна спыняцца на ім. У двары шмат фігурак звяроў і казачных персанажаў – спецыяльных, для садоў. Фігурка русалкі на міні-франтоне, што над ганкам, зацікавіла мяне асабліва. Аказалася, яна з Балгарыі – муж прывёз у падарунак для сваёй Ніны, якая заўжды любіла «милые безделушки».

Ну а хто ж па прафесіі гэтая жанчына з водарам кветак? Даўным-даўно скончыла Ваўкавыскі аграрны тэхнікум, але ў мясцовым калгасе «Пагор’е» працавала не заатэхнікам – касірам. Гэта прасцей, як-ніяк на руках – чацвёра дзяцей, вялікая гаспадарка. Так прайшло гадоў 10.

Аднак па ваду да Новікаў час ад часу заходзіла дзяўчына, якая працавала кінамеханікам у клубе. Добрая была ў яе работа: цэлы дзень дома, а працуе па вечарах. Завяла пра гэта аднойчы гаспадыня гаворку. А дзяўчына вазьмі і раскажы, што мае намер звольніцца і паехаць з Доўгага, але начальнік адпусціць толькі пры ўмове, што яна знойдзе на сваё месца работніка. Гэтым работнікам і стала Ніна Пятроўна, якая ў выніку за тры месяцы вывучылася ў Брэсце на кінамеханіка і прарабіла ім ажно да пенсіі. Як жа падабалася ёй гэтая работа! Асабліва ішоў народ на індыйскія фільмы. Чым больш народу, тым большы заробак, таму гэтыя фільмы палюбіліся кінамеханіку, а з савецкіх у шэрагу любімых – «Свадьба в Малиновке».

Кінамеханікам атрымлівалася зарабляць больш, чым касірам. Але акрамя асноўных работ быў у Новікаў і яшчэ адзін занятак – нарыхтоўка грыбоў. З 1972 года прымалі яны грыбы, мылі, перабіралі, варылі ў грыбаварні ды перадавалі заказчыку. Нарыхтоўвалі па 30 тон грыбоў за сезон.

Нават ужо тады, калі мужа не стала, Ніна Пятроўна яшчэ гадоў 10 займалася лісічкамі. Гэты занятак прыносіў добры заробак іх сям’і: машына, гараж – усё гэта за грыбы. Заўсёды Новікі былі пры справе, то і цяпер не хочацца сядзець склаўшы рукі.

Пакідаючы сядзібу Ніны Пятроўны пасля экскурсіі па яе хаце, дзе таксама парадак, з пышнымі букетамі лілей і флёксаў, я жадала ёй і далей любіць кветкі і жыццё, ды каб жыццё яе таксама любіла. Неспа-дзявана, змахваючы слязу са шчакі, сказала гаспадыня, што падобныя словы напісаныя на помніку яе сына, якога пахавала адносна нядаўна. Чытач павінен помніць фермера Канстанціна Новіка з в. Наліўкі, без пары пайшоў ён з жыцця. Пісала пра яго некалі і аўтар гэтых радкоў – дастойны быў чалавек, варты сваёй дзейнай і жыццярадаснай маці.

Ніна Пятроўна Новік – гэта адначасова кволы і моцны расток, які, калі спатрэбіцца, праб’ецца нават скрозь ас-фальт. Жыццё ў яе двары завіравала літаральна праз дзве гадзіны, калі завіталі ў госці родныя, забегалі па двары дзеці. Усміхайцеся, Ніна Пятроўна, бо яшчэ ёсць для каго цвісці, і ёсць яшчэ зямля, не засаджаная Вашымі кветкамі.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ,
фота Валерыя МІСКЕВІЧА.