Як падрыхтуемся, так і сагрэемся

Халады бліжэй, чым здаецца ў такую спёку. Падрыхтоўку да наступнага ацяпляльнага сезона камунальнікі пачынаюць адразу пасля сканчэння папярэдняга, у канцы мая, каб да 30 верасня атрымаць пашпарты гатоўнасці, каб у дамы спажыўцоў своечасова прыйшло цяпло. Што ўжо зроблена ў плане падрыхтоўкі цепласетак, кацельняў, жылфонду, што яшчэ будзе зроблена, «ІВ» расказаў намеснік дырэктара ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» Аляксандр Рабаў.
– Аляксандр Леанідавіч, раскажыце, на якіх вуліцах Івацэвічаў сёлета будзе ці ўжо праведзена замена труб у сетках цеплазабеспячэння?
– На ўчастках вуліцы Чкалава – там работы ўжо завершаны, пакладзена
288 м прадізаляванай трубы. Зараз старыя замартызаваныя трубы мяняюцца на вуліцы Дэпутацкай, у прыватным сектары, да перасячэння Дэпутацкай з вул. Ламаносава. Там праходзяць магістральныя цеплавыя сеткі, укладваецца труба найбольшага дыяметру. Працягласць участка – 250 метраў, пракласці трубы патрэбна 500 м. Сёлета планы па замене труб больш сціплыя, чым у папярэднія гады, бо перад камунальнікамі пастаўлены шэраг дадатковых задач у сувязі з добраўпарадкаваннем горада да Дня беларускага пісьменства. Канечне, гэта не можа стаць перашкодай для абавязковых рэгламентных работ, звязаных з наступленнем ацяпляльнага перыяду: гідравыпрабаванняў, прамыўкі катлоў, цеплаабменнікаў (для гэтага і адключаецца гарачая вада). Работы выконваюцца ўжо зараз. Дзякуючы ім «зімуем» мы звычайна ў штатным рэжыме, без сур’ёзных аварый у цепласетках.
– Шэраг работ вядзецца і ў сетках водазабеспячэння і водаадвядзення…
– Штогадова мы абавязаны перакладваць 3 % сетак водазабеспячэння і водаадвядзення са звышнарматыўным тэрмінам эксплуатацыі і трымаемся плана. Так, сёлета ўжо завершаны работы на важным аб’екце ў цэнтры горада. Сумесна з Івацэвіцкай ПМК-11 замянілі трубы магістральнага водаправода на ўчастку вул. Леніна. Частка сетак праходзіла пад тратуарам, частка – пад дарогай, і гэта на цэнтральнай ажыўленай вуліцы, – шчыра кажучы, было няпроста, аднак справіліся. Таксама прыступілі да замены водаправодных труб на вул. Шаўчэнкі (500 м). Разлічваем на дапамогу будаўнікоў і на гэтым аб’екце. У планах на восень – замена водаправода на ўчастку вул. Заслонава, водаправода і каналізацыі на ўчастку вул. Кароткай у райцэнтры (тут здараюцца парывы). Таксама сёлета будуць мяняцца водаправодныя трубы ў пасёлку Зялёны Бор, а ў Даманаве зоймемся каналізацыяй.
Дарэчы, у чэрвені ўвялі ў эксплуатацыю станцыю абезжалезвання ў Дабромыслі – да мясцовых жыхароў прыйшла чыстая вада.
– Якія навіны ў кацельнай гаспадарцы?
– Сёлета давялося закрыць кацельню ў аг. Хадакі: у кацельні застаўся адзін абанент – мясцовая ўстанова культуры, немэтазгодна было трымаць у штаце чатыры качагары, каб яе абслугоўваць. Замест яе за ўласныя сродкі ЖКГ з прыцягненнем субпадрадчыка, ПМК-11, у Хадаках пабудавалі міні-кацельню на газападобным паліве – у цеплапункце сельскага клуба. Яна будзе працаваць у аўтаматычным рэжыме.
Сёлета плануем мадэрнізаваць кацельню ў Быцені (аздараўленчы лагер «Ювента»), замяніць у ёй абсталяванне. Там будзе тры катлы – два на мясцовых відах паліва, адзін – на пелетах. Цяпер праводзяцца таргі па іх закупцы. На наступны год плануем рэканструяваць дзве кацельні, адна – у школе ў Святой Волі (поўнасцю пераводзіцца на пелеты), другая – у Целяханскім доме-інтэрнаце.
У цэлым у Івацэвіцкім раёне – 51 кацельня, 28 працуюць на мясцовых відах паліва, 21 – на газападобным паліве (з іх 17 – у аўтаматычным рэжыме), дзве – камбінаваныя. Некалькі кацельняў на шчапе працуюць у паўаўтаматычным рэжыме, г. зн. замест чатырох чалавек там задзейнічана двое. Ёсць пытанне з кадрамі ў кацельнай гаспадарцы: знайсці качагараў на зіму бывае праблематычна. Было такое, што і з Івацэвічаў качагараў дастаўлялі ў вёскі, дзе так і не знайшлося работнікаў…
– Перад ЖКГ стаіць задача актыўна скарыстоўваць пелеты? У чым перавагі гэтага віду паліва?
– Паліўныя пелеты – гэта грануляваны від цвёрдага паліва, які атрымліваецца шляхам прасоўкі адходаў дрэваапрацоўчай прамысловасці. Такое экапаліва адрозніваецца больш высокай цеплатворнасцю ў параўнанні з дровамі і шчапой. Акрамя таго, кацельні на пелетах могуць працаваць у аўтаматычным рэжыме (на шчапе – у паўаўтаматычным, патрэбна толькі своечасова загружаць паліва ў бункер). У Беларусі ёсць шэраг вытворцаў пелет, якія зацікаўлены ў продажы прадукцыі на ўнутраным рынку. Перавагі відавочныя, і сапраўды пажадана, каб мы актыўней карысталіся пелетамі. Пакуль што толькі ў двух нашых кацельнях – у Целяханскай бальніцы і Целяханскім цэнтры культуры і вольнага часу – стаяць пелетныя катлы, і, як я ўжо сказаў вышэй, у хуткім яны з’явяцца яшчэ ў трох. Аднак перастройвацца на пелеты цалкам ці амаль цалкам немэтазгодна, пакуль не будзе ўрэгулявана пытанне з цаной – за тону пелетаў плацім 300 руб., гэта дорага. Найбольш выгадна скарыстоўваць газ. Да таго ж на газавых кацельнях не патрэбны качагары.
Што тычыцца мясцовых відаў паліва, рыхтуем дровы, план ужо на сёння выкананы больш чым на 100 %. Супрацоўнічаем з лясгасамі, з прыватнікамі, з прадпрыемствамі, у прыватнасці, з філіялам «Целяханы» ДП «Беларусьгандаль».
– Як да ацяпляльнага сезону рыхтуецца жылфонд?
– Поўнасцю выкананы рамонт цеплавой ізаляцыі ў жылых памяшканнях, гідрапнеўмапрамыўка сістэм ацяплення жылых дамоў, рамонт электраабсталявання. Рамантуюцца дахі – план
у 4 400 м кв. выкананы на 65,2 %, праводзяцца: прафрамонт сістэм ацяплення і апрасоўка сістэм ацяплення (53,8 %), прафрамонт цеплавых пунктаў (вузлоў) і апрасоўка цеплавых пунктаў (вузлоў)
(67,4 %), рамонт стыкаў сценавых панэляў (50, 3 %), шкленне месцаў агульнага карыстання шматкватэрных жылых дамоў (85 %) і рамонт лоджый і балконаў (44, 6 %).
Работы працягваюцца, яшчэ ёсць час, каб выканаць іх належным чынам – як падрыхтуемся, так і сагрэемся.
– Дзякуй за размову.
Гутарыла Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Таццяны ДЫЛЮК.