Вось так самакрытычна ацэньвае сваё выступленне на II Гульнях краін СНД наш спартсмен, бронзавы прызёр у спартыўнай хадзьбе Арцём Прыпутневіч

З такога шчырага прызнання пачаў размову з журналістамі ў Мінску наш хадок, 13-гадовы целяханец Арцём Прыпутневіч, адразу пасля фінішу 6 жніўня на сталічным стадыёне «Дынама». Гэта ж ён сказаў і нам на днях падчас сустрэчы. Тыдзень таму хлопчык вярнуўся дадому пасля доўгага расстання з роднымі і малой радзімай: спачатку былі падрыхтоўчыя зборы ў сталіцы, пасля самі спаборніцтвы.

Так, сёлета мы ўсе хварэлі адразу за двух выхаванцаў трэнераў-выкладчыкаў па спорце ДЮСШ г. Івацэвічы Аляксандры Пазняк і Аляксандра Шпакоўскага: Арцёма Прыпутневіча і Сабрыну Дзягцярык. Год таму пасля моцнай целяханскай школы па спартыўнай хадзьбе Сабрына патрапіла пад крыло трэнераў Магілёўскага вучылішча алімпійскага рэзерву і прадстаўляла на Гульнях ужо іншы рэгіён. Аднак яе 5 месца ў дыстанцыі на 3 000 метраў – і для нас нагода ганарыцца і радавацца!

Радаваўся за калегу і наш юны суразмоўца Арцём, які выступаў у складзе беларускай каманды па лёгкай атлетыцы і ў агульную скарбонку прынёс бронзавы медаль. Хлопчык скончыў 7 клас Целяханскай школы, але з лёгкасцю ўспамінае падзеі 2019 года, калі чацвёртакласніка ў школьную спартыўную залу запрасілі на прагляд трэнеры спартшколы:
– Аляксандра Аляксандраўна і Аляксандр Аляксандравіч папрасілі нас пахадзіць спартыўнай хадзьбой, мы рабілі, што маглі і як умелі, – расказвае спартсмен. – Тады амаль увесь мой клас адабралі і запрасілі на заняткі, а зараз нас засталося двое. Я пачынаў з бегу, аднойчы мы з сябрам дзеля жарту вырашылі завяршыць дыстанцыю не бегам, а хадой, у мяне добра атрымалася. Гэта заўважылі трэнеры, і я перайшоў у другі від спорту. Атрымліваецца, жарт вызначыў лёс! Тры гады я трэніруюся па 4-5 разоў на тыдзень, прыкладна па паўтары гадзіны ў дзень. Адразу пасля школы спяшаюся ў спартзал завода сталярных вырабаў, там праходзяць заняткі, а ўвечары саджуся за ўрокі. Па выхадных часцяком мы едзем на спаборніцтвы, тэмп яшчэ той, але я ні разу не пашкадаваў аб сваім рашэнні прысвяціць сябе спорту.

За кароткі час Арцём сабраў добрую калекцыю медалёў рознага кшталту – усяго 46 узнагарод за 1, 2, 3 месцы. Самыя дарагія сэрцу – з двух апошніх важных стартаў – Першынства Рэспублікі Беларусь сярод юнакоў і дзяўчат 2008-2009 гг. н. і, канечне, з II Гульняў краін СНД. Яшчэ ў гэтым годзе хлопчык пацвердзіў 2 разрад па спартыўнай хадзьбе, што для яго ўзросту – супер-вынік. Як часта бывае ў спорце, на некаторы час Арцём трошкі «забуксаваў», вынікі стаялі на месцы, наш спартсмен думаў, што дасягнуў свайго піку, але зборы ў Брэсце, на якія Арцёма запрасіў трэнер школы алімпійскага рэзерву Сяргей Васільевіч Астапук, сталі новым штуршком. Новыя трэнеры прапанавалі большыя нагрузкі, скарэкціравалі тэхніку, самае складанае тут, па словах хлопчыка, – гэта забяспечыць адсутнасць «фазы палёту»: абедзве нагі спартсмена не павінны адначасова быць адарванымі ад зямлі. Аказваецца, гэты від спорту патрабуе добрай расцяжкі, яшчэ важна правільна рухаць рукамі – за парушэнні тут таксама даюць чырвоную картачку і здымаюць з дыстанцыі. Гэтага дапусціць на старце міжнароднага ўзроўню было нельга. Таму за апошнія месяцы падрыхтоўкі разам з мясцовымі трэнерамі і з Сяргеем Астапуком (дыстанцыйна) Арцём Прыпутневіч зрабіў вялікі крок наперад і пабіў свае былыя рэкорды.

Бацькі нашай юнай зоркі спорту Юрый Дамінікавіч, майстар Целяханскага лясгаса, і Ларыса Мікалаеўна, намеснік дырэктара Целяханскай школы-інтэрната, расказваюць, як па заданні брэсцкага трэнера вазілі сына трэніравацца ажно пад Выганашчы.
– Туды мы з Аляксандрай Аляксандраўнай вязлі сына на машыне, назад ён павінен быў прыйсці пешшу, а гэта 12 км! – адзначае тата. – Трэнер званіў сыну, а мы старанна выконвалі ўсе заданні, разумелі, якая адказнасць на Арцёму, і тут мы павінны быць першымі памочнікамі. Я сам у школьны час займаўся бегам у нашай Аляксандры Пазняк, сына аддалі ў спорт, каб быў пры справе і нармальна развіваўся, вялікіх вынікаў не чакалі, а тут медаль з II Гульняў краін СНД.

– Канечне, мы былі на спаборніцтвах 6 жніўня на стадыёне «Дынама», – падхоплівае размову мама Ларыса Мікалаеўна. – Камандзе выдалі прыгожую прафесійную форму, мы нават не пазналі сына, вельмі хваляваліся, але сыну гэтага не паказвалі. Дома за ўнука малілася бабуля Святлана Мікіцічна. Арцём вельмі чаканы сын, доўгіх 8 гадоў мы з мужам ішлі да бацькоўства, і які гонар за яго мы адчувалі на шматтысячных трыбунах. Ён не падвёў, прынёс медаль краіне, вобласці, раёну, хоць і паказаў не лепшы свой вынік, думаю, сыграла хваляванне і крыўдная сутарга, якая схапіла на апошніх кругах.

Так, Арцём паказаў добры час – 14:53.48, але на Першынстве Рэспублікі Беларусь тую ж дыстанцыю ён адолеў за 13:57.64. Першыя пяць кругоў хлопец ішоў першым, апошнія два с паловай даліся цяжка, Арцём саступіў двум расійскім хадакам, ішоў з сутаргай, хто хоць раз адчуваў яе, зразумее, што гэта такое. Трэцяе месца – гэта ганарова, наш зямляк патрапіў у шасцёрку лепшых хадакоў краіны і прадставіў Беларусь годна, але сам Арцём зорак з неба не ловіць, шчыра лічыць, што мог бы ўзяць срэбра, а то і золата, ставіць перад сабой новыя і новыя задачы і чакае адказу ад кіраўніцтва Брэсцкай школы алімпійскага рэзерву. Арцём Прыпутневіч у свае 13 гадоў самастойна зрабіў важны выбар у жыцці, калі ўсё складзецца, то хутка яго чакае пераезд у Брэст, новы калектыў, трэнеры, адказныя старты рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Бацькі мудра дазваляюць сыну рабіць выбар, але і несці за яго адказнасць.

Бацькі для Арцёма сябры, а не наглядчыкі, і юны спартсмен аддзячвае ім за гэта сваімі поспехамі ў спорце і ў вучобе, Арцём «хорошист».

У маім лексіконе надзейна прыжыўся выраз «маленькі дарослы», так я называю дзяцей сур’ёзных і адказных не па ўзросце. Дык вось, Арцёма Прыпутневіч падаўся аўтару радкоў менавіта такім «маленькім дарослым»… Поспехаў табе, Арцём, па жыцці!

Трэнер-выкладчык па спорце ДЮСШ г. Івацэвічы Аляксандра Пазняк:
«Арцём узяў сваёй выключнай стараннасцю!»
– Як ганарымся мы з Аляксандрам Шпакоўскім нашым Арцёмам! Аднак, калі ў 2019 годзе ён упершыню прыйшоў на трэніроўку, вялікіх планаў на яго мы не строілі. Некаторы час ён саступаў сваім сябрам, быў другім, трэцім, чацвёртым… А пасля ўзяў характарам, я лічу. Гэта вельмі сур’ёзны, старанны спартсмен. Ён паказаў сябе найлепшым чынам на Гульнях, я таксама была на стадыёне. І прыемна, што ў нашых Целяханах растуць такія таленты, як Арцём ці Сабрына, хоць умовы для трэніровак у нас самыя простыя. Зімой мы займаемся ў спартзале нашага завода сталярных вырабаў, вясной і летам – на стадыёне, або вязем дзяцей пад Выганашчы, а яны ідуць ці бягуць у Целяханы. Так растуць спартсмены, ніяк інакш! У мінулым годзе ў шасці групах у нас займаліся 45 дзяцей 10-17 гадоў з Целяханскай СШ і са школы-інтэрната. Многія з іх – пераможцы абласнога ўзроўню, ёсць вынікі і на рэспубліцы. Добрым падарункам для нас усіх быў бы рамонт у зале або новая раздзявальня на стадыёне. Дзеці займаюцца лёгкай атлетыкай з задавальненнем, і мы гатовыя прыняць нават больш выхаванцаў!

Наталля ГЕРБЕДЗЬ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА і з архіва сям’і Прыпутневічаў.

Поделиться