«Востраў закаханых» – месца для рамантычных сустрэч

12 июня 2017 - Administrator
article3222.jpg

 Косаўшчына, Марачоўшчына – любімыя месцы адпачынку многіх жыхароў нашага раёна і шматлікіх гасцей. Тут можна не толькі пазнаёміцца з гістарычнымі артэфактамі, дакрануцца да муроў прыгажуна-палаца Пуслоўскіх і дома-музея Касцюшкі… Многім наведвальнікам дастаткова проста любавацца дзівоснымі мясцінамі – лес, а побач неабсяжныя прасторы, маляўнічае возера і тут жа востраў з усімі атрыбутамі для адпачынку… 

Але тут можна і добра адпачыць: для аматараў бавіць час у кампаніі на свежым паветры, на рыбалцы – магчымасці шырокія. І іх, магчымасцяў, становіцца яшчэ больш, бо на гэтых прасторах з’явіўся новы гаспадар – ААТ “Мілейкі”. У кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства самыя амбіцыйныя планы па навядзенні тут парадку, стварэнні яшчэ больш прывабнага іміджу Марачоўшчыны, дзе могуць адпачываць людзі любога ўзросту, у складзе кампаніі, дзе можна праводзіць карпаратывы. 

Але аб усім па парадку. 
Цэнтрам адпачынку на бліжэйшае лета для многіх адпачываючых стане «Востраў закаханых», які знаходзіцца літаральна ў дзясятках метраў ад кавярні і ў асобнай рэкламе не мае патрэбы. Бо для маладажонаў або проста для закаханых гэты востраў – месца, дзе яны замацоўваюць свой саюз і свае пачуцці спосабам, што стаў вельмі папулярным у апошнія гады. Закаханыя набываюць замок, пішуць на ім свае імёны, замацоўваюць на “Дрэве кахання”, замыкаюць назаўсёды. Ёсць паданне, што гэтае дрэва гарантуе доўгае жыццё і гарачыя пачуцці. Рамантыка пяшчотных пачуццяў тут, на востраве, вітае ў паветры, і хто, як не маладыя, жадаюць надыхацца ім? 

– Востраў, як мы плануем, стане бягучым летам месцам масавага адпачынку моладзі: альтанкі з усімі атрыбутамі адпачынку, танцавальная пляцоўка ў цэнтры, дзіцячая пляцоўка, іншыя аксэсуары – карацей, тут будзе ўсё тое, што дазволіць зрабіць любы вечар, праведзены на беразе возера, незабыўным, – расказвае і паказвае старшыня ААТ “Мілейкі” Анатоль Комар. – Электрычнасць, трап ад кожнай альтанкі да лодкі на вадзе, мангалы… Дарэчы, мяса для шашлыкоў можна будзе набыць у нас, можна ўзяць у арэнду палаткі… І возера побач! Мы яго зарыбілі карпам, талсталобікам, белым амурам, карасём… На рыбакоў-аматараў асабліва разлічваем, тым болей, што ўлоў можна прыгатаваць адразу на месцы… Руская печ ёсць у доміку побач – можна прыгатаваць самыя розныя стравы, нават, як кажуць, плечы пагрэць на печы. 

“Фішкай” гэтага месца адпачынку можа стаць стацыянарны міні-заапарк, які тут таксама плануюць адкрыць і ўтрымліваць. Сёння некаторыя людзі ўтрымліваюць паўлінаў, цэсарак, некаторыя віды жывёл – многія гарадскія жыхары не бачылі такой прыгажосці. З цягам часу тут можа запрацаваць лазня, жадаючыя могуць заняцца і пейнт-болам. Карацей, на Марачоўшчыне ўжо і зараз можна добра адпачыць, гэта цудоўнае месца для незабыўных сустрэч, пазнавальных экскурсій і проста вясёлага актыўнага адпачынку людзей любога ўзросту. Першыя наведвальнікі ўжо высока ацанілі гэтыя магчымасці. 
Калі вы жадаеце адпачыць у гэтых мясцінах, то тэлефануйце па нумарах: 32-2-71, 8 (033) 378-60-92 (МТС). Вас чакаюць, вам тут рады!
Аляксандр ГОРБАЧ, Валерый МІСКЕВІЧ (фота).
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий