«Я пакінула аўто на хвіліну!»
Гэты і іншыя аргументы знаходзілі нашы вадзіцелі, якія паркавалі свае аўто на газоне
ці на праезнай частцы гарадскіх дарог
Пытанне няправільнай паркоўкі балючае як для вадзіцеляў, так і для супрацоўнікаў АДАІ. Любы рэйд па гэтым парушэнні заканчваецца дзясяткамі пратаколаў, не знайсці парушальнікаў у гэтым пытанні проста немагчыма. І калі хоць часткова праблему з парковачнымі месцамі ў старых жылых забудовах можна зразумець, там не вытрымліваюцца сучасныя нормы па іх колькасці адносна колькасці кватэр, то ў сучасных дварах часам каля аўтамабіля на газоне пустуюць два месцы на паркоўцы…
Многія вадзіцелі нават не надта баяцца дапускаць такія парушэнні, бо па п. 1 арт. 18.18 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь стаянка транспартнага сродку з парушэннем правілаў караецца папярэджаннем за першае падобнае парушэнне ў годзе або штрафам у адну базавую. Быццам бы не самае страшнае парушэнне, і заканадаўства тут даволі лаяльнае, але ў гэтым выпадку трэба думаць не столькі пра свой кашалёк, колькі пра небяспеку на дарогах.
23 верасня па дарозе ў рэйд у пошуку машын, прыпаркаваных на газонах і дарогах, супрацоўнікі АДАІ Івацэвіцкага РАУС: старшыя інспектары ДПС Сяргей Трафімчык і Дзмітрый Юдзік, інспектар Аляксей Фядосік – расказваюць, як каля райбальніцы па вул. Талочкі з-за імправізаванай стаянкі цэлага шэрага аўто другім вадзіцелям даводзіцца выязджаць на сустрэчную паласу руху… А гэтае вымушанае парушэнне правілаў можа выліцца ў ДТЗ. Таму тут найлепшы кантралёр нават не пагроза штрафу, а рызыка стаць віноўнікам аварыі і яе ўдзельнікам.
Першым прыпынкам у нашым рэйдзе акурат і стала вул. Талочкі, тут на скрыжаванні вуліцы і аўтадарогі Івацэвічы – Падстарынь – Боркі насупраць будынка райбальніцы цэлы картэж аўто, прыпаркаваных на праезнай частцы. Усе трое дзяржаўтаінспектараў хутка пачынаюць званіць парушальнікам. На ўзбраенні супрацоўнікаў АДАІ планшэты з устаноўленай Аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмай, дзе ўсё як на далоні: ад нумара тэлефона і асабістых дадзеных уладальніка транспартнага сродку да інфармацыі аб здзейсненых парушэннях, даты праходжання тэхагляду і заключэння дагавора страхавання… У той дзень большасць парушальнікаў – жанчыны, як вопытныя, так і маладыя вадзіцелі. Усе ведаюць, што сталі не па Правілах. Дзмітрый Юдзік кідае вокам на стаянку, разлічаную больш чым на 200 машына-месцаў, і пытаецца аб прычынах парушэння ў вадзіцеля З.:
– Паважаная З., водзіце больш за восем гадоў, парушэнняў мала, чаму сталі тут, а не на стаянцы, месцы ж ёсць? Вось літаральна на нашых з вамі вачах грузавік, які едзе на спіртзавод, выехаў на сустрэчную паласу з-за вашых аўтамабіляў. Асабліва востра праблема адчуваецца зімой, калі тэхніка расчышчае снег і такія стаянкі вельмі мяшаюць, мала хто задумваецца аб гэтым. Больш не парушайце так Правілы, на першы раз абмяжуемся папярэджаннем, але аўто вы павінны адагнаць тэрмінова.
Канечне, жанчына, якая за гады ваджэння атрымала ўсяго пару штрафаў за адсутнасць тэхагляду, шчыра прасіла прабачэння і паабяцала быць больш уважлівай і адказнай. А прыехала яна наведаць брата пасля аперацыі, запэўніла нас, што паставіла аўто ненадоўга, але гэта не аргумент… У той дзень мы пачулі яшчэ, як цяжка ісці ад стаянкі да бальніцы пенсіянерам і хворым, адна жанчына ўвогуле шчыра прызналася: каханы даўно робіць ёй заўвагі наконт такіх парковак, мужа яна не слухала, спадзяёмся, што прыслухаецца да супрацоўнікаў АДАІ, бо ў наступны раз ужо атрымае штраф. Да нас выходзілі жанчыны і мужчыны, жыхары вёсак і райцэнтра, пенсіянеры і маладыя спецыялісты-медыкі. Усе ведалі, што парушаюць, але, напэўна, не задумваліся, наколькі моцна такое нявіннае дзеянне можа паўплываць на сітуацыю на дарогах. Літаральна за паўгадзіны тут было складзена сем пратаколаў з папярэджаннямі. Аўтааматарам, якія не адазваліся па тэлефоне, пад «дворнікамі» дзяржаўтаінспектары пакінулі памяткі. А пакуль рэйдавая група працавала з гора-паркоўшчыкамі, некаторыя вадзіцелі зноў жа на хвіліну пакідалі машыны насупраць мясцовага магазіна і беглі па пакупкі… Усе атрымалі заўвагі, а яшчэ тлумачэнні паняццяў прыпынку і стаянкі аўтамабіля.
Прыпынкам лічыцца планамернае спыненне руху аўто да 5 хвілін, а таксама больш чым на 5 хвілін, калі гэта патрэбна для высадкі-пасадкі пасажыраў, стаянка аўто – гэта спыненне сродку больш чым на 5 хвілін па прычынах, не звязаных з высадкай-пасадкай.
Па дарозе на вул. Максіма Танка старшы інспектар ДПС Сяргей Трафімчык патлумачыў, што праблемай у горадзе застаецца і парушэнне п. 2 арт. 18.18 Кодэкса «Неправамерная стаянка транспартнага сродку на месцы, адведзеным для стаянкі транспартных сродкаў інвалідаў», і тут штраф ужо да дзвюх базавых велічынь.
– У бягучым годзе мы аштрафавалі ўжо 67 парушальнікаў па гэтай частцы артыкула, найчасцей нам звоняць самі людзі і расказваюць пра падобныя выпадкі, – кажа Сяргей Іванавіч. – Літаральна сёння (23 верасня) мы адрэагавалі на такі званок. Яшчэ 312 пратаколаў мы склалі на парушальнікаў па ч. 1 арт. 18.18 КаАП, гэта нашы паркоўшчыкі на газонах і на праезнай частцы. У кожнага заўсёды свой аргумент, але правілы ёсць правілы, і яны працуюць найперш на бяспеку пешаходаў і вадзіцеляў, гэта трэба разумець і ўлічваць!
Тым часам на маладой вуліцы Максіма Танка мы спыніліся каля машыны, якую гаспадар пакінуў каля смеццевай пляцоўкі, нам з вамі нічога – а для камунальнікаў гэта рэальная перашкода для вывазу смецця. Ім таксама часта даводзіцца званіць у АДАІ, каб «расчысціць» пад’езд да пляцоўкі. Цэлая выстаўка аўто розных марак была на газоне каля інтэрната па вул. 70 год Кастрычніка і каля шматкватэрак паблізу… Скончым тым, з чаго пачыналі: парушэнняў падобнага кшталту доўга шукаць не трэба, яны абавязкова будуць у старых дварах, каля будынкаў масавага збору людзей – пошты, Дома культуры, магазінаў… Але ўсім нам трэба быць узаемаветлівымі, разумець, што з-за нашага «ненадоўга» нехта не зможа праехаць, зрабіць сваю работу ці ўвогуле можа пацярпець у ДТЗ. Таму няхай хвіліну свайго часу вы лепш патраціце на правільную паркоўку!
Сяргей ТРАФІМЧЫК, старшы інспектар ДПС Івацэвіцкага РАУС;
Дзмітрый ЮДЗІК, старшы інспектар ДПС Івацэвіцкага РАУС;
Аляксей ФЯДОСІК, інспектар ДПС Івацэвіцкага РАУС;
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, «ІВ».