Адказваюць жыхары Коланска, Амяльной і Святой Волі
5 мая праваслаўныя вернікі адзначаць самае галоўнае рэлігійнае свята – Светлае Уваскрэсенне Хрыстова, Вялікдзень. Для хрысціян усяго свету яно сімвалізуе перамогу жыцця над смерцю. Гэта час духоўнай радасці і асаблівых урачыстасцей. Многія рыхтуюцца да яго загадзя, трымаючыся Вялікага посту. Спыталі ў жыхароў раёна пра іх велікодныя традыцыі. Ці ходзяць яны ў храм, каб славіць уваскрэслага Хрыста? Якія стравы рыхтуюць на святочны стол? З кім сядзяць за ім?
Клаўдзія Міхайлаўна разам з мужам Аляксеем Паўлавічам:
– Наша галоўная велікодная традыцыя – збірацца за адным сталом са сваякамі. Жывём у Коланску ў бацькоўскай хаце. Прыязджалі да нас сёстры мужа, брат жыве праз дарогу. Я сама з Грыўды родам, дык на маёй радзіме так на Вялікдзень сваякі не збіраліся. Муж штогод ходзіць у царкву, што ў Гліннай, на ўсяночную службу. А для тых, хто не можа пабываць у храме, у «красную» суботу ў вёску прыязджае бацюшка, каб асвяціць велікодную ежу (людзі для гэтага збіраюцца ля крыжа). Яйкі фарбуем выключна ў чырвоны колер – «у цыбульніку». Пяку і кулічы, і батоны з павідлам. І яшчэ адна традыцыя: на могілкі, каб праведаць продкаў, у нашых краях людзі ў асноўным ходзяць у дзень Уваскрэсення Хрыстова. Аднак апошнім часам моладзь перастройваецца і ідзе на могілкі на Радуніцу. Некалі кожны, хто ішоў да продкаў, нёс з сабой і цукеркі, і яйкі, каб пакінуць на магіле, а цяпер рэдка хто. Мы носім толькі кветкі.
Вольга Іванаўна:
– Абавязкова адзначаем Уваскрэсенне Хрыстова, прыязджаюць усе мае дзеці з Івацэвічаў, Брэста, Мінска – іх трое, прыязджаюць і ўнукі. Усе заўсёды хочуць прыехаць менавіта на Вялікдзень. Аднак перш чым гуляць, трэба папрацаваць. Да Вялікадня трэба прыбраць у двары і ў хаце, дачка з унучкай мне ў гэтай справе дапамаглі. А напярэдадні свята, у суботу, плануем усе разам пасадзіць бульбу. Будзем разам гатаваць стравы на святочны стол. Дачка з Брэста напячэ і прывязе пірагоў. Я ўжо такім не займаюся, здароўе не тое, а раней пякла. Такія боханы з печы падастаю, усім параздаю! Мае дзеці ездзяць у царкву ў Глінную, дзе асвячаюць ежу. Раней на ўсяночную ўсёй сям’ёй ездзілі. Нягледзячы на тое, што жыла я і пры камунізме, працавала ў бібліятэцы і быццам бы трэба было трымацца і прапагандаваць лозунг «Без Бога шырэй дарога», Вялікдзень у маёй сям’і і ў вёсцы адзначаўся заўсёды. Адно толькі ў савецкія часы, здаецца, так масава не наведвалі могілкі.
Любоў Арцёмаўна:
– Вялікдзень адзначаю абавязкова. Гэта светлае і радаснае свята, якое часта збірае за адным сталом усю маю сям’ю – дзяцей, унукаў, праўнукаў. Аднаго сына, праўда, ужо пахавала, аднак ёсць яшчэ сыны, дачка. Пірагі пяку, кулічы – і не толькі здобу, а і з мясам, і з рыбкай. Ёсць у маёй хаце і печ, але апошнім часам карыстаюся электрадухоўкай. Некаторы час я жыла ў Расіі, дзе працавала сакратаром-машыністкай, бухгалтарам, кладаўшчыком, потым вярнулася на радзіму ў Амяльную і доўгі час была даяркай, нават на пенсіі. Велікодныя традыцыі ў суседняй краіне падобныя на нашы. У царкве бываю, малюся і дзякую Богу за ўсё, што мне дадзена. Былі і журботныя падзеі, аднак лічу сябе шчаслівай, у тым ліку дзякуючы майму клапатліваму мужу Васілю Іванавічу.
Вольга Іванаўна:
– На Вялікдзень прыедуць да мяне дзеці – дочкі, унучачка. І сястра прыедзе. Усіх цягне да родных. Дачка мая ў Брэсце, і ў сям’і яе мужа быў такі звычай: мой зяць і яго брат, сыны маёй свацці, на Вялікдзень снедалі ў мамы. І наша сям’я вялікая, дружная – у матулі нас было шасцёра. Жывём блізка, ёсць магчымасць бачыцца часта. Сёння разам з аднадумцамі хадзілі ў царкву ў Глінную, рабілі ўборку – дываны павычышчалі, абразы. Усяночная – абавязковая традыцыя, ходзім у храм усёй сям’ёй. Дочкі мае наведваюць царкву і тут, і ў Брэсце пастаянна. Як і заўжды, езджу ў гэты час на маміну магілу ў Горталь – я адтуль родам. Пірагі, калі дзеці едуць, дык хочацца для іх спячы – і пяку. Ну і яйкі фарбуем.
Надзея:
– Сям’я мая невялікая – я і двое дзетак, таму адзначаем Вялікдзень у вузкім сямейным коле. Гэта важнае для мяне свята. У нашай Святой Волі такі прыгожы храм, наведваю яго, на прычасць ваджу дзіця. Ходзім і на асвячэнне ежы, аднак на ўсяночную службу цяпер не застаюся – дзіця маленькае. Сама кулічы не пяку. І бабуля мая, і мама пяклі смачныя булкі і пірагі, сёстры таксама ўмеюць рабіць гэта, а я вось з цестам не сябрую. Добра, што ёсць магчымасць набыць печыва ў магазіне. А яйкі фарбую ў шалупінні ад цыбулі – дзецям дзеля забаўкі.
Алена Сяргееўна:
– Традыцыі цяпер у мяне такія, як і ва ўсіх: наведаць храм і накрыць стол. Але раскажу пра традыцыю, што жыла на маёй малой радзіме ў гады дзяцінства. Я са Столінскага раёна, і там заўсёды ў панядзелак пасля Вялікадня людзі ішлі на могілкі. Мы, дзеці, беглі са школы хутчэй, каб паспець туды, а там усё сяло, усе сваякі збіраліся. Накрывалі сталы, магілы засцілалі абрусамі. Людзі хадзілі ад магілы да магілы, то тут, то там частаваліся. У Святой Волі такога няма… Раней я пякла пірагі, а зараз дочкі выраслі і самі пякуць. Магу павазіцца з цестам, калі чакаю іх у госці, а калі адна, дык прасцей купіць велікодны куліч. Па святах бываю ў нашым святавольскім храме. Працую сацыяльным работнікам, даглядаю пяць бабуль і двух дзядуль. Усе яны чакаюць Вялікдзень: да кагосьці ў гэты дзень прыедуць дзеці. Ёсць адзін дзядуля, які ляжыць, і просіць ён у мяне: «Купі мне піражок маленькі – свята ж ідзе». Усім хочацца свята.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.