Яна нарадзілася ў Дзень працы, і праца на зямлі стала сэнсам жыцця для яе і родных.

Яно ёсць, гэтае шчасце, але яму не пазайздросціш. Тамара Міхайлаўна – светлай душы чалавек, шчыры, адкрыты, спагадны. Яна цудоўная жанчына і гаспадыня. Але не кожнай жанчыне з такой прыемнай знешнасцю па зубах у запрэжцы з мужам цягнуць такі бізнес, як фермерства, працаваць над ім без выхадных і водпускаў з рання да ночы.

З мужам яна бывае не бачыцца цэлымі днямі, бо ён з самага ранку паляцеў у адзін бок, яна – у другі. Апантаныя працаголікі, якіх надзейна зямля прывязала да сябе і дае галоўную асалоду – сэнс жыцця. Людзі кажуць, што для поўнага шчасця ім не хапае толькі свайго самалёта. А яны не дзеля вялікіх грошай б’юцца, проста адказнасць за зямлю не дае расслабіцца. Кожны дзень – бітва. І зроблены Тамарай Камяк аб’ём работы за дзень напужаў бы любую жанчыну, якая любіць прыхарошвацца ля люстэрка. «Галоўнае – мір і спакой у сям’і, тады ўсё атрымаецца», – лічыць яна, другая палавінка Васіля Камяка – гаспадара ФГ «Коланск».

Узяўся за гуж
Фермерская гаспадарка «Коланск» сёння ўяўляе сабой паспяховае сельскагаспадарчае прадпрыемства, якое не стаіць на месцы, а рухаецца наперад. У арсенале гаспадаркі ёсць уся тэхніка, у тым ліку камбайн па ўборцы агуркоў, моркваўборачны камбайн, і сёлета гаспадары Камякі набылі збожжаўборачны камбайн, новыя сеялку, фрэзу… Асноўным напрамкам дзейнасці прадпрыемства з’яўляецца вытворчасць агародніны: буракі, морква, бульба, капуста, збожжавыя, рапс, агуркі, памідоры, радыска, зялёная цыбуля ўсю зіму, а сёлета паспрабавалі вырошчваць у цяпліцы і клубніцы. Прадукцыя гэтай фермерскай гаспадаркі добра вядомая жыхарам Рэспублікі Беларусь.

У фермерскай гаспадарцы ўжо 228 гектараў… Канца і краю палям не бачна.

– Мяне іншы раз пытаюць, як ваш бізнес? А ў мяне ўнутры ўсё падымаецца. людзі, які бізнес? Гэта пякельная бясконцая праца, але калі ўзяўся за гуж, то не кажы, што не дуж, – заўважае Тамара Міхайлаўна. – І калі мы пачыналі, то былі ў даўгах як у шаўках. Спіс адкрываеш і не ведаеш, каму першаму аддаваць. Калі ішлі браць крэдыты – не давалі, хто нас ведаў? А цяпер да нас самі звоняць з банкаў… Цяпер калі ласка, бо мы плацежаздольныя.

Самы памятны дзень
– Некалі ў савецкія часы часта ў альбомах мы школьнікамі запаўнялі анкету «Самы памятны дзень». Памятаеце? – расказвае Тамара Міхайлаўна. – І кожны стараўся напісаць нешта харошае. А ў мяне самы памятны дзень – дзень, калі загінуў мой тата. Трагічны выпадак здарыўся з ім. Усе вяскоўцы тады казалі: «І Богу харошыя людзі патрэбны»… А мне так балюча было, тата быў сапраўды вельмі харошы, хаця і занадта строгі. Але пакуль тата быў жывы, у мяне па доме не было аніякіх абавязкаў. Толькі ўрокі вучыць і на трэніроўкі хадзіць, бо ў спартыўнай школе займалася лёгкай атлетыкай. Тата нас з малодшымі маімі двума братамі песціў, асабліва мяне, адзіную дачушку. І маму шкадаваў. Калі мама захварэе – сам і посуд памые, і ў хаце прыбярэцца. Мне нават здавалася, што мама нас не так шкадавала, як бацька. Мусіць, прадчуваў ён свой кароткі век, усяго сябе нам аддаваў…

Калі ён загінуў, мама ўзваліла немаленькі груз на свае плечы, і мы сталі ўсё рабіць па доме, па гаспадарцы. Раскошы я ўжо не бачыла. Іншы раз сваякі частавалі нас цукеркамі, і мы спяшаліся падзяліцца імі з мамай, а яна казала, што іх не любіць. Я тады думала, як можна не любіць цукеркі, яны ж такія смачныя? Сёння, будучы сама мамай, разумею, чаму яна так казала. Мы, мамы, усе такія – лепшае дзецям.

Знаёмства
– З суджаным мы пазнаёміліся ў клубе. Будучы муж толькі з арміі прыйшоў. Я яго ведаць не ведала, хоць вёскі нашы побач, – успамінае Тамара Міхайлаўна. – Вечары тры-чатыры ён спрабаваў мяне правесці, але не тут-то было, я ж не так проста спортам займалася… Але, відаць, ад лёсу нікуды не дзецца. Мо мы і жывём нармальна, бо я халерык па натуры, а ён – спакойны, ураўнаважаны.
Вяселле згулялі Васіль і Тамара Камякі ў 1986 годзе.

– Замужжа пачалося строга неяк адразу: праца пасля працы, хатняя гаспадарка, поле, агарод… Так і ўцягнулася, але ні аб чым не шкадую. Здаецца, жыццё пражыта для сябе і людзей.

