Як гадуюцца цяляты, што такое «малочнае таксі» і адкуль цякуць «малочныя рэкі»?..

Шмат пытанняў было ў цікаўных вучняў пачатковых класаў Святавольскай БШ падчас экскурсіі на святавольскі малочнатаварны комплекс
Экскурсія адбылася 21 кастрычніка, і дзеці Святавольскай БШ разам з настаўнікамі пачатковых класаў і дырэктарам школы Галінай Басалай засталіся ў захапленні ад убачанага на малочнатаварным комплексе, які месціцца ў аграгарадку Святая Воля. Незвычайным для дзяцей было і тое, што галоўным экскурсаводам для іх стаў сам дырэктар ААТ «Святая Воля» Уладзімір Любушак, які, як бацька, уважлівы быў да кожнага, а ў выніку, і сам атрымаў задавальненне ад сустрэчы. Яна атрымалася на дзіва зацікаўленай і карыснай для абодвух бакоў.
На святавольскім комплексе, на якім гаспадыняй з’яўляецца Аксана Мігно, утрымліваецца 770 дойных кароў, і штодзень тут прадаецца дзяржаве малака 19 200 кілаграмаў – усё гатункам экстра. У сярэднім рагулі даюць па 27 кілаграмаў малака, а ёсць і рэкардсмены, ад якіх штодзень надойваюць і па 40 літраў.
Здзівіла ўсіх гасцей, найперш, ідэальная чысціня, як у аптэцы, у вытворчых памяшканнях комплексу, у захапленні яны былі ад «раддома» і цялятніка, дзе вырошчваюцца цяляты ад нуля да двух месяцаў. Жывёлавод Святлана Паламарчук, якая з Марыяй Кавалевіч даглядаюць каля 200 нованароджаных цялят, паказала, як, націскаючы на кнопкі па камп’ютарнай праграме грэецца малачко для цялятак, як рухаецца машына – «малочнае таксі» – і дала жадаючым паспрабаваць націснуць на пісталет, каб пакарміць цялятка. Спрабавалі дзеці і падкарміць цялятак камбікормавай сумессю з соскі.
Калі накіраваліся ў даільную залу, Вікторыя Абрамчук і Віталіна Пацэнка ўсклікнулі з гонарам, што тут працуюць іх мамы. Школьнікаў здзівіла, што каровы такія дысцыплінаваныя. Яны арганізавана, як салдаты, становяцца на дойку, кожная ведае сваё месца. Цікава было дзятве пасачыць за вытворчымі працэсамі, якія адбываюцца ў даільнай зале з акна камп’ютарнай, дзе вядзецца кіраванне і кантралюецца стан кароў.
На даступнай для дзяцей мове вёўся расказ пра сучасныя вытворчыя працэсы ў малочнатаварнай галіне, дэманстравалася сучаснае абсталяванне, а дзеці адчувалі сябе свабодна, сыпалі пытаннямі як з «рога багацця». У ліку іх і пытанне: чым адрозніваецца сілас ад сенажу? Дырэктар павёў усіх да ям з кармамі, каб не толькі расказаць, а і паказаць, у чым розніца сіласу ад сенажу.
Думаю, выбар, кім стаць, залежыць ад такіх сустрэч. Ад эмоцый, якія дзеці атрымліваюць падчас іх, і нараджаецца мара, да якой з гадамі будзе разгарацца цікавасць. Напрыканцы сустрэчы зачараваных дзяцей чакалі яшчэ салодкія пачастункі ад прафсаюзнай арганізацыі акцыянернага таварыства.
Галіна Басалай, дырэктар Святавольскай БШ:
– Ад экскурсіі мы ўсе ў захапленні. Сустрэлі нас так шчыра, расказвалі так цікава, што дзеці літаральна ліплі да дырэктара з пытаннямі і захапляльнымі воклічамі. Вочы хлопчыкаў і дзяўчынак гарэлі цікавасцю да ўсяго, што адбываецца на комплексе. Наогул, з ААТ «Святая Воля» ў нас вельмі цеснае супрацоўніцтва. Яны – нашы дарагія шэфы, якія ў дапамозе ніколі не адмаўляюць. На 1 верасня і на дзень заканчэння навучальнага года лепшыя выпускнікі школы прэміруюцца, і школа атрымлівае падарунак. Дзякуй калектыву за супрацоўніцтва.
Валянціна БОБРЫК.