У кастрычніку-лістападзе ў рэдакцыю паступіла некалькі тэлефанаванняў і паведамленняў аб наяўнасці праблем на вуліцах горада.
У нумары 83 за 4 лістапада раёнка ўзнімала тэму ўзніклых нязручнасцей для пешаходаў і аўтамабілістаў па вуліцы Вуглавой Івацэвічаў з-за велізарных лужын, якіх і аб’ехаць, і абысці даволі складана. Выехаўшы на месца і ўпэўніўшыся ў дадзенай праблеме, звярнуліся па дапамогу ў Івацэвіцкі райвыканкам, і рашэнне праблемнага пытання не заставіла сябе доўга чакаць.
Спецыялістамі ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» было абследавана дарожнае пакрыццё вышэйназванай вуліцы, праведзены работы па адводу ліўневых вод, а праблемныя ўчасткі дарогі падсыпаныя гравійна-пясчанай сумессю і пагрэйдзіраваны. Сёння вуліца Вуглавая прыдатная для карыстання як пешаходамі, так і аўтамабілістамі.
Для гараджан, якія пражываюць не на цэнтральных вуліцах Івацэвічаў, адным з актуальных пытанняў добраўпарадкавання застаецца грэйдзіраванне. На працягу сезона на адной і той жа вуліцы яго выконваць камунальнікам прыходзіцца не адзін раз, а калі яшчэ зачасцяць дажджы, то ямы на вуліцах пасля праведзеных работ хутка з’яўляюцца зноў. Нельга абысці ўвагай і якасць грэйдзіравання. Бывае вельмі непрыемна, калі вуліца пасля грэйдзіравання нагадвае пральную дошку або калі які-небудзь завулак увогуле прапушчаны грэйдарам. Аднак папрок камунальнікам можа аказацца і неабгрунтаваным, так здарылася ў выпадку зваротаў ў рэдакцыю грамадзян з нараканнямі, што пасля грэйдара па вуліцах Перамогі і Ракасоўскага засталіся выбітымі камяні, якія перашкаджаюць руху аўтамабіляў. У панядзелак, 13 лістапада, праехаліся ад пачатку да канца па вышэйзгаданых вуліцах, ацанілі якасць дарожнага пакрыцця – яго стан здавальняючы.
– Усе вуліцы, якія знаходзяцца на нашым абслугоўванні, грэйдзіруюцца згодна з графікам, – пракаменціраваў сітуацыю намеснік дырэктара ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» па эксплуатацыі жыллёвага фонду, аб’ектаў добраўпарадкавання і рабоце з насельніцтвам Васілій Герман. – Пра асобныя ўчасткі дарог, якія патрабуюць нашай увагі, падказваюць і самі жыхары, пакідаючы заяўку ў
адзінай службе па нумары 115. У такіх выпадках выязджаюць спецыялісты для ацэнкі сітуацыі, калі там тэрмінова патрэбна грэйдзіраванне, падыходзім да гэтага пытання комплексна – грэйдзіруем і суседнія вуліцы ці ў цэлым мікрараён. Безумоўна, многім гараджанам хацелася б, каб усе вуліцы і завулкі былі добраўпарадкаваны грунтоўна – з дапамогай асфальтавага пакрыцця. Аднак выдзеленага мэтавага фінансавання не заўсёды хапае.
Яшчэ адна дарожная праблема хвалюе нашу чытачку Святлану С., дакладней кажучы, праблема не з дарогай, а з пешаходнай дарожкай, што вядзе ад вул. Дэпутацкай райцэнтра (у раёне магазіна «5 элемент») да СШ № 3 г. Івацэвічы. Жыхарцы Івацэвічаў хацелася б, каб быў праведзены паўнацэнны рамонт гэтай пешаходнай дарожкі, што вядзе праз мосцік. Ёю заўжды карыстаюцца вучні і іх бацькі, каб напрасткі скараціць шлях да СШ № 3, а ў дажджлівае надвор’е грунтавая дарожка ператвараецца ў твань. Але з аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама мы атрымалі пісьмовы адказ, што вышэйзгаданы пешаходны мосцік не знаходзіцца на абслугоўванні ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ», ён размешчаны на землях агульнага карыстання, дазвольная дакументацыя на яго ўзвядзенне адсутнічае, таму ў адпаведнасці з артыкулам 223 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь дадзенае збудаванне з’яўляецца самавольна ўзведзеным. Для будаўніцтва моста праз водаадводны канал, а таксама будаўніцтва пешаходных шляхоў і дарожак для сувязі з вулічна-дарожнай сеткай неабходна выдзяленне бюджэтнага фінансавання, якое прадугледжвае распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі, з далейшым выкананнем будаўніча-мантажных работ і перадачай іх на баланс Івацэвіцкай ЖКГ. Аднак, як далей паведамляецца ў пісьмовым адказе аддзела ЖКГ райвыканкама, будаўніцтва новага пешаходнага моста і тратуарных дарожак у дадзеным месцы немэтазгодна.
Але ж гэта не адзіны падыход з вул. Дэпутацкай да СШ № 3. Прыблізна ў метрах 150 ніжэй на цячэнні водаадводнага канала маецца добраўпарадкаваны мосцік з пешаходнымі дарожкамі і лавачкамі для адпачынку. І тут у кожнага ёсць выбар: спрасціць шлях, эканомячы час на дарогу да ўстановы адукацыі, але застацца з брудным абуткам (калі ісці ў дождж), ці прайсці лішніх 150 метраў па камфортнай добраўпарадкаванай дарожцы.
З аднаго боку, ва ўсіх згаданых выпадках незадаволенасць грамадзян зразумець можна, бо кожнаму хочацца, каб дарожныя праблемы ў карацейшы тэрмін былі станоўча вырашаныя, а з другога боку, і самім жыхарам патрэбна мець узважаныя і абгрунтаваныя падставы для скаргі, прытым разумець, што камунальныя і дарожныя службы не могуць у імгненне вырашыць усе пытанні, бо гэта і час, і грашовыя сродкі адпаведна.
Аксана Цярэшка.
Фота Валерыя Міскевіча.