«Мы ніколі лёгка не жылі»
Шчаслівы фермер – гэта наогул не пра Камякоў. Адзінае, што яны ўмелі заўсёды, – бачыць крыху раней і далей, чым іншыя. Зараз людзі зайздросцяць Камякам, што ў іх толькі самалёта не хапае. Але, як лічыць гаспадыня, зайздросціць ім няма чаму, бо фермерства – гэта бясконцая праца.

– Ніколі ў жыцці не думала, што ў мяне будзе такая вялікая гаспадарка. На месцы сённяшняга сховішча была раней школа, у якой працавала. Хіба я некалі магла пра гэта падумаць? Ніколі. Каб не той выпадак, калі забаранілі іпэшнікам працаваць, маючы наёмных работнікаў, то, можа, мы і не адкрылі б сваю гаспадарку. Мы вымушаны былі тады вырашыць, якую нам адкрываць юрыдычную асобу – прыватнае ўнітарнае прадпрыемства або фермерскую гаспадарку. І адкрылі фермерства, – расказвае жанчына. – Я заўсёды падтрымлівала мужа. Ён лічыў, так будзе добра. Ну давай так… А па сутнасці, у нас не было іншага выйсця, бо на той час у нас была свая фура, якую вельмі шкада было прадаваць. Здаецца, выпадковасць, а памяняла ўвесь наш жыццёвы шлях.

Грошай многа не трэба
– Грошы я не стаўлю на першае месца. Іх не павінна быць многа. Ад вялікіх грошай больш зла, чэрствасці і шкоды, – такая глыбокая філасофія ў гаспадыні.

Раней, калі не было столькі зямлі, то Камякі ездзілі штогод на мора ці ў санаторый адпачыць, цяпер гэтага сабе дазволіць не могуць.

– Адразу неяк не па сабе было, але да ўсяго прывыкаеш. Лічыш, што так і павінна быць. Сёння я, як і ўсе мамы, думаю: добра б толькі было маім дзецям, – кажа яна. – а яны сёння працуюць на ўзроўні з намі і падыход да працы ў іх зусім іншы, больш сучасны. Нявестка Юля адказвае за дакументы, а ад сына Мішы ў пэўнай меры залежыць вынік нашай працы, бо правільны падбор насення і атрыманне якаснай прадукцыі – гэта яго справа.

Шчасце жаночае
Прыгожа апранацца Тамара любіла заўсёды: і ў школьныя гады, і на працы. Сёння жанчына сама прызнае, што сукенкі ёй няма куды апранаць, але ўсё роўна купляе абноўкі. Муж іншы раз жартуе: «Ты кажаш, няма чаго апрануць? Твайго «няма чаго апрануць» няма куды ўжо пакласці»…

Чысціня – гэта таксама закон. Калі праца з шасці гадзін раніцы, то да гэтага часу паспявае і есці прыгатаваць, і ў хаце прыбрацца.

Шчасце жанчыны – у чым яно?
– Для мяне галоўнае, каб быў мір і спакой у сям’і. Калі ціха ў сям’і, то і справы ладзяцца, і праблемы неяк непрыкметна вырашаюцца. Таму мір у сям’і і мір у свеце – аснова ўсяго, – лічыць Тамара.

Гэтую жанчыну цяжка выбіць з каляі, бо яна аптымістка. Хаця, калі нешта ідзе не так, яна не спіць і вельмі перажывае за любую дробязь.

– Запланавала, а не атрымліваецца – мяне хвалюе. Мне трэба, каб атрымлівалася, – кажа яна. – Ці да прыкладу, праверка. Ёсць заўвагі – ужо не сплю. мне трэба тут жа тэрмінова ўсё выправіць. Муж раіць – не бяры блізка да сэрца, а я не магу. І сын такі, як я, скрупулёзны. Нават яшчэ больш, чым я, перажывальны.

Мы хуткія на пад’ём і гатовы да любога дыялогу. Прапанавалі стварыць прафсаюзную арганізацыю ў гаспадарцы – не пытанне. Трэба арганізаваць нейкае мерапрыемства – калі ласка.

Сапраўды, Тамара Камяк заўсёды старалася жыць на 5 і 5, і гэтай лічбе адпавядае яе сёлетні юбілей – 55-годдзе, якое яна адзначыць 1 мая.

У абодвух Камякоў, дзякаваць Богу, яшчэ жывыя маці. Дапамагалі яны ім заўсёды. Многа ў Камякоў і сяброў, сваякоў. Некаторыя працуюць у іх гаспадарцы, і Камякі гэта вельмі цэняць, бо ёсць на каго пакласціся ў многіх пытаннях. Часта іншыя фермеры кажуць: «От, каб нам такую жонку, то і мы б хутка падняліся». А яна лічыць, што атрымаецца ва ўсіх, было б жаданне.

Дабро вяртаецца
У фермераў святаў не так і многа. І калі Камякоў запрашаюць на мерапрыемствы ці ўрачыстасці, яны ахвотна адгукаюцца. ФГ «Коланск» з’яўляецца спонсарам мясцовых мерапрыемстваў, яна аказвае дапамогу хворым дзецям. Гаспадыня ўпэўнена, што дабро, зробленае людзям, вяртаецца ўдвая. Я дзякую Богу, што Ён даў нам магчымасць дапамагаць, а не ісці з працягнутай рукой.

І да рэлігійных святаў у сям’і адносяцца з павагай.

– Іх не так многа і іх трэба прытрымлівацца, – кажа жанчына. – Калі будзеш захоўваць спакой, шанаваць святы, паважаць людзей, тады ўсё паспеецца, зробіцца.

Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться