Маленькая вёска Дубітава, што ў Мілейкаўскім сельсавеце, не можа ўразіць хараством краявідаў, і я ведала пра гэта загадзя, да візіту ў вёску. «Там няма на што глядзець», – запэўніваў сябар. «Гэта адна з найлепшых малых вёсак сельсавета», – пераконвала яго старшыня. «Ціхая, сціплая, руплівая», – пісаў пра Дубітава краязнаўца Алесь Зайка. Супярэчлівыя ўражанні ад месца, якімі дзяліліся людзі, заінтрыгавалі мяне. Дык якая ты ж ты, вёсачка Дубітава, дзе цяпер зарэгістравана толькі 19 жыхароў?
У Дубітаве мяне здзівіла вось што. Звычайна, калі едзеш у малую вёску, рыхтуйся да сустрэчы з бабулямі. Але ў Дубітаве ўсё ж руляць мужчыны, хоць іх і менш. З трыма вяла гутаркі і ў чарговы раз падумала: шчасце, калі побач гаспадар. Малыя вёскі сумуюць без мужчын: зямлю трэба араць, траву трэба касіць, за садамі, за гаспадаркай трэба даглядаць. Кожны двор чакае рук, якія здольны трымаць цвік, малаток, сякеру, а няма іх – хоць ты плач. Пакуль не плачуць дубітаўскія жанчыны. Хтосьці за мужам жыве няблага, хтосьці можа разлічваць на старасту, а хтосьці звяртаецца да суседа.
Аматар парадку
Ідзём знаёміцца з вяскоўцамі, і неўзабаве ўжо сядзім на лаўцы з мясцовым старастам Міхаілам Іосіфавічам КУЛЕЦКІМ, карэнным дубітаўцам, у мінулым – трактарыстам, а цяпер гаспадаром у цэлай вёсцы. У яго дзяцінстве ў Дубітаве пражывала больш за 400 чалавек, вуліца гула – ні прайсці, ні праехаць. Сёння – хоць сабак ганяй. Слова за слова, пытаю, а з якога спадар Міхаіл года. Кажа, з 1938, і я раблю вялікія вочы. Гэтаму мужчыне, якому не дасі і 70-ці, ідзе 84! І па тры разы на год ён сваімі рукамі абкошвае цэнтральную асфальтаваную вуліцу вёскі даўжынёю ў кіламетры два («зарастае, маць чэсная!»). Свая бензакаса ідзе ў ход, свая бензапіла.
– О, тутака было! Я павыразаў таполі, старыя слівы ў вёсцы, каб не было зарасніку, – расказвае субяседнік. – Сам пілаваў дрэвы на могілках, а ўжо на суботніках хлопцы шчыравалі, выцягвалі галіны. Ніводнага помніка, ніводнай агароджы не пабіў. А сабраць людзей на падмогу складана – многія на інваліднасці.
Запісала ўспаміны пра вайну – яны на вагу золата.
– Даваенны я чалавек, і вайну помню, – расказвае. – Немцы расстралялі маіх сваякоў – і дзеда, і бабу, і хроснага, і цётак, і стрыечнага браціка – усяго сем чалавек. Яны жылі на хутары і падазраваліся ў сувязі з партызанамі. Мая маці была замужам, мы з ёю жылі асобна, за рэкаю. Баць-
ка быў на фронце, разбілі іх – і трапіў ён спачатку дахаты, аўтамат схаваў. А тут ужо немцы. Схапілі бацьку і пытаюць: «Солдат?» А тата мяне маленькага трымае на руках і паказвае, што стрыг сына, таму і сам пастрыгся – ніякі не «солдат». Не паверылі, хацелі расстраляць. Аўтамат у спіну – і павялі да суседа. І пакуль першыя немцы адчынялі дзверы, немец з аўтаматам закамандаваў бегчы. «Шнэль!» – пачуў бацька – і наўцёкі, быў упэўнены, што ўсё роўна расстраляюць. Але немец страляць не стаў. Ведаеце, маладыя немцы былі так выхаваныя, што стралялі і верылі ў сваю правату. А той быў ужо гадоў 35-ці, найхутчэй сямейны, і разумеў, што не трэба ваяваць. Так разважаў мой нябожчык-бацька пра той выпадак. Сам ён забраў сваю зброю і падаўся тады на пошукі ваенкамата.
А ў вёсцы спалілі школу, некалькі дамоў. Людзі жылі ў страху.
– Немцы ўсё стралялі з Косава сюды, на Харошчу: там быў аэрадром. Каардынат добра не ведалі. Дык снарады барабанілі і барабанілі ў рэку, за якой мы жылі. Цяпер то пазарастала ўсё, да яе не далезеш, а некалі і купаліся, і рыбачылі… – успамінае стараста.
Бацька яго вярнуўся з вайны, застаўся працаваць ад ваенкамата ў ваеннай часці, ездзіў на працу з Дубітава. У 1949 годзе арганізавалі калгас. Толькі пачалі людзі набываць хто карову, хто каня, а тут ужо калгас усё забраў. Бяднота была такая ў той час, то немагчыма, расказвае мужчына. Але сталі на ногі. І сам пайшоў дапамагаць у калгас. Спачатку працаваў за працадні, калі быў яшчэ школьнікам. За адзін працадзень можна было атрымаць 250 г зерня, за год працаднёў магло набрацца і трыста. Потым армія, там вывучыўся на шафёра, на механіка-вадзіцеля. І зноў пайшоў працаваць у калгас, што месціўся ў в. Грыўда. Жаніўся на дзяўчыне Лідзіі, нарадзілі дваіх дзяцей.
– Работу любіў. На вялікіх трактарах працаваў, ездзіў неяк ад Косаўскага саўгаса па цэглу ў Гродна – 6 тыс. цаглінаў у двух прычэпах вёз на К-700 (гэта груз для пяці ЗІЛоў). Помню снежныя зімы, чысцілі гусенічным трактарам, а суседа неяк адкопваў – знесла снегам дзверы ў хату. Цяпер вось даглядаю сядзібу. Электракацёл паставіў, каб грэць ваду, газпліта, пральная машына… Ствараем для сябе ўмовы. Сядзець без справы не сяджу – аматар парадку.
Гаспадыня Лідзія Аляксандраўна ў хаце варыла грыбы, якія назбіраў гаспадар. Пасля аперацыі ёй цяжка хадзіць, але і на месцы ўседзець цяжка. Разам Кулецкія жывуць ужо 54 гады, і радасць, і гора заўжды дзялілі на дваіх. Разам і сфатаграфавалі іх ля веснічак, ля дагледжаных гаспадыняю клумб з кветкамі.
Старому трэба мала
Павольна каціўся па адзінай вясковай вуліцы веласіпед. Гэта ехала дахаты таксама карэнная дубітаўка Марыя Іванаўна СІТКЕВІЧ, 1947 года нараджэння. Спынілася для гутаркі. Кажа, сумна стала ў вёсцы – людзей мала, а куды падзецца?
– Вось пасядзела ў аднасяльчанкі, сваячкі – і дамоў. Ехаць яшчэ магу, хадзіць цяжка. 38 гадоў прарабіла ў калгасе. Па цюках лазіла, па прычэпах – і засталася без ног. Пенсіі атрымліваю рублёў 600 – хапае. Раней дзяцей расцілі, будаваліся. Я цяпер нашто тыя куткі? Старому чалавеку мала трэба, маладому – многа.
І ў нас маладых праблем хапала, а сёння ў моладзі іх яшчэ больш. Вось унучцы трэба ўжо на работу выходзіць, а дзіця хварэе, трэба бальнічныя. То не надта хочуць куды браць на работу. А дзіця што? Два дні пахадзіла ў садок – і соплі пацяклі, ужо адпраўляюць дахаты. А хто з ім будзе сядзець? Так раней нашы дзеці не хварэлі. Нават унукаў сваіх дапамагала гадаваць – былі здаровыя. З сабою брала і на картоплі на бурты, і каменне збіраць. У авоську – бутэлечку малака ды пышак – і пайшлі. А ўнучка дык бядуе, і маці яе яшчэ не на пенсіі, каб дапамагчы з дзіцяткам. Муж мой памёр у 66 гадоў, мала на пенсіі і пажыў…
«Пакуль ногі ходзяць, буду дома»
Ужо цямнела, калі завіталі ў двор да Марыі Міхайлаўны ЯКУБЧЫК. Пахавала жанчына і зяця, і сына, і мужа, то і настрой адпаведны, але пасядзела з гасцямі на лаўцы ды расказала, як ёй жывецца ў Дубітаве:
– Агародам займаюся – дзе падзецца ў дзярэўні, мусова. Улетку па ягады езджу на веласіпедзе. У вокны ніхто не стукае – не страшна. А дзе што прыбіць трэба ці зрабіць – ідзеш да Валеры (да аднавяскоўца В. С. Кулецкага), добра што яшчэ маладзейшыя сярод нас ёсць, і мужчыны. Дачка засталася ў мяне, прыязджае раз на тыдзень. Дом у яе на зямлі – не кватэра, але ж у гэтую пару, пакуль ногі ходзяць яшчэ, да яе і не думаю ехаць, толькі на дзень-два.
І трынаццаць кароў – для душы
Раней за людзей у Дубітаве нам сустрэліся дагледжаныя каровы. Галя, Яна, Марта, Прынцэса, Васіліса, Хмара і іншыя карміліцы (пазней мы пазнаёміліся з імі бліжэй і даведаліся пра мянушкі) шчыпалі на пашы траву. Неўзабаве затарахцеў матор, і з-за павароту паказаўся трактар. За рулём – Сяргей ПАПЕКА з Івацэвічаў, у мінулым – ваеннаслужачы батальёна аховы в/ч 7404 з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй, а цяпер чалавек, які мае асабістую падсобную гаспадарку і займаецца справай для душы – вырошчваннем кароў, рэалізацыяй малака.
Хата ў Дубітаве, куды гасцінна запрасіў нас гаспадар, дасталася ад бабулі ў спадчыну. Гутарым. Патрэскваюць дровы ў печы, на ёй – пузаты чыгун з накрыўкай. У мяне дэжавю, быццам бачыла ўжо гэтую карціну. Нагадвае пра сябе маё дзяцінства ў вёсцы, і Сяргей таксама згадвае сваё, і шмат чаго звязана ў ім з Дубітавам. Было такое, што бабуліна хата гарэла, але Сяргей яе рэканструяваў і меў намер зрабіць у ёй дачу для паляўнічых (і яны сапраўды тут бываюць і збіраліся прыехаць акурат у дзень нашага візіту). Ён і сам з іх кагорты, горда красуецца на сцяне трафей – чучала галавы дзіка. Пазней з’явілася ідэя заняцца жывёлагадоўляй, узяў у арэнду зямлю пад сенакос, пад пашу. І падрыхтаваў тэрыторыю пад сваю базу – чысціў яе год, бо быў тут зараснік – сліўкі, крапіва, старыя пабудовы. І звалкі заадно прыбралі. І вось цяпер у гаспадара ў Дубітаве накалькі дамоў (выкупіў суседскія), а таксама 13 дойных кароў і «моладзь».
– Вось адказваю цяпер за тылавое забеспячэнне мяса-малочнай прадукцыяй нашай дзяржавы. Вядома, дойка праводзіцца з дапамогай абсталявання. Неаднаразова прыязджалі сюды і з праверкамі – усё ў нас ёсць, – расказвае Сяргей. – Ці выгадна займацца малаком? Мы не скар-
дзімся. Акрамя асноўнага заробку ёсць жа яшчэ і штомесячная прэзідэнцкая дапамога, датацыя – на кожны літр накідваюць 10 капеек. Напрыклад, калі гаспадар надаіў 4 000 л за месяц, то датацыя складзе 400 руб.
У сярэднім 20-30 л ад каровы даю за дзень. 18 л на галаву атрымліваецца цяпер, восенню, калі некаторыя каровы ў запуску. Работнікам лабараторыі кожны дзень бяруцца аналізы, пробы малака з кожнага бітона. Малако рэалізую першым гатункам – лічыцца, што малако з асабістых падсобных гаспадарак не можа быць гатункам экстра.
Сяргей кажа, што займацца сёння жывёлагадоўляй не многія і захочуць. Ёсць і свае мінусы. Хворы ты ці здаровы, кароў трэба штодзень падаіць, пакарміць, а яшчэ ім трэба нарыхтаваць кармы. Жонка і дзеці гаспадара могуць прыехаць у Дубітава, каб адпачыць, але дапамагаць па гаспадарцы муж і бацька іх не просіць, бо першапачаткова вырашыў разлічваць толькі на свае сілы і не мучыць сельскай гаспадаркай, сваім хобі, родных і блізкіх.
Несумненна, дзякуючы руплівасці Сяргея ў Дубітаве адчуваецца жыццё. Вось замыкала яго карова, забрахаў сабака (а іх у гаспадара восем, чатыры лайкі) – і разумееш, што тут не пуста. Але ж усё роўна ўсіх жыхароў можна пералічыць па пальцах дзвюх рук. Дык, а чаму знікаюць вёскі, пытаюся. І такі чую адказ:
– Прычына ў людзях, усё ад іх залежыць. У нас многія грошай хочуць, толькі нічога не хочуць для гэтага рабіць. Так не атрымаецца. Можна ў нас зарабляць, але трэба круціцца. Бяры клубніцы саджай ці агуркі. Кажуць, харошы бізнес – рытуальныя паслугі, хтосьці і зайздросціць. Але там людзі не лянуюцца. Ідзі памясі цэмент, пацягай помнікі, а потым зайздросць. Лянота ўсё вынішчае, інтэрнэт, смартфоны, у якіх усе сядзяць, ёй дапамагаюць. А пры жаданні можна зарабіць дзе заўгодна, нават у маленькай вёсцы.
Трагедыя і напамін
Валерый Сідаравіч кулецкі прыклаў свае рукі і да ўсталявання каменя-помніку загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны дубітаўцам гадоў сем таму і правёў нас да таго месца, дзе былі расстраляныя 27 яго аднавяскоўцаў (хацелі 28, але адзін выжыў, уцёк), у тым ліку родны дзядзька субяседніка (сам сабе магілу там капаў), сямёра родных дубітаўскага старасты. 28 дрэў высеклі там, расчышчаючы месца пад помнік.
– Сярод тых, каго павінны былі расстраляць, быў і мой бацька, – расказвае Валерый Сідаравіч. – Глядзіце – вось хата, дзе ўтрымлівалі каля 70 чалавек, якіх хацелі забіць, але расстралялі не ўсіх – палову выпусцілі, і бацьку таксама. Гэта яшчэ даваенная пабудова – на даху польская бляха, ацынкоўка заўважная. Камень-помнік (дарэчы, камень прывезлі з ААТ «Мілейкі») стаіць на месцы расстрэлу, а людзі пахаваныя на могілках: праз тры дні пасля трагедыі дазволілі выкапаць целы і пахаваць належным чынам.
Беларус з нямецкім падыходам да справы
Валерыя Сідаравіча КУЛЕЦКАГА называюць у вёсцы немцам, бо працяглы час жыў у Германіі, хоць родам з Дубітава. Яму 71 год. У Германію патрапіў у далёкім 1975-м услед за першай жонкай і пражыў там да 1998-га.
– Дрэнна, скажу я вам, калі ўсё ўмееш. Бо работы тады многа, – жартуе гаспадар, але з гонарам запрашае нас у домік-альтанку, які зрабіў сваімі рукамі да свайго 70-гадовага юбілею і справіў яго там. – Сам сабе задачку паставіш і дробнымі крокамі да яе ідзеш. Склаў гэтую пабудову літаральна з таго, што пад нагамі валялася – у маіх руках, лічы, дровы, сталі матэрыялам. Лазню будую, таксама рацыянальна падыходжу да гэтага: многае можна зрабіць з дзесяці мяшкоў цэменту. А для лазні ўжо гатовыя дзверы (пазней падзівіліся на іх).
У політэхнічным універсітэце ў Мінску ён вучыўся на спецыяліста па рамонце аўтамабільнага транспарту, але ўсё жыццё займаўся сталярнай справай і зрабіў паўзу толькі ў апошнія гады. У Валерыя Сідаравіча – залатыя рукі, сталярыць навучыўся ў бацькі. Якіх толькі вырабаў з дрэва не рабіў за жыццё: лесвіцы, альтанкі, арэлі, дзверы, розную мэблю… «Намалюйце мне хоць драўляны карабель – пры жаданні ўсё зробім», – гаворыць. Ёсць у яго свая майстэрня, прывёз туды станкі з Германіі.
У 90-я пабудаваў сабе двухвярховы дом у Дубітаве каля бацькоўскай хаты (усе работы акрамя кладкі цэглы зрабіў сам) і жыве там разам з жонкай Наталляй Кулецкай, народным майстрам Беларусі, выдатнай выцінаншчыцай. Выцінанкі ўпрыгожваюць і тое памяшканне, дзе мы сядзелі, і ўвогуле ў двары адчуваецца жаночая рука. Бяжыш такі міма дрэва, а на ім нешта круглае, як яблыкі, але нібы з шкла. Прыглядзішся – тое ліхтарыкі, і ў цемры яны будуць свяціць і ствараць атмасферу ўтульнасці. Яшчэ на адной альтанцы, ля вадаёма, дзе плаваюць і судак, і таўсталобік, і акунь, гойдаюцца пяць арэляў – гэта Наталля знайшла праект, а муж увасобіў у жыццё. Абодва яны людзі гасцінныя, ёсць каму зарульваць да іх у двор, Наталля, па прызнанні мужа, выдатная гаспадыня. Не пашчасціла пагутарыць з ёй, бо ў дзень візіту была ў санаторыі.
Хочацца пагаварыць пра вёску з чалавекам, які вярнуўся ў яе, жывучы за мяжой і ў дастатку. Што прымусіла? І чаму не бяруць з яго прыклад іншыя дубітаўцы, якія раз’ехаліся хто куды?
– Дзесяць гадоў у краіну не пускалі. Я ведаю, што такое настальгія. Вярнуўся і ніколі пра тое не шкадаваў, пакінуў у Германіі пасля сябе добры след. Чаму памірае, знікае вёска? А чаму разбураюц-
ца сем’і? Вось сустрэліся маладыя, пакахалі, пажаніліся, пажылі – і разышліся. А таму разышліся, што ўсім трэба займацца, а яны сям’ёй не займаліся. Не можа быць больш мяса ў супе, чым яго туды паклалі. Калі няма руху наперад – стагнацыя хоць у сям’і, хоць на рабоце, хоць у развіцці вёсак, пачнецца рух назад. Не могуць адрадзіцца вёскі, бо няма тут работы.
Валерый Сідаравіч – чалавек хуткі, моцны, энергічны, за ім не збяжышся – некалі займаўся цяжкай атлетыкай. Па ўсім бачна – чалавек і сам не лянівы, і лайдакоў не любіць. Падкрэслівае, што і ў немцаў не прынята ленавацца, сядзець у бацькоў на плячах ці падкідваць бабулям-дзядулям дзяцей.
– У 19-20 гадоў пайшоў на першую зарплату і забяспечвай сябе сам і далей – хочаш галавой, хочаш рукамі, і так, і так зможаш зарабляць. Пры гэтым, калі ў чалавека не атрымалася стаць на ногі, немец ніколі не дазволіць, каб іншы немец жыў пад мастом.
У майго субяседніка чацвёра дзяцей, і дочкі, і сыны, і ўсё лепшае, што мог, што ўмеў, што зразумеў, імкнуўся ім перадаць.
З гісторыі
Паводле пісьмовых крыніц, «поле урочищем над рекою Дубитою» існавала яшчэ ў 1566 годзе, размова ў дакуменце ішла пра падзел палёў і сенажацяў аднаго маёнтку паміж пяццю спадчыннікамі. Краязнаўца Алесь Зайка дапускае, што і паселішча, якое неўзабаве з’явілася на левым беразе ракі Дубіты стала называцца Дубітава. На працягу стагоддзяў вёска ўваходзіла ў склад Грыўдзенскага маёнтка, які належаў роду Палубінскіх. За ўдзел аднаго з чатырох братоў Палубінскіх у нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1830-31 гг. у Польшчы, Беларусі і Літве чацвёртая частка маёнтка была канфіскавана і прададзена дзяржаве. Захаваўся і дакумент аб пераводзе сялян з памешчыцкіх у разрад дзяржаўных, называюцца прозвішчы людзей, нашчадкі якіх і жылі нядаўнадагэтуль жывуць у вёсцы (Турчыны, Радзюкі, Кулецкія і іншыя).
У 1847 г. частка Дубітава – у дзяржаўным маёнтку Бусяж. У 1905-м – вёска ў Косаўскай вол. Слонімскага пав. Гродзенскай губ., 357 жыхароў, хлебазапасны магазін. У 1914 г. працавала народнае вучылішча (настаўнічаў Юльян Грыцук).
У Першую сусветную вайну з прыбліжэннем фронту, восенню 1915 г., дубітаўцы падаліся ў бежанства ў Расію, вярнуліся ў 1919-1921 гг., тут ужо ўладарылі польскія паны. У 1940 г. вёска ў Косаўскім р-не Брэсцкай вобл., 104 хаты, 429 жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну загінулі на фронце 18 дубітаўцаў. 1959 г. – у Дубітаве 303 жыхары, 1970 г. – 269, 1997 г. – 95.
Дарэчы, назва вёскі Дубітава – рэдкая, больш такіх назваў у Беларусі няма. Калі значэнне слова «дуб» вядомае ўсім, то сэнсавае значэнне суфікса -іта дасюль не вызначана канчаткова. Вядомыя даследчыкі-тапанімісты В. Тапароў і О. Трубачоў лічаць, што ў назве Дубітава захаваўся рэліктавы балтыйскі фармант «іта». Праўда, яны не тлумачаць яго значэнне, і пошукі працягваюцца.
Звесткі з кнігі «Населеныя пункты Івацэвіччыны».
Прыязджае ў вёску аўталаўка, пошту прывозяць на машыне, і разам з газетамі ды пенсіяй і тавар розны, фельчар – у суседняй Грыўдзе. Быў некалі клуб, потым дом сацыяльных паслуг – зачынілі, а ключы ў старасты. Адчыняў яго неяк раней, каб людзі маглі пагрэцца, пакуль чакаюць аўталаўку, і для фельчара – тут вёўся прыём.
Дык якая ж ты, вёсачка Дубітава? Шматпакутная, гасцінная, працавітая. Але і кожны з тых, хто дзяліўся сваімі ўражаннямі пра Дубітава, меў рацыю. Яна розная, і, можа, не кожнаму пакажа сваю сціплую прыгажосць. А ўпрыгожваюць кожнае месца людзі, іх учынкі і думкі. А ў гэтым сэнсе Дубітава яшчэ і багатая на слаўных субяседнікаў, прыветлівых вяскоўцаў, энтузіястаў, якія яе апора і яе надзея.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, фота Валерыя МІСКЕВІЧА